Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі


«Белсат» сабраў лічбы і даты, што яскрава паказваюць размах і жорсткасць рэпрэсіяў у Беларусі. Асаблівую трывогу выклікае павелічэнне колькасці палітвязняў і павышэнне жорсткасці прысудаў, што ім выносяць, а таксама ціск на іх ужо ў вязніцах.

Акцыя да Дня палітвязняў на Кафедральнай плошчы ў Вільні, Літва. 21 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Першыя зняволеныя з палітычных прычынаў у Беларусі зʼявіліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і праведзенага ім нелегітымнага рэферэндуму 1996 года. Пасля першых выбараў у 1994 годзе Лукашэнка пачаў пераслед палітычных апанентаў, і з кожным годам рэпрэсіі ўзмацняліся.

Спачатку рэжым адпраўляў палітычных апанентаў на адміністратыўны арышт, потым зʼявіліся першыя турэмныя тэрміны за палітычную актыўнасць. Трэба адзначыць, што некаторыя палітычныя апаненты Лукашэнкі ўвогуле зніклі і ёсць вялікія падставы лічыць іх забітымі. Сярод зніклых – экс-міністр МУС Юрый Захаранка, экс-старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі (усе трое зніклі у 1999 годзе), тэлеаператар Зміцер Завадскі (знік ў 2000 годзе). Іхныя лёсы, абставіны знікнення і, відаць, смерці афіцыйна не высветленыя да гэтага часу.

Аднак менавіта перыяд з траўня 2020 года ўжо ўвайшоў у найноўшую гісторыю краіны як перыяд самага жорсткага і масавага непрыкрытага адміністратыўнага і крымінальнага пераследу палітычных іншадумцаў.

Першыя вязні кампаніі-2020

6 разоў у Беларусі праводзіліся прэзідэнцкія выбары, пасля іх усе апазіцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва зазнавалі адміністратыўны і/або крымінальны пераслед. Але звычайна гэта ўжо было пасля выбараў.

1 – столькі выбараў прэзідэнта РБ былі прызнаныя легітымнымі.

Якія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызнавалі свабоднымі. Выява: Белсат

21 дзень прайшоў з моманту заявы аб правядзенні чарговых выбараў прэзідэнта, зробленай 8 траўня 2020 года, да моманту затрымання аднаго з патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва Сяргея Ціханоўскага 29 траўня 2020 года. Да гэтага Ціханоўскага затрымлівалі 6 і 15 траўня, выносілі прысуды аб адміністратыўных арыштах, пасля адпускалі. Праз затрыманне папулярнага блогера 29 траўня яму не далі зарэгістравацца кандыдатам. Замест мужа на выбары пайшла Святлана Ціханоўская. 31 траўня быў затрыманы палітык Мікалай Статкевіч, а 7 чэрвеня – палітык Павел Севярынец. Абодва падтрымлівалі Святлану Ціханоўскую і мелі вялікі досвед палітычнай барацьбы. Пазней усе першыя затрыманыя былі асуджаныя паводле сфабрыкаваных крымінальных справаў.

Ціханоўскі, Статкевіч і Севярынец – першыя палітвязні палітычнай кампаніі 2020 года.

Першыя палітвязні выбараў-2020. Выява: Белсат

41 дзень прайшоў з моманту абвяшчэння выбараў да моманту затрымання аднаго з самых сурʼёзных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда Бабарыкі.

367 179 подпісаў сабрала каманда Бабарыкі, каб вылучыць яго кандыдатам на прэзідэнцтва. Але Віктара Бабарыку не зарэгістравалі. Для параўнання, за вылучэнне Святланы Ціханоўскай было пададзена 109 479 подпісаў, а за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі афіцыйна сабралі ажно 1 958 800 подпісаў.

Пераслед удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня 2020 года

32 076 адміністратыўных інцыдэнтаў (затрыманняў, пратаколаў, ператрусаў) з палітычных прычынаў у дачыненні жыхароў Беларусі зарэгістравана праваабаронцамі «Вясны» з 1 траўня 2020 года да 23 траўня 2023 года. Усе гэтыя інцыдэнты так ці інакш звязаныя з пратэстамі супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і з грамадскай пазіцыяй прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасці асобаў.

8 асобаў, паводле неафіцыйных дадзеных, лічацца забітымі падчас пратэстаў 2020–2021 гадоў. У гэтым спісе і палітычны вязень Вітольд Ашурак, паводле непацверджаных звестак, забіты 21 траўня 2021 года ў калоніі № 17 у Шклове.

Загінулыя ў час пратэстаў. Выява: Белсат

Каля 80 асобаў зніклі без звестак у першыя дні пратэстаў. Такі лік называюць праваабаронцы.

Дакладная колькасць людзей, якіх сілавікі затрымлівалі ў сувязі з пратэстамі пасля 9 жніўня 2020 года, не ўстаноўленая. Вядома толькі, што некаторых затрыманых затым адпускалі дамоў без суда. Пры гэтым амаль усе затрыманыя сутыкнуліся з псіхічным і фізічным гвалтам, з катаваннямі і прыніжэннямі, многія атрымалі калецтвы. Паводле некаторых крыніцаў, гаворка можа ісці пра дзясяткі тысяч асобаў, якія прайшлі праз затрыманні сілавікамі ў перыяд 2020–2021 года. Аднак на гэтым ні пратэсты, ні затрыманні не спыніліся.

405 судоў паводле адміністратыўных справаў за адзін дзень было праведзена 1 сакавіка 2022 года ў дачыненні затрыманых за пратэсты. Гэта рэкорд. Папярэдні рэкорд – 342 суды – быў зафіксаваны 28 лютага 2022 года. Яшчэ ранейшы рэкорд колькасці адміністратыўных судовых працэсаў быў зафіксаваны 26 траўня 2021 года, калі было праведзена 160 паседжанняў.

49 % адміністратыўных пратаколаў паводле палітычных прычынаў былі складзеныя на падставе артыкулу 24.23 Адміністратыўнага кодэксу РБ («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Аб’ектыў
Хто дапамагае палітвязням?
2023.05.18 23:38

Колькі ў Беларусі палітвязняў

1525 асобаў афіцыйна прызнаныя палітвязнямі паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» (станам на 27.05.2023, на падставе крытэрыяў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ад 2012 года).

1774 палітвязні фігуруюць у спісе  платформы падтрымання палітзняволеных politzek.me.

1788 палітвязняў – у спісе  ініцыятывы «Dissidentby».

Колькі палітвязняў у Беларусі, станам на 27 траўня 2023 года. Выява: Белсат

Больш за 5000 палітвязняў – такі лік са спасылкаю на адвакатаў прыводзіць у сваіх выступах прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова.

Каментар
За што крытыкуюць падыход «Вясны» да прызнання палітвязнямі? Тлумачыць Касінераў
2023.05.18 19:39

Колькасць прысудаў, тэрміны зняволення

Больш за 3000 – столькі асуджаных паводле палітычных крымінальных справаў зафіксавана ў базе «Вясны» з 1 траўня 2020 да 27 траўня 2023 года.

Рэкордныя прысуды. Выява: Белсат

25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму – такое пакаранне прызначана палітыку Мікалаю Аўтуховічу. Гэта самы працяглы на сёння тэрмін зняволення паводле палітычных прычынаў.

23 гады пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму – гэта другі паводле працягласці тэрмін палітычнага зняволення. Такі прысуд вынесены аднаму з фігурантаў справы рэйкавых партызанаў Дзянісу Дзікуну.

22 гады пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага і строгага рэжыму – такі прысуд вынесены 4 асобам. Гэта рэйкавыя партызаны Уладзімір Аўрамцаў, Дзмітрый Клімаў, Дзмітрый Равіч і абвінавачаны ў спробе тэракту кіроўца экскаватара Вячаслаў Маляйчук.

21 год пазбаўлення волі – такі палітычна матываваны прысуд вынесены ў Беларусі 1 асобе. Гэта рэйкавы партызан Алег Малчанаў.

На 20 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага і строгага рэжыму асуджаныя 10 асобаў. Сярод іх – адзін са стваральнікаў «NEXTA» Сцяпан Пуціла, асуджаны завочна, бо ён цяпер не ў Беларусі.

На 19 гадоў пазбаўлення волі асуджаныя 6 асобаў. Сярод іх – Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на 19 гадоў і 6 месяцаў, і Ян Рудзік, адзін са стваральнікаў NEXTA», асуджаны завочна, цяпер ён не ў Беларусі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская не мае звестак пра Сяргея Ціханоўскага з 10 сакавіка
2023.05.12 19:40

18 гадоў пазбаўлення волі – такі прысуд маюць 3 асобы. Сярод іх – фігурант справы «атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» Вадзім Гулевіч і вайсковы капітан з Генштабу Дзяніс Урад. Такі прысуд завочна вынесены кіраўніку НАУ Паўлу Латушку, які цяпер не ў Беларусі.

17 гадоў пазбаўлення волі – такі прысуд маюць 2 асобы. У тым ліку Валерый Цапкала, яму прысуд вынесены завочна, ён не ў Беларусі.

16 гадоў пазбаўлення волі – такі прысуд вынесены 9 асобам. Сярод іх – актывіст анархісцкага руху Аляксандр Франкевіч, асуджаны на 16 гадоў 9 месяцаў.

На 15 гадоў пазбаўлення волі асуджаныя 12 асобаў. Сярод іх – дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская (завочны прысуд, яна не ў Беларусі) і блогер Ігар Лёсік.

14 гадоў пазбаўлення волі – такі прысуд маюць 13 асобаў, сярод іх – палітыкі Віктар Бабарыка і Мікалай Статкевіч, праваабаронца Марфа Рабкова (14 гадоў 9 месяцаў)

Hавiны
Статкевіча змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру, Кастусёў – у больніцы
2023.05.16 10:55

13 гадоў пазбаўлення волі – такі прысуд маюць 5 асобаў. Сярод іх – удзельнік «атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» Кірыл Ашурак, арт-менеджар Павел Белавус, рэйкавы партызан, якому прастрэлілі калені пры затрыманні, Віталь Мельнікаў, палітычны блогер Эдуард Пальчыс, журналіст Дзяніс Івашын.

На 12 гадоў пазбаўлення волі асуджаная 21 асоба. Сярод іх – 27-гадовы Вадзім Васіллеў, асуджаны паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. З такім прысудам адбываюць пакаранне кіраўніцы парталу TUT.BY Марына Золатава і Людміла Чэкіна, працаўнік Беларускай чыгункі Сяргей Дзюба. Апроч таго, такі прысуд завочна маюць адсутныя ў Беларусі спартоўцы Аляксандр Апейкін і Аляксандра Герасіменя, чальцы Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі, Марыя Мароз ды іншыя

11 гадоў – такі прысуд маюць 14 асобаў. Сярод іх – фігурант «справы змоўцаў» юрыст Юрый Зянковіч і кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

На 10 гадоў пазбаўлення волі асуджаныя 19 асобаў. Сярод іх – нобэлеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі, фігуранты «справы змоўцаў» літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і палітык Рыгор Костусеў, палітолаг Валерыя Касцюгова, даследніца Таццяна Кузіна, юрыст Максім Знак.

9 гадоў – такі прысуд маюць 13 асобаў. Сярод іх – праваабаронца Валянцін Стэфановіч і былы эксперт-крыміналіст Аляксандр Сумар.

8 гадоў – такі прысуд мае 31 асоба. Сярод іх – журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэеева), журналіст і сябра Саюзу палякаў Анджэй Пачобут, журналістка Ксенія Луцкіна, вядомыя юрысты, адвакаты, архітэктары, праваабаронцы, палітычныя і грамадскія актывісты.

Hавiны
Пастановаю суда былі знішчаныя 25 кніг з сямейнай бібліятэкі журналіста Дзяніса Івашына
2023.05.18 10:32

7 гадоў – такі прысуд маюць 33 асобы. Сярод іх – палітык Павел Севярынец, працаўніца банку Іна Глінская, стрыт-арт-мастак Дзмітрый Падрэз, юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

6 гадоў – прысуд маюць 69 асобаў, сярод іх – журналіст Дзмітрый Наважылаў, стрыечны брат Паўла Латушкі Анатоль Латушка, працаўніца банку Валерыя Глінская.

5 гадоў – прысуд маюць 110 асобаў. Сярод іх – журналістка Ірына Слаўнікава, мастак Алесь Пушкін, вайсковы аналітык Ягор Лебядок, блогер, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок, актывіст Павел Вінаградаў. На 5 гадоў быў асуджаны Вітольд Ашурак, які загінуў у турме 21 траўня 2021 года.

4 гады – прысуд маюць 147 асобаў, у тым ліку дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына.

3 гады – прысуд маюць 546 асобаў, у тым ліку актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк.

2 гады – прысуд маюць 686 асобаў, у тым ліку рэкламіст Багдан Каравец.

1 год – прысуд маюць 425 асобаў, у тым ліку экспертка ў этыкеце Аксана Зарэцкая (1,5 года). На такі ж тэрмін асуджаныя актывіст Зміцер Дашкевіч і палітык Андрэй Дзмітрыеў.

6 асобаў асуджаныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Сярод іх – удава забітага спецслужбоўцамі пры затрыманні ў Менску Андрэя Зельцара Марыя Успенская. Лячыцца ўсе гэтыя людзі будуць да ацалення – тэрмін не вызначаецца судом. Гэта можа таксама азначаць і пажыццёвае ўтрыманне.

Ціск за кратамі

3 26 красавіка (на момант выхаду публікацыі – амаль 30 дзён) няма ніякіх звестак пра месца перабывання і стан здароўя Віктара Бабарыкі. Вядома, што ён быў дастаўлены ў шпіталь у Наваполацку збітым, з пашкоджанымі рэбрамі і лёгкімі. Пасля гэтага звестак пра яго няма. Вядома, што лекары, якія яго аглядалі і ставілі дыягназ, атрымалі адміністратыўныя прысуды і цяпер іх трымаюць у ІЧУ.

Hавiны
Затрыманых медыкаў Наваполацкай больніцы, дзе лячылі Віктара Бабарыку, асудзілі на содні і штрафы
2023.05.21 00:11

Сотні дзён – так вымяраюцца тэрміны перабывання палітвязняў у ШІЗА і карцарах, куды іх змяшчаюць прыдзірлівыя турэмнікі за любую драбніцу. Апроч таго, ужо асуджаных вязняў змяшчаюць у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», пасля чаго ім забараняюць атрымліваць пасылкі і абмяжоўваюць ліставанне з блізкімі.

Мала што вядома пра лёс Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лёсіка, Марыі Калеснікавай, Дзяніса Івашына ды іншых выбітных беларускіх дзеячаў, імёны якіх ведаюць ва ўсім свеце.

Большасць палітвязняў сутыкаюцца з псіхічным і фізічным ціскам і катаваннямі падчас адбыцця тэрміну пакарання, многім адмаўляюць у лячэнні і леках. Дакладныя звесткі вызначыць амаль немагчыма, бо часам самі зняволеныя ды іхныя сваякі баяцца паведамляць пра які-небудзь ціск, абы толькі вязням за кратамі не зрабілі яшчэ горш.

Дапамога

18 арганізацыяў і фондаў сёння дапамагаюць беларусам. Як зазначае Вольга Гарбунова, гэтага недастаткова. На самой справе, выказаць салідарнасць тым ці іншым шляхам могуць усе ахвотныя. Галоўнае – не забываць, што проста цяпер тысячы беларусаў цярпяць моцны ціск за кратамі. Паводле былога палітвязня Аляксандра Кабанава, ледзь не кожная беларуская сям’я сёння мае дачыненне да палітзняволеных.

Звесткі пра палітвязняў і рэпрэсаваных можна знайсці на сайтах:

  • праваабарончы цэнтр «Вясна»,
  • платформа падтрымання палітзняволеных politzek.me,
  • праваабарончая ініцыятыва «Dissidentby».

Праз гэтыя рэсурсы можна атрымаць звесткі пра кожнага палітвязня, даведацца ягоны цяперашні паштовы адрас, адправіць паштоўку або ліст, тэлеграму, грашовы перавод, пасылку. Многія са зняволеных яшчэ застаюцца пад следствам або суды над імі толькі пачаліся, як напрыклад, над Эдуардам Бабарыкам. На гэтыя ж рэсурсы можна паведаміць інфармацыю пра рэпрэсаваных беларусаў, калі пра іх там яшчэ нічога не напісана або звесткі ўжо састарэлі.

Інтэрв’ю
Вольга Гарбунова: «Маё прадстаўніцтва цікавіць пытанне, што рэжым хоча за вызваленне палітвязняў»
2023.05.21 07:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў