Аляксандр Лукашэнка ў Стоўбцах 8 снежня пракаментаваў учорашняе рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту аб адхіленні членаў НАК Беларусі ад Алімпіядаў.
Словы Лукашэнкі цытуе канал «Пул першага»:
«Трэба нам звярнуцца ў суд. Хай Бах і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну бараню?! Удзелу ў гэтых імпрэзах я 25 гадоў не прымаў, перажыву і далей. Але вы што, сабралі ўсе краіны і прынялі рашэнне?? І добра я, навошта дзяцей чапаеце? Няма справядлівасці ў свеце. Калі ты справядлівую палітыку выбудоўваеш – будзеш ворагам».
Учора Міжнародны алімпійскі камітэт наклаў на Лукашэнку і НАК Беларусі санкцыі, часова адхіліўшы чальцоў алімпійскага камітэту Беларусі ад удзелу ў Алімпіядах.
Забарона тычацца і Алімпійскіх гульняў у Токіа, якія пройдуць у 2021 годзе. Таксама стала вядома, што МАК вырашыў прыняць часовыя меры ў адносінах да НАК Беларусі.
Яны прадугледжваюць:
Забарона на ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах МАК, уключаючы Алімпіяду, тычацца ўсіх членаў выканкаму НАК. Туды ўваходзіць і Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, які займае пасаду першага віцэ-прэзідэнту НАК.
Аляксандра Герасіменя, кіраўніца фонду спартовай салідарнасці, пракаментавала санкцыі МАК.
«Мы дамагліся аднаўлення правоў спартоўцаў, спартоўцаў, якія спакутавалі за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Цяпер спартоўцы, выключаныя і звольненыя са зборных, здолеюць узяць удзел у міжнародных спаборніцтвах. А чыноўнікі, якія наплявалі на іхныя правы, будуць пакараныя», – напісала яна ў сваім Instagram.