«Аб’яднаць усіх валанцёраў». Размова з кіраўніцай беларуска-ўкраінскага хабу «Сустрэча» Аленай Жаркевіч


У Кіеве 11 траўня адкрыўся беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча». Цэнтр мае падтрымку ўкраінскіх уладаў, хоча аб’яднаць вакол сябе ўсіх беларускіх валанцёраў ва Украіне і за яе межамі ды адкрыць «адно акно» для гуманітарнай дапамогі ад беларусаў. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» кажа кіраўніца валанцёрскага хабу беларуска Алена Жаркевіч.

Беларуская актывістка і кіраўніца валанцёрскага цэнтру «Сустрэча» ў Кіеве Алена Жаркевіч.
Фота: Белсат

«Белсат»: Алена, віншуем з адкрыццём цэнтру. Якія ўражанні?

Алена Жаркевіч: Усё добра. Але прызнаюся, што сядзела на прэс-канферэнцыі ў Кіеве і думала, як вывезці беларусаў з Беларусі. Бо ў нас – ізноў затрыманні, і трэба людзям дапамагаць эвакуявацца, шукаць адвакатаў і гэтак далей.

«Каб маглі сказаць: гэта зрабілі беларусы!»

– Валанцёры хабу будуць займацца і гэтым?

– У тым ліку. Але найперш тым, што будзем абʼядноўваць беларусаў, якія засталіся ва Украіне, ды ствараць пляцоўку для тых, хто выехаў у іншыя краіны. Хочам зрабіць «адно акно», праз якое сюды будзе ўваходзіць уся беларуская гуманітарная дапамога. Бо калі дапамагаеш паасобку – гэта крута і добра, але – незаўважна. Калі накіруем праз адзін канал – тады зможам сказаць: вось гэта зрабілі беларусы.

Я, напрыклад, вязу зараз дапамогу ўкраінскім дзеткам-сіротам – перасяленцам, якім не хапіла месцаў у дзіцячых дамах, і іх пасялілі пад Бахмутам.  Было б супер, каб гэта мы рабілі разам – усе беларусы. Батальён «Волат» (уваходзіць у склад палка Каліноўскага) ім ужо дапамагае. Перадалі мне спіс рэчаў, якія трэба прывезці дзецям, і гэта будзе рабіць наш хаб ад імя ўсіх беларусаў супольна з украінцамі.

Натуральна, мы будзем дапамагаць беларускім добраахвотнікам, незалежна ад таго, у якім падраздзяленні яны ваююць. Але менавіта – ваююць. У нас будзе магчымасць прымаць праз нашае грамадскае абʼяднанне гуманітарку для байцоў і непасрэдна перадаваць яе ваярам. Не праз нейкія трэція рукі, а наўпрост – на фронт.

– Колькі беларускіх валанцёраў згуртавалася вакол хабу?

– Дакладна не скажу, бо мы толькі адкрыліся. Да нас плануюць далучыцца адэскія беларусы, львоўскія валанцёры, харкаўскія і тыя, хто ў Кіеве. Я думаю, што за тыдзень чалавек 70 падцягнем з тых, хто цяпер ва Украіне. Але беларусы ёсць усюды, проста не ведаюць, куды ім ісці.

– Многія з іх маюць праблемы з легалізацыяй ва Украіне…

– Мы будзем займацца лабіяваннем беларускага пытання і легалізацыяй валанцёраў. Ужо маем дамоўленасці з украінскімі ўладамі, што мы як валанцёрскі цэнтр зможам падаваць дакументы нашых валанцёраў для атрымання віду на жыхарства. Вельмі спадзяюся, што гэта будзе працаваць, а значыцца, зможам прывезці сюды беларусаў, якія раней выехалі з Украіны.

«Лукашэнка адкрывае хаб у Кіеве»

– Вас можна называць кіраўніцай хабу?

– Так. Я як кіраўніца грамадскага абʼяднання «Беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча», і Юрый Федарэнка, кіраўнік Агенцыі развіцця дэмакратыі і інфармацыйных свабодаў, – мы арганізатары хабу і ягоныя кіраўнікі. Але я мяркую, усе беларусы будуць кіраваць хабам. Бо гэта мы яго ствараем.  Актывізмам у цэнтры зоймецца беларуска Ірына Лукашэнка. На прэс-канферэнцыі гэта прагучала так: «Лукашэнка адкрывае хаб у Кіеве» (смяецца). Яна будзе нашым рухавіком, арганізатаркай імпрэзаў і акцыяў.

На ўваходзе ў беларуска-ўкраінскі валанцёрскі хаб. Кіеў, Украіна. 11 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

– Маеце ўжо памяшканне ў Кіеве. Не было праблемаў з арэндай?

– Памяшканне выдзелілі для нас украінскія ўлады, і мы за яго не плацім. Юрый Федарэнка дапамог нам яго знайсці… Бо калі шукалі памяшканне самі, то нам казалі: усё добра, але ж вы грамадзяне Беларусі, таму – выбачайце. Незразумела было, куды грукацца. Таму самае цяжкае было выйсці на чалавека, якому б я магла патлумачыць, для чаго нам гэта трэба. Юрый Федарэнка займаецца валанцёрствам з 2014 года, ён вельмі дасведчаны і ўплывовы чалавек.

І вось мы селі з ім і пагаварылі. Я патлумачыла, што беларускае пытанне не можа быць сёння закрытае ні для кога. Што беларусы – гэта не Аляксандр Лукашэнка. Што беларусы – гэта незвычайная, моцная духам нацыя, якую трэба падтрымаць.

Гутарылі і пра тое, што многія звычайныя ўкраінцы сёння не ведаюць, што адбывалася ў Беларусі, і што мы мусім нагадаць, хто такія беларусы, што адбылося ў нас, чаму мы тут, чаму мы ваюем разам з украінцамі, і чаму не маглі – гэтак, дарэчы, як і 65 тысяч украінцаў, якія жывуць у Беларусі, – спыняць танкі на пачатку вайны ў лютым 2022 года. Не таму, што не хацелі, а таму што наша краіна сёння – гэта канцлагер, таму што яна – акупаваная. І мы паразумеліся, Юрый сказаў: добра, давай будзем рабіць гэта – і даў нам памяшканне.

«Данесці наш боль да ўкраінцаў»

– Памяшканне вялікае? Як выглядае?

– Гэта двухпавярховы будынак. Вялікая прастора. Галоўная зала, склад для захоўвання гуманітаркі, кабінет для перамоваў, два кабінеты для валанцёраў.  У нас там ёсць сцяна, на якой вісяць фотаздымкі нашых палітвязняў, зняволеных за тое, што дапамагалі Украіне ў барацьбе з расейскімі акупантамі. Людзі, якія рабілі фотаздымкі вайсковай тэхнікі, выказаліся супраць вайны.  Пад кожным здымкам – подпіс: прысуджаны тэрмін і за што пасадзілі.

Гэтыя фота будуць вісець тут, пакуль не скончыцца вайна і пакуль усе людзі не вызваляцца з турмаў. Палітвязняў вельмі шмат, і ўсе перажываюць, але гэта як бы толькі наш боль.

Калі ўкраінцы прыходзяць да нас і бачаць гэтыя здымкі, чытаюць, што за лайк пад выявай украінскага сцяга кагосьці пасадзілі на пяць гадоў, – гэта іншае. Вось тады наш боль мы даносім да ўкраінцаў. Тады даводзім, што мы змагаемся, што беларусы не сядзяць склаўшы рукі, што беларусы, якія выехалі, таксама не сядзяць без справы.

У памяшканні плануем таксама праводзіць супольныя ўкраінска-беларускія вечарыны, дзе беларусы змогуць расказваць пра сваю культуру, пра мову. Будзем абменьвацца культурным досведам, паказваць, што мы вельмі падобныя.

Сцяна з фотаздымкамі палітвязняў у беларуска-ўкраінскім хабе «Сустрэча» ў Кіеве. Фота для публікацыі перадала заснавальніца цэнтру Алена Жаркевіч

Яшчэ вельмі важна сказаць, што мы адкрытыя абсалютна для ўсіх. Для ўсіх ініцыятываў, для ўсіх людзей, незалежна ад іх поглядаў, за выключэннем, вядома, прыхільнікаў так званага «русского мира».

– Наладзілі ўжо стасункі з мясцовымі ўладамі?

– Так, на адкрыцці былі прадстаўнікі міністэрстваў культуры, сацыяльнай палітыкі, дэпутаты Вярхоўнай Рады.

– А беларускі бок? Ці зацікавіліся праектам прадстаўнікі Кабінету Святланы Ціханоўскай?

– Яны паінфармаваныя, але водгуку пакуль што не было. Гэта не вельмі добра, таму што я з першых дзён вайны кажу пра тое, што не ўсе могуць пайсці ваяваць. Я, напрыклад, той чалавек, ад якога на фронце – ніякай карысці, але як валанцёр я магу зрабіць шмат. І такіх, як я, вельмі многа, і іх трэба абʼядноўваць. Я грукалася ва ўсе дзверы і казала: давайце абʼяднаем валанцёраў. Важна казаць пра вайскоўцаў, важна – пра валанцёраў і важна казаць пра палітвязняў і пра беларусаў увогуле. Бо ніводны беларус, я ўпэўненая, не падтрымвае вайну ва Украіне.

«Пачатак доўгай дарогі дадому»

– Першая імпрэза беларуска-ўкраінскага хабу «Сустрэча» запланаваная на 21 траўня. Што гэта будзе?

– У гэты дзень мы плануем правесці Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Плануем далучыць да гэтай акцыі ўкраінцаў. Нядаўна размаўляла з Вольгай Івашынай – жонкай палітвязня Дзяніса Івашына. Прасіла неяк перадаць пра акцыю ва Украіне свайму мужу. Вельмі важна, каб ён ведаў, што пра яго помняць і гавораць украінцы. Я спадзяюся, што інфармацыя пра акцыю ў Кіеве дойдзе да турмаў у Беларусі.

– Падчас нашай сустрэчы ў Беластоку вы з вялікім захапленнем расказвалі пра стварэнне гэтага валанцёрскага цэнтру. Ці можаце сказаць, што вашая мара спраўдзілася?

– Не. Таму што ў мяне толькі адна мара – вярнуцца дадому. Мне трэба быць у Беларусі. Таму гэта – толькі пачатак шляху дамоў. Я ўпэўненая, што гэты цэнтр – добрая дарога і акно магчымасцяў, каб не страціць кантактаў з украінцамі. І сёння, і ў будучыні.  Гэта важна для ўсіх – і для тых, унутры краіны, і для тых, хто за мяжой. Пачатак доўгай дарогі дадому.

– Гэта выпадковасць, што адкрыццё хабу адбылося напярэдадні меркаванага контрнаступу ЗСУ?

– Так супала, але, можа быць, гэта невыпадковая выпадковасць, калі так можна сказаць. Напэўна, наш удзел тут сёння асабліва патрэбны.

Дзейнасць дому дапамогі ў Беластоку прыпыняецца

– Як я разумею, большую частку часу будзеце праводзіць цяпер у Кіеве. Беластоцкі дом дапамогі «Пад адным дахам» застанецца без гаспадыні?..

– На жаль, дом «Пад адным дахам» зачыніўся. Усіх людзей рассялілі па іншых месцах. Закрылі яго, бо ў Польшчу вяртаюцца гаспадары дому і папрасілі нас яго вызваліць. Другая прычына – цяжкасці з фінансаваннем.

Рэпартаж
«Калі пабачыла збор, зразумела, што ўсё кепска». Хто дапаможа дому «Пад адным дахам» у Беластоку
2023.04.21 16:40

Але добрая навіна такая, што я знайшла яшчэ адзін дом у Беластоку і цяпер шукаю беларусаў, якія б заняліся гэтай справай. Бо лічу, што дом дапамогі не павінен вось так знікнуць. Да таго ж арэнда новага дому будзе ўдвая таннейшая, бо паляк, які пагадзіўся здаць яго, увайшоў у нашае становішча і ведае, чым мы займаліся і што рабілі. Так што вельмі спадзяюся, што і гэты праект неўзабаве набудзе новае жыццё.

Беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча» размяшчаецца ў Кіеве на вуліцы Ерэванскай 30. Кантакт з кіраўніцтвам хабу можна трымаць праз канал хабу ў «Тэлеграме».

Фільмы
Пад адным дахам
2023.04.26 19:01

Размаўляў Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў