Суд па справе царквы «Новае жыццё» адбудзецца 17 кастрычніка


Разгляд справы царквы «Новае жыццё», які мусіў прайсці 6 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе, перанесены на 17 кастрычніка, паведамляе «Хрысціянская візія».

Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пастар царквы абвесціў сямідзённы пост і малітву.

Пазоў супраць царквы 15 верасня падаў Менскі гарвыканкам, якія сцвярджае, што яна займалася экстрэмісцкай дзейнасцю і тым самым парушыла закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

У жніўні пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка быў асуджаны на 10 содняў арышту паводле арт.24.3 КаАП РБ («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»).

Неўзабаве пасля гэтага Інстаграм-акаўнт «Царква Новае Жыццё», сайт царквы Newlife.by і відэаролік «Позиция христиан церкви «Новая Жизнь» у YouTube былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Нарвежскія праваабаронцы цікавіліся ў беларускіх чыноўнікаў, навошта спатрэбілася ліквідаваць суполку вернікаў з 30-гадовай гісторыяй.

20 чэрвеня 2023 года ўлады распачалі знос будынку царквы «Новае жыццё» у менскім мікрараёне Сухарава.

14 жніўня супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ГУБАЗіК з 20-цю аўтаматчыкамі ўварваліся ў дом пастара пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі. Яны правялі ператрус, падчас якога забралі некаторыя асобнікі літаратуры, тэлефоны, ноўтбукі і ўсе носьбіты інфармацыі. Самога Вячаслава Ганчарэнку затрымалі і асудзілі да арышту.

Канфлікт уладаў і прыхаджанаў царквы «Новае жыццё» пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. Тады менскія чыноўнікі пастанавілі выселіць царкву з будынку, пераабсталяванага ў 1992-м з былога кароўніку. Вернікі адмовіліся пакідаць царкву, збудаваную за іхныя сродкі, і нават арганізавалі пост-галадаванне. Сітуацыя прыцягнула міжнародную ўвагу.

Гарадскія чыноўнікі часова адступіліся, але затым канфлікт выбухнуў зноў. Судовыя выканаўцы дасылалі лісты, праводзілі размовы, аднак вернікі не саступалі. На месцы царквы ўлады планавалі збудаваць школу.

Hавiны
Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»
2023.06.21 11:37

У лістападзе 2020 года вернікі «Новага жыцця» запісалі відэа, у якім асудзілі гвалт з боку сілавікоў, непраўдзівыя сведчанні ў судах і рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі за іхныя погляды.

17 лютага 2021 года, міліцыя і камунальныя службы проста выселілі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане вымушаныя праводзіць набажэнствы на вуліцы, на паркінгу каля забранага будынку. Улады прызналі сходы незаконнымі, вернікаў пачалі затрымліваць і штрафаваць.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў