Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль распавёў у інтэрв’ю швейцарскаму выданню Watson пра сітуацыю з правядзеннем чэмпіянату свету ў Беларусі ў 2021 годзе.
Прэзідэнт хакейнай федэрацыі падкрэсліў, што 12 студзеня даў зразумець, што «чэмпіянат свету будзе немагчымы без змянення палітычнай сітуацыі ў краіне».
«Мы перадалі паведамленне пра тое, што з правядзеннем чэмпіянату ў гэтай палітычнай сітуацыі мы маем праблемы з Захадам. Мы ведалі, што шанец нешта змяніць складае, можа, 1 %. Але калі ён ёсць, то варта паспрабаваць», – сказаў Рэнэ Фазэль.
Хакейны функцыянер таксама заявіў, што ягоныя абдымкі на фота і відэа з Аляксандрам Лукашэнкам ніякім чынам не абазначаюць згоды з палітычнаю сітуацыяй у Беларусі. Паводле яго, гэта была проста сустрэча двух людзей, якія ведаюць адно аднаго 20 гадоў.
Кіраўнік МФХ адзначыў, што фота рабіліся толькі для ўнутранага карыстання.
Раней Фазэль заявіў, што хацеў выкарыстаць асаблівыя дачыненні з Аляксандрам Лукашэнкам, «каб зрабіць нешта добрае».
МГ, belsat.eu