«Хатнюю хімію» адбыць немагчыма». Гісторыя бяссоння і галадовак беларускі Рэгіны Лавор


Беларуска Рэгіна Лавор пакінула Беларусь напрыканцы красавіка, не адбыўшы да канца двухгадовы тэрмін «хатняй хіміі» (скончыўся б у лістападзе 2023 года). Бо лічыць, што «хатнюю хімію» ў Беларусі адбыць зараз амаль нерэальна. 16 траўня, калі жанчына была ўжо за мяжой, у райцэнтры Іўе прайшоў суд у справе змены яе пакарання. Але пра вынікі суду жанчына не ведае. Ужо месяц – у эміграцыі. І ёй вельмі патрэбная падтрымка беларусаў.

Рэгіна Лавор да суду ўлетку 2021 года (злева) і пасля адбывання «хатняй хіміі» ў траўні 2023 года ў Беластоку (справа). Фота прадстаўлена гераіняй

«Я тут стала плакаць. У Беларусі ніколі не плакала. А тут як толькі што – і ў слёзы. Думка нейкая ці слова – і ўжо слёзы льюцца. Ад адной думкі пра дом пачынаю плакаць. Першыя ночы ў Польшчы на таблетках правяла. А потым… зноў пачала прыслухоўвацца да машын. Ляжу і слухаю: пад’ехала машына, ляпнулі дзверцы – і мне трэба бегчы да акна…» – расказвае Рэгіна Лавор.

«Я гэтым званком жыла»

Гудзенне матору і бразгатанне дзверцаў уначы за акном – гэта гукі «хатняй хіміі», якія сталі для жанчыны сігналам трывогі: прыехалі правяраць. А яшчэ – званок у дзверы, які нельга было прапусціць, бо будзе чарговы рапарт і пакаранне. Быць напагатове штохвіліны, каб апярэдзіць правакацыю. А калі не, то міліцыянт падыходзіць увечары да дзвярэй і быццам націскае на званок, а насамрэч – не цісне: званок у доме не гучыць, гаспадыня не выходзіць – можна пісаць рапарт…

«У нас дом вялікі. Званок быў і на першым, і на другім паверсе, каб адусюль было чуваць. І я гэтым званком жыла. Спала, хадзіла ў туалет, у лазенку – гэтым званком жыла ўвесь час, каб не прапусціць прыезду», – кажа жанчына.

Рэгіне Лавор 51 год. Яна культуролаг. У 2009 годзе ў сваім родным Іўі (райцэнтр у Гарадзенскай вобласці) стварыла з нуля Музей нацыянальных культур. Раней узначальвала мясцовы цэнтр рамёстваў. Развіццю народнай культуры аддала палову свайго жыцця. А вось жа цяпер, як прызнаецца, ведае па імёнах усіх супрацоўнікаў Іўеўскага РАУСу, хоць да народнай культуры гэтыя веды не маюць ніякага дачынення.

«Так сталася», – гаворыць.

У 2020 годзе яе судзілі ў трох адміністрацыйных справах. У лютым 2021-га затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы (арт. 369 КК, «абразіла» ў сеціве іўеўскага падпалкоўніка міліцыі Андрэя Ярохіна) і прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». За «парушэнні» рэжыму адбывання пакарання Рэгіна 23 содні правяла ў ізалятары Іўеўскага пастарунку. Некалькі разоў абвяшчала галадоўкі.

Рэгіна Лавор. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

«Мы з мужам усё-такі спадзяваліся, што мне ўдасца адбыць гэты тэрмін. У мяне ён павінен быў скончыцца 25 лістапада 2023 года. Але тое, што пачалося з 31 студзеня, – гэтыя праверкі і правакацыі – было накіраванае толькі на тое, каб мяне пасадзіць. Іначай я не магу гэтага патлумачыць…» – гаворыць Рэгіна Лавор.

«Пракурор перадаў, каб паберагла сваё здароўе»

Ад апошняга, трэцяга, папярэджання, вынесенага 6 чэрвеня 2022 года (тады яе папярэдзілі, што яшчэ раз – і можа наступіць змена пакарання), Рэгіна не мела «парушэнняў» цягам аж 10 месяцаў. Была вельмі пільная, тым больш што ў кастрычніку яе прозвішча дадалі ў спіс «экстрэмістаў». Заставалася ўсяго некалькі месяцаў, каб зняць ранейшыя папярэджанні.

Але напрыканцы студзеня 2023 года пачалося, як кажа жанчына, «невядома што»: праверкі некалькі разоў на дзень (толькі ў сакавіку – 61 праверка), візіты ўначы, правакацыі. То прыедуць адзін раз на дзень, а то і шэсць разоў за вечар. Рэгіна мяркуе, што рабілася гэта па чыімсьці загадзе, які мог датычыцца ўсіх «хімікаў».

«Ну, проста «хатнюю хімію» я не ведаю, як адбыць. Гэта проста немагчыма. Або ты павінен там жыць, каля гэтых дзвярэй, увесь час, каб не прапусціць. Або, я не ведаю, зашыцца і быць ніжэй травы, цішэй вады. Ну, магчыма, тады. Але я так не магла», – кажа Рэгіна Лавор.

Спакою сваім турэмнікам яна не давала. Пісала лісты і скаргі ў Іўеўскі РАУС, УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, пракуратуру, абскарджвала ў МУС занясенне ў спіс «экстрэмістаў». І пасля чарговай правакацыі 12 красавіка атрымала чацвёртае папярэджанне і чарговыя 10 содняў.

Гэтую апошнюю «дзясятку» называе самай жорсткай. Такая дэталь: адзін з яе «вертухаяў» прызнаўся, што відэа з камеры, дзе сядзела Рэгіна, транслявалася ў рэжыме онлайн наўпрост ва ўпраўленне ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму.

«У першы дзень на верхніх ярусах ляжалі матрацы і коўдры. Мне сказалі: «Адбой, бярыце матрац і коўдру». Ну, я і ўзяла. Але а 6-й раніцы прылятае начальнік ізалятару, крычыць, раве на мяне, кляне ўсіх. Мяне з камеры выцягнулі, пачалі выкідваць цюфякі. Божа, думаю, што тут нарабілася! Усё забралі, голыя нары – больш нічога. Як супакоілася, я пагрукала ў кармушку і запыталася ў «паставога», што ж гэта было. Ён і расказаў пра онлайн-трансляцыю ў Горадню і што хтосьці па ёй пабачыў, што я спала на матрацы ды з падушкай», – распавядае жанчына.

Згадвае пра раздзяванні дагала і прысяданні, пра мышэй і блох у камеры, пра дзённыя вобшукі («Язык падыміце, вушы пакажыце») і падʼёмы два разы ўначы. Успамінае таксама пра галадоўку, якую абвяшчала, калі сядзела ў тым жа ізалятары на пачатку лютага 2022 года.

«Галадала пяць ці шэсць дзён. Я ўжо не лічыла, бо стала сапраўды блага. Я там ужо ляжала, у гэтай прыбіральні, проста галавой на ўнітазе, ванітавала мяне. Забрала «хуткая», адкропалі глюкозай і вярнулі назад», – кажа жанчына.

Рэгіна Лавор. Крыніца: prisoners.spring96.org

Трымала галадоўку і ў красавіку 2023-га, але сёлета ёй не далі ні паперы, ні асадкі, каб абвясціць галадоўку афіцыйна ды паведаміць пракурору. Перадала вусна праз вертухаяў. Адказ прыйшоў праз колькі дзён, таксама ў вуснай форме: «Пракурор перадаў, каб пабераглі сваё здароўе». Сам у ізалятар так і не прыйшоў.

«Мусіла ўцякаць басанож»

«У мяне не было ні прагулак, ні перадач. Проста была я і вось гэтыя нары», – кажа Рэгіна.

Але, як расказвае, Іўеўскі ізалятар не зусім адпавядае «сучаснай палітыцы». Меў усяго тры камеры. І не меў ні ШІЗА, ні адзіночкі. А «экстрэмістку» Лавор трэба было трымаць у поўнай ізаляцыі. Таму сядзела ў «шыкоўных умовах» – адна ў чатырохмясцовай камеры. «Як пані нейкая», – жартуе.

«Яны, я думаю, не маглі дачакацца, калі я выйду. Таму выпусцілі мяне, і я паспела зʼехаць да суду. Пры іншых умовах не ведаю, што магло адбыцца. Я адна займала цэлую камеру!» – гаворыць былая асуджаная.

«Мусіла бегчы літаральна басанож. Заплечнік і абутак у руках – мела толькі паўгадзіны да маршруткі. І нікому не магла паведаміць, што збіраюся рабіць. Мая сямʼя ўвогуле цэлы тыдзень не +, дзе я знаходжуся, куды знікла і ці жывая я», – распавядае Рэгіна Лавор.

Зараз Рэгіна ў Беластоку. Калі прыехала ўначы 29 красавіка ў незнаёмы горад і чужую краіну, не мела чым заплаціць за таксоўку да беларускага Дому дапамогі, якім у Беластоку апекавалася актывістка Алена Жаркевіч. Таксі аплацілі жыхары дому. А сустрэла ўцякачку беларуска Лёля Рудзік, знаёмая чытачам «Белсату» з гісторыі пра папяровых павучкоў.

Гісторыі
«Без павучкоў я б з’ехала з глузду». Гісторыя беларускі Лёлі, якая шукае сабе і дзеткам новы дом у Польшчы
2023.04.10 17:22

«А я ж, калі адбывала «хімію», вельмі захапілася саламянымі павучкамі, бо саломапляценнем займалася яшчэ ў Цэнтры рамёстваў. І шмат іх зрабіла. Дарыла сваім блізкім знаёмым – Вользе Севярынец і Насце Дашкевіч. Не паспела Паліне Скурко, бо давялося зʼязджаць. І вось лёс звёў нас у Беластоку з Валерыяй і яе дзеткамі. Мы ж абедзве скончылі ўніверсітэт культуры: я культуролаг, яна бібліятэкар. Так вось і сустрэліся…» – распавядае Рэгіна Лавор.

Не палітзняволеная, бо – з «хатняй хіміі»

На жаль, беластоцкі Дом дапамогі прытуліў жанчыну ненадоўга. 10 траўня гэты праект спыніў сваю дзейнасць. Рэгіне, як і іншым жыльцам, у тым ліку Валерыі з двума дзеткамі, давялося аператыўна шукаць іншае месца пад дахам і сродкі на яго арэнду. Без дапамогі іншых беларусаў было б зусім цяжка.

«Мы з Валерыяй і дзеткамі перабіраліся ў новую кватэру. Не было там ні міскі, ні лыжкі – нічога. І людзі вельмі хутка адгукнуліся. Літаральна за два дні сабралі і посуд, і электрачайнік нам перадалі, мікрахвалёўку, пыласос, стол прывезлі і ложак дзіцячы. Дапамогі было вельмі шмат ад беларусаў, якія ўжо тут жывуць. Я думаю, што ўсё паціху наладзіцца», – спадзяецца Рэгіна.

Рэгіна Лавор за вышыўкай. Беласток, Польшча. Травень 2023 года.
Фота: Лёля Рудзік

Жанчына выказвае велізарную падзяку ўдзельнікам збору, абвешчаным фондам BYSOL. Гэтыя грошы, будучая дапамога фонду «Акно на Ўсход», а таксама ахвяраванні беластоцкіх беларусаў дадуць магчымасць аплаціць арэнду жылля на наступны месяц (плата 10 чэрвеня) і пачаць папраўляць здароўе. Праз нервы, галадоўкі і бяссонне Рэгіна за апошні час страціла 8 кг. У Беластоку не пазнавала сама сябе…

«Ведаеце, нешта ў мяне то ногі адымаюцца, то рукі. То ўсё цела пачынае свярбець. З зубамі ўвогуле катастрофа. Я ў Беларусі спрабавала палячыць. Але каронкі так і не паспела паставіць – прыехала ў Польшчу проста з металічнымі штырамі ў роце», – расказвае былая асуджаная на «хатнюю хімію».

Спрабуе зараз узнавіць працу з псіхолагам, з якім працавала падчас «хіміі», і скантактавацца з Праграмай рэабілітацыі для палітычных вязняў. Але баіцца, што не трапіць у яе, бо, як аказалася, праваабарончая супольнасць афіцыйна не прызнала яе палітычнай зняволенай. У ПЦ «Вясна» «Белсату» пацвердзілі, што Рэгіну Лавор палітычнай зняволенай сапраўды не прызналі, бо «людзі, якія знаходзяцца на «хатняй хіміі», не прызнаюцца палітвязнямі».

Між тым, паводле інфармацыі, якую Рэгіна атрымала з Беларусі, 16 траўня ў Іўі павінен быў адбыцца суд па змене ейнага пакарання. Вынікаў паседжання яна не ведае (была ўжо за мяжой). Але з вялікай верагоднасцю можна казаць: калі б не зʼехала, – сядзела б ужо не на «хіміі», а ў турме.

«Трэба танчыць»

«Яшчэ тут пайшла на акцыю – я тут на ўсе акцыі хаджу – і каля ўніверсітэту пабачыла ваенных, шмат вайскоўцаў, і ваенныя машыны вялікія. І я пабегла адтуль. Разумела, дзе я і што, але ногі самі неслі прэч і сэрца калацілася так, што не суцішыць. Не ведаю, чаму я спалохалася. Як гэта так? Час, канечне, патрэбны…» – кажа Рэгіна.

Вышыўка Рэгіны Лавор.
Фота: neveragodnasc / Instagram

У Беластоку Рэгіна Лавор зноў пачала вышываць. Усурʼёз занялася беларускай традыцыйнай вышыўкай яшчэ на радзіме – вышыла дзве кашулі. Зараз думае рухацца ў гэтым кірунку, вяртацца да рамёстваў. Разам з Лерай пляце таксама павучкоў, з якіх таксама можна атрымаць капейчыну. Не грэбуе ніякай працай (напрыклад, прыбіраннем памяшканняў).

«Разумею, што трэба шукаць працу, падавацца на абарону, ісці на моўныя курсы. Стаўлю сабе мэты. А потым раз – і блытаніна ў галаве: нічога не хачу. Вось я прыехала з адным заплечнікам, прайшоў месяц, а ў мяне рэчаў не прыбавілася. Не хачу. Адзінае, чаго хачу, – гэта ўзяць заплечнік – і дадому. З такім настроем складана наладжваць тут жыццё. Але… Я тут адна. Не магу нават дакрануцца да блізкага чалавека. І гэта цяжка. І проста я… хачу дамоў», – прызнаецца жанчына.

Але ёсць рэчы, якія ратуюць.

«Я прыехала ў суботу ўначы ў Беласток, а ў нядзелю мяне пацягнулі на беларускія танцы ў хаб. І я ж гэтыя танцы ўсе ведаю. Але спачатку адчула, што мой мозг з нагамі і рукамі – у поўным разладзе.

А потым арганізм неяк раз – і выключыўся. І мае ногі і рукі пачалі рабіць тое што трэба. А мозг не ведаю, дзе быў. Трэба таньчыць, відаць», – пасміхаецца Рэгіна Лавор напрыканцы размовы.

Калі жадаеце асабіста падтрымаць Рэгіну Лавор, маральна ці фінансава, то мы маем кантакт для персанальнай сувязі – пішыце ў наш чат-бот.

Аналітыка
Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі
2023.05.28 07:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў