Эканамічны суд Беларусі зліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа


Пазоў аб ліквідацыі выдавецтва падало Міністэрства інфармацыі Беларусі. Разгляд справы распачаўся яшчэ 2 траўня. 10 траўня было прынятае рашэнне – ануляваць пасведчанне выдавецтва аб рэгістрацыі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Кнігі выдавецтва «Зміцер Колас».
Фота: Выдавец Зміцер Колас Zmicier Kolas Publisher / Facebook

Як вынікала з анонса працэсу, у сваім пазове Міністэрства інфармацыі настойвала на «прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання» у асобе індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа. Пры гэтым у матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы.

У працэсе судовага разбору высветлілася, што фармальнай падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў ««Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». У выходных дадзеных выдаўцом пазначаны Зміцер Колас, на якога заднім чыслом «павесілі» парушэнне забароны на распаўсюд.

Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гарадзенскай вобласці.

Прызначаны на працэс суддзя Аляксей Русецкі не стаў пярэчыць заяўніку ў асобе Мінінфарму і пазоў задаволіў. Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў у выдавецкай сферы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць. Праўда, ёсць яшчэ час, каб падаць апеляцыю і тым самым адтэрмінаваць уступленне прысуду ў сілу – засталіся ўзятыя раней абавязкі на выпуск шэрагу кніг.

На пачатку сакавіка Змітра Коласа затрымлівалі разам з друкаром Алегам Сычовым і 10 дзён пратрымалі ў СІЗА КДБ.

Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Бацька Георгій – літаратар і тэатральны крытык, старэйшы брат Уладзімір – педагог, рэжысёр-кінадакументаліст.

Пасля заканчэння перакладчыцкага факультэту Інстытуту замежных моваў Зміцер Колас працаваў паводле кантракту ў Алжыры і Сірыі, па вяртанні вёў спецыяльны курс у інстытуце, дзе сам навучаўся.

У канцы 1980-х гадоў засяродзіўся на выдавецкай справе – агулам у гэтым бізнесе ён амаль 35 гадоў.

Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах.

«Зміцер Колас» – не першае беларускае выдавецтва, зліквідаванае ўладамі апошнім часам. У красавіку 2022 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Медысонт». Неўзабаве Мінінфарм прыпыніў дзейнасць выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор», а таксама «Галіяфы». У студзені 2023 года права выдаваць кнігі ў Беларусі было пазбаўленае і выдавецтва «Янушкевіч». Да таго ж, «Белкніга» скасавала дамовы на распаўсюд з незалежнымі выдавецтвамі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў