«Калі пабачыла збор, зразумела, што ўсё кепска». Хто дапаможа дому «Пад адным дахам» у Беластоку


Пабывалі ў Беластоку – спраўдзілі, ці ўтульна жывецца пад адным дахам беларусам і ўкраінцам у доме, які год таму адкрыла ў горадзе беларуская актывістка Алена Жаркевіч. «Жывём адной сям’ёю», – кажуць яго жыльцы. Але дом дапамогі можа знікнуць, калі сам не атрымае дапамогі і фінансавага падтрымання…

Дом дапамогі «Пад адным дахам». Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З цэнтру гораду на ўскраіну Беластоку едзем на таксоўцы. Ідзе дождж. Менавіта ідзе, а не падае, як гэта звычайна дзеецца ў Польшчы. Блізкасць Беларусі тут адчуваецца фізічна: адным дажджом палітыя.

«Мы з сям’ёй у цэнтры гораду здымаем трохпакаёўку за 2,5 тысячы злотых. Няма праблемаў. Так што бяжыце сюды з вашай Варшавы», – раіць таксіст Сяргей, які выехаў з сям’ёй з Горадні ў 2021 годзе.

Вярнуцца ў Беларусь ён не можа. Але і ўглыб Польшчы ці Еўропы рушыць не збіраецца. Каля мяжы з радзімай – утульней. Быццам пад адным дахам…

Чалавек-дом Алена Жаркевіч

Дом дапамогі, які ў траўні 2022 года адкрыла ў Беластоку неўтаймоўная беларуска Алена Жаркевіч, пазнаем адразу. На фасадзе – тры нацыянальная сцягі: Беларусі, Польшчы, Украіны. Дзверы не замкнёныя. У вітальні – павярхоўка, застаўленая абуткам. І цішыня. Праз хвіліну абдымаемся з гаспадыняй.

«Ой, ведаеце, вы трохі на зацішша трапілі. У нас тут хвалямі: бывае ціха, а бывае, што дзясятак дзяцей адначасова ў доме. Ага, і ўкраінскіх, і беларускіх. Вось тады гучна бывае», – смяецца Алена Жаркевіч, частуючы нас чорнай кавай.

Беларуская актывістка Алена Жаркевіч. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У верасні 2021 года ў матэрыяле «Белсату» пра дом-гостэл, які арганізавала Алена ва Украіне, яна назвала сябе «чалавекам-вакзалам». Але калі размаўляеш з ёй за вялікім круглым сталом, пасёрбваючы каву, разумееш, што не, не чалавек-вакзал – чалавек-дом. Яна ўвасабляе ідэю дому. Носіць яе пад сэрцам і песціць. Нават калі фізічна ўдома яе няма.

«Я насамрэч жыву зараз паміж дзвюма краінамі – Польшчай і Украінай. А сэрца маё ў Беларусі», – кажа Алена Жаркевіч.

Тыдзень у Беластоку – тыдзень у Кіеве. Такі рэжым. Паездкі ва Украіну звязаныя з тым, што Алена як валанцёрка пераганяе ва Украіну аўты для байцоў ЗСУ. Аўтамабілі пад замову вайскоўцаў купляюць у Польшчы або Літве за грошы саміх байцоў ці сабраныя праз краўдфандынг. Адсюль загружаныя «гуманітаркай» аўты едуць на фронт.

Перагонам займаецца група ўкраінскіх валанцёраў, якія начуюць у беластоцкім доме. Але часта Алена сама сядае за стырно. Кажа, што такім чынам перадалі ЗСУ каля 100 аўтамабіляў. Апроч таго, Алена Жаркевіч ажыццяўляе ва Украіне, на ейную думку, вельмі важны праект, пра які скажам крыху пазней. Вернемся ў дом.

«Што далей? Я не ведаю…»

Дом «Пад адным дахам» Алена Жаркевіч адкрыла ў Беластоку адразу пасля пераезду з Украіны – у траўні 2022 года. Цягам двух месяцаў пасля пачатку расейскага ўварвання дапамагала эвакуяваць іншых людзей (і гэта ўжо іншая цікавая гісторыя). Дом у Беластоку стаўся спадкаемцам і ідэйным працягам кіеўскага праекту.

Беларуская актывістка Алена Жаркевіч і былая палітзняволеная Кіра Баяранка ў доме «Пад адным дахам». Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як сцвярджае гаспадыня, яна ніводнага разу не скарысталася сродкамі фондаў, каб утрымліваць дом, ні разу не абвяшчала збораў. Да канца 2022 года арэнду дому – 1000 еўраў на месяц – аплачваў ейны добры знаёмы беларус. Але апошнія чатыры месяцы Жаркевіч плаціла за арэнду са сваёй кішэні. Дала рады, але было цяжка. Таму напрыканцы сакавіка на рэсурсе zrzutka.pl абвясціла збор: 10 600 злотых былі сабраныя за пяць дзён.

«Прычым – без рэкламы і публікацыяў у СМІ. Мне беларуска адна пазваніла і кажа: «Лена, я, калі пабачыла збор, зразумела, што ўсё кепска…» – дзеліцца Алена Жаркевіч.

У доме-гостэле ў Кіеве Алена дала прытулак 500 беларусам, праз дом у Беластоку прайшло ўжо, як мінімум, 200 чалавек. Арэнда «Пад адным дахам» каштуе 5000 злотых, з камуналкай – 5750.

«Што далей? Я не ведаю. Я напісала і падала заяўку ў фонд Маршала, дапамагае шукаць фінансаванне і актывістка Наста Базар. Звярталіся і да Офісу Святланы Ціханоўскай. Калі ў траўні не будзе дапамогі, наш дом можа перастаць існаваць. Але я спадзяюся, што нейкім чынам праблема развяжацца, бо робім вельмі важную справу», – кажа Алена Жаркевіч.

Лёля са сваймі дзецьмі ў Доме дапамогі «Пад адным дахам» у Беластоку, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Са шкадаваннем зазначае, што ейны ранейшы разлік на тое, што за дом змогуць плаціць талакой самі жыльцы, пакуль што не спраўдзіўся. Хаця б з той прычыны, што многія людзі трапляюць сюды без гроша ў кішэні. Таксама яна вельмі спадзяецца на фінансавае падтрыманне ад былых жыльцоў, якія ўжо паспелі наладзіць жыццё і знайсці працу.

«Я патыліцай – там, дома…»

Экскурсію па доме ладзіць для нас беларуска Святлана (імя змененае), якая разам з мужам і сабакам месяц таму прыехала ў Беласток з Кіева. Паказвае вялікую гасцёўню (яна ж – гульнявая прастора для дзетак). Кампʼютар, тэлевізар, канапа, дзіцячыя малюнкі, кніжная палічка. На ёй – «Кнігі Якубавы» Вольгі Такарчук і «Sapiens» Юваля Гарары. На падлозе вялікія бела-чырвоныя пуфы.

«Я на іх у бамбасховішчах спала ў Кіеве. Цяпер сюды забралі», – кажа Святлана.

Жанчына тлумачыць, што яны з мужам, нягледзячы на вайну, не хацелі выязджаць з Украіны: «Калі на месцы знаходзішся – не так страшна». Але ў Святланы скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. Іншага выйсця не было. У Польшчы падаліся на карту часовага побыту, шукаюць сталае жыллё.

Назар – сын актывісткі Алены Жаркевіч. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На першым паверсе – кухня з вялікім балконам, купальня і пакой, дзе жыве Алена Жаркевіч з сынам Назарам. На другім (крутая лесвіца) – яшчэ адна купальня і пяць пакояў. У адным з іх за дзень да нашага прыезду пасялілася беларуска Лёля са сваймі дзецьмі Цімафеем і Міраславай. Тут жа яна робіць сваіх павучкоў.

У пакоі побач нас сустракае Маргарыта (імя змененае). Яна ўжо на пенсіі. Прыехала ў Польшчу праведаць сына – былога палітвязня – ды ўнукаў. Сын угаварыў яе падацца тут на карту часовага побыту, каб гасцявала ў іх часцей. Цяпер чакае выніку разгляду. Паўтара тыдня жыла разам з сямʼёй сына ў малой кватэрцы і адчула, што прыносіць дыскамфорт. На Дні Волі пазнаёмілася з Аленай Жаркевіч, якая і прапанавала ёй пакойчык у сваім доме. Сваю гісторыю расказвае па-беларуску. Настолькі шчыра, што ледзь стрымліваеш слёзы. Нашыя беларускія маці…

«Можа, таму, што ва ўзросце такім, але вельмі цягне дадому. Дрэнна ўспрымаю чужыну. Я патыліцай – там, дома, і ўсё. Прыемна, калі выходзіш і чуеш нашую мову, трасянку нашую. Усё зразумела мне, і ўсё сваё. І нават кветкі, якія тут цвітуць, – ну гэта ж не нашыя кветкі! Яны іншыя трохі, і мяне нічога не цешыць. І я нібыта павісла зараз у прасторы і часе і не ведаю, чым усё скончыцца», – гаворыць Маргарыта.

На стале ў ейным пакойчыку ляжыць кніжка Уладзіміра Арлова «Каханак яе вялікасці» і падручнік польскай мовы. На сцяне – карціна з назвай «Блакітнае мястэчка з аўтамабілямі». Вельмі падобнае да беларускага. Але – не нашае…

Былая палітзняволеная Кіра Баяранка ў доме «Пад адным дахам». Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Былая палітзняволеная Кіра Баяранка жыла ў доме Алены яшчэ ў Кіеве, а потым – каля трох месяцаў у беластоцкім доме. Цяпер разам з мужам яна здымае жыллё самастойна. Але Кіра прыязджае сюды дагэтуль, як дадому. Бо «Пад адным дахам» – гэта яшчэ і прастора для камунікацыі.

«Тут атмасфера сямʼі. Ведаеце, пасля пачатку вайны большасць жыхароў дому складалі ўкраінцы. Дом адкрыты для ўсіх. І хтосьці казаў, што беларусы з украінцамі не ўжывуцца. Але гэта аказалася не так. Многія не ведалі, што ў нас адбывалася, а тут яны размаўлялі з палітвязнямі і разумелі, што да чаго, разумелі, што мы супраць вайны», – расказвае Кіра Баяранка.

«Украінцы шкадуюць беларусаў больш за сябе»

З украінцам Антосем знаёмімся ўжо ўвечары. Акуляры, барада, яркія шкарпэткі. Адзін з тых валанцёраў, хто прыганяе да Алены машыны для фронту. Начуе і зʼязджае ў Варшаву. Нешматслоўны айцішнік. Але ягоная гісторыя вартая асобнай публікацыі (неўзабаве распавядзем яе на нашым сайце).

Антось, украінскі валанцёр. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Не адчуваеш няўтульнасці ў атачэнні беларусаў?» – пытаемся.

«Не, ніякай няёмкасці, ніякай дысгармоніі. Я тут, у Беластоку, камунікую хіба толькі з беларусамі», – прызнаецца Антон.

Гаспадыня дому, якая прысутнічае пры размове, усміхаецца і кажа, што за ўвесь час сумеснага жыцця беларусаў і ўкраінцаў не здарылася ніводнага «нацыянальнага» канфлікту.

«Тыя ўкраінцы, якіх ведаю я, шкадуюць беларусаў больш за сябе. Быў такі выпадак, што тут жыў адзін украінец з Марыупалю. Праз усё прайшоў, а тут неяк падыходзіць да мяне і кажа: «Ваш Бацька такі маладзец». – «Дык ён ракеты на тваю краіну кідае, калі што», – тлумачу. Не ведаў пра гэта, аказалася. А потым зʼехаў у Амерыку і, калі развітваліся, плакаў: «Леначка, я ў сваю краіну магу паехаць і зараз, і заўтра, а вы – незразумела калі, а ў вас і вайны няма – і бяда такая», – расказвае Алена і прызнаецца, што ў статыстыку, паводле якой 80 % украінцаў негатыўна ставіцца да беларусаў, абсалютна не верыць. Кажа, што гэта хлусня.

Едзем з ёй «на закупы» ў мясцовую краму «Бедронка». Напакоўвае прадуктамі два вялізныя кашы: макарона, цукар, гарбата, садавіна і г. д. На ўсю вялікую сямʼю. Харчуюцца ў доме звычайна за адным сталом. Калі жыльцоў шмат – скідваюцца «на кухню» па 100 злотых на тыдзень. Як пазней заўважыць украінец Антось, тут «кожны адзін аднаго корміць». Нацыянальныя кухні і традыцыі паміж сабой не канфліктуюць. Наадварот, украінцы здзіўляюцца, як у Алены Жаркевіч выходзіць гатаваць боршч смачнейшы, чым на іхнай радзіме.

Беларуская актывістка Алена Жаркевіч. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Хіба што наш беларускі халаднік ім не зайшоў. Але гэта быў адзіны выпадак, калі не супала», – смяецца Алена Жаркевіч.

З Беластоку – у Кіеў. У чаканні адкрыцця валанцёрскага цэнтру

Алена распавядае, што ўжо заўтра імчыць у Кіеў, дзе стварае беларускі валанцёрскі цэнтр. Магчыма, ён будзе мець такую ж назву, як і дом у Беластоку, – «Пад адным дахам».

«Пра полк Каліноўскага ўсе ведаюць, і яны малайцы, героі. Але беларусаў, якія дапамагаюць Украіне па-іншаму, амаль няма ў публічнай сферы. І гэта няправільна. Таму я хачу, каб быў адзін валанцёрскі цэнтр, каб гэта было бачна і публічна, каб усё сцякалася ў адну гісторыю і мы маглі гучна пра гэта заявіць. Бо беларусы робяць насамрэч вельмі і вельмі шмат для Украіны», – тлумачыць Алена Жаркевіч.

Яна думае, што афіцыйнае адкрыццё беларускага валанцёрскага цэнтру ў Кіеве можа адбыцца ўжо ў красавіку. Але ў гэтым жа месяцы трэба вырашыць і фінансавыя праблемы дому ў Беластоку. Уцекачоў з Украіны цяпер паменела. Людзей жа з Беларусі менш не становіцца. Ім трэба на чужыне падтрыманне і прытулак.

Калі ранкам вяртаемся ў Варшаву, у Беластоку пачынаецца сапраўдная вясна. За спінай застаецца горад, у крамах якога прадаюць звычайнае сала, а ў сталоўках кормяць беларускай бабкай. Блакітны горад з аўтамабілямі, палітым з Беларуссю адным красавіцкім дажджом. Зʼязджаць з якога не хочацца…

Гісторыі
«Без павучкоў я б з’ехала з глузду». Гісторыя беларускі Лёлі, якая шукае сабе і дзеткам новы дом у Польшчы
2023.04.10 17:22

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў