Румак: Можна прагназаваць, што колькасць рэлігійных арганізацыяў у Беларусі зменшыцца


У Палаце прадстаўнікоў НС у першым чытанні прынялі законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў». Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак прагназуе, што колькасць рэлігійных арганізацыяў у Беларусі зменшыцца.

Аляксандр Румак падчас абмеркавання праекту ў Палаце прадстаўнікоў. Скрын відэа: Палата представителей / Telegram

«Вядома, можна прагназаваць, што колькасць гэтых рэспубліканскіх аб’яднанняў зменшыцца, паколькі не ўсе рэспубліканскія абʼяднанні, якія маюць сёння такі статус, пацвердзяць яго, таму што асобныя рэспубліканскія абʼяднанні ў цяперашнім іх выглядзе не маюць ва ўсіх рэгіёнах нашай рэспублікі свае рэлігійныя абшчыны», – заявіў Аляксандр Румак, адказваючы на пытанне аднаго з дэпутатаў на паседжанні Палаты прадстаўнікоў.

Румак агучыў для прыкладу некаторыя лічбы. Гэтак, па ягоных словах, Беларуская праваслаўная царква мае на сёння 1733 рэлігійныя абшчыны, Рыма-каталіцкая – 500 парафіяў, Хрысціяне веры евангельскай – 525 абшчынаў. Між тым, Сведкі Еговы маюць толькі 27 абшчын, стараабрадцы – 34, пры гэтым не маюць іх ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Hавiны
Суд па справе царквы «Новае жыццё» адбудзецца 17 кастрычніка
2023.10.07 19:49

«Таму я думаю, што можна прагназаваць, што колькасць іх зменшыцца, але пры гэтым яны не страцяць статус рэлігійных абʼяднанняў, яны будуць мець статус мясцовага рэлігійнага абʼяднання», – патлумачыў Румак.

Законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў» павінен ухваліць яшчэ Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Усе рэлігійныя ўстановы, калі праект будзе прыняты, цягам года будуць абавязаныя прайсці перарэгістрацыю, а тыя, што не пройдуць, будуць ліквідаваныя. Падобны працэс ужо прывёў да ліквідацыі ў Беларусі ўсіх апазіцыйных палітычных партыяў.

Абноўлена
У Беларусі задумалі «зачыстку» рэлігійных арганізацыяў. З’явіўся адпаведны законапраект
2023.10.11 10:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў