11 дзён арышту прысудзілі адміністратарцы Евангельскай царквы ў Лепелі


Валанцёрка і адміністратарка Евангельскай царквы ў Лепелі (Віцебская вобласць) Вольга Мадатава была асуджаная на 11 содняў адміністратыўнага арышту яшчэ ў кастрычніку, паведамляе ініцыятыва «Хрысціянская візія». Такое рашэнне прыняў суд Лепельскага раёну.

Асуджаная на 11 содняў у Лепелі Вольга Мадатава.
Фота: Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ! / Telegram

65-гадовую Вольгу Мадатаву затрымалі 21 кастрычніка, а праз два дні ёй прысудзілі 11 дзён адміністратыўнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» праз сацсеткі, бо абвінавачаная мела нібыта падпіску на групу з Пагоняй на аватарцы, а таксама – за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (у пратаколе згадвалася падабайка пад публікацыяй радыё «Свабода»).

Справу разбіраў так званы суддзя Дзмітрый Васюк.

«На падставе ч. 1 арт. 24.23 КаАП і ч. 2 арт. 19.11 КаАП суддзя пакараў жанчыну на дзесяць содняў паводле кожнага артыкулу. Шляхам частковага складання канчаткова вызначыў ёй спагнанне ў выглядзе арышту на тэрмін 11 содняў», – удакладняе «Віцебская Вясна».

«Хрысціянская візія» паведамляе, што Вольга Мадатава – верніца Евангельскай царквы, у мясцовай прэсе яе згадвалі як адміністратарку царквы. У Лепелі жанчыну ведаюць таксама як валанцёрку, якая дапамагала нямоглым і пажылым людзям.

Рэпрэсіі супраць святароў і вернікаў розных веравызнанняў у Беларусі не спыняюцца.

6 лістапада «Хрысціянская візія» паведамляла пра затрыманне пастара Аляксандра Плотнікава ў Чашніках Віцебскай вобласці. 3 лістапада ў Расонах затрымалі пастара евангельскай царквы «Ласка» («Благодать») Аляксандра Цырыкава. У канцы кастрычніка сілавікі затрымалі ў Новалукомлі (таксама Віцебшчына) каталіцкага ксяндза Мікалая Ліпскага. Яшчэ раней на 10 содняў кінулі за краты евангельскага пастара з Докшыцаў Барыса Лапшына (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ).

Нагадаем, што 17 кастрычніка Менскі гарадскі суд пастанавіў зліквідаваць пратэстанцкую царкву «Новае жыццё». Пасля ліквідацыі царкву пазбавілі легальнага статусу, а яе дзейнасць зрабілася незаконнай. У сярэдзіне кастрычніка «Белсат» пісаў, што рэлігійную сферу Беларусі чакае масавая ліквідацыя арганізацыяў, якім не знойдзецца месца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Тым жа, каму дазволяць працягнуць дзейнасць, варта падрыхтавацца да ўзмоцненага кантролю з боку сілавікоў і чыноўнікаў. Гаворка вялася аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў.

Hавiны
Патрыярх Кірыл заявіў, што беларусы – рускія, а рускія мусяць быць праваслаўнымі
2023.11.07 14:18

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў