У Беларусі затрымалі яшчэ аднаго хрысціянскага святара


3 лістапада ў Расонах Віцебскай вобласці міліцыянты затрымалі пастара евангельскай царквы «Ласка» («Благодать») Аляксандра Цырыкава. Пра гэта паведаміла ініцыятыва «Хрысціянская візія».

Пастар Аляксандр Цырыкаў.
Фота: Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ! / Telegram

Паводле «Хрысціянскай візіі», разам з пастарам Аляксандрам Цырыкавым затрымалі ягоную жонку. Пасля іх адвезлі ў Расонскі РАУС. Прычыны затрымання невядомыя.

Рэпрэсіі супраць святароў у Беларусі не спыняюцца. У канцы кастрычніка сілавікі затрымлівалі ў Новалукомлі (таксама Віцебская вобласць) каталіцкага ксяндза Мікалая Ліпскага, якога пасля двух содняў за кратамі аштрафавалі на Br 1850 за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Крыху раней на 10 содняў кінулі за краты евангельскага пастара з Докшыцаў Барыса Лапшына – таксама за распаўсюд (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ). У Лепелі паводле таго ж артыкулу прыцягнулі да адказнасці некалькіх евангельскіх вернікаў.

Нагадаем, што 17 кастрычніка Менскі гарадскі пастанавіў зліквідаваць пратэстанцкую царкву «Новае жыццё». Пасля ліквідацыі царкву пазбавілі легальнага статусу, а яе дзейнасць зрабілася незаконнай. У сярэдзіне кастрычніка «Белсат» пісаў, што рэлігійную сферу Беларусі чакае масавая ліквідацыя арганізацыяў, якім не знойдзецца месца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Тым жа, каму дазволяць працягнуць дзейнасць, варта падрыхтавацца да ўзмоцненага кантролю з боку сілавікоў і чыноўнікаў. Гаворка вялася аб прыняцці праекту Закону аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 18:52

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў