Расследавальнікі абвінавацілі членаў сям’і Лукашэнкі ў датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей


Беларускі расследавальніцкі цэнтр вызначыў арганізатараў і ўдзельнікаў вывазу ў нашую краіну дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Да гэтага датычнае атачэнне Лукашэнкі і члены ягонай сям’і. Кіруе працэсам паралімпіец Аляксей Талай.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 3 красавіка 2023 года.
Фота: talai_fond / Instagram

БРЦ абнародаваў расследаванне пра вываз у Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. У Менску кажуць, што ладзяць для школьнікаў адпачынак і аздараўленне. У Кіеве гэта называюць незаконнай дэпартацыяй.

Менавіта за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Беловай.

Каментар
Вольга Карач: Да выдачы ордару МКС у дачыненні да Лукашэнкі яшчэ далёка, але справа ідзе
2023.07.27 21:15

Кіруе працэсам вывазу дзяцей у Беларусь паралімпіец Аляксей Талай. У сакавіку сёлета ён асабіста папрасіў сталы камітэт гэтак званай Саюзнай дзяржавы дапамагчы з перавозкаю школьнікаў з малазабяспечаных сем’яў і сіротаў з «ДНР» ды «ЛНР».

«Менавіта пад кіраўніцтвам Талая ў нашай краіне ўкраінскіх дзяцей забаўляюць, апекуюць і ідэалагічна апрацоўваюць», – адзначаецца ў расследаванні БРЦ.

У арганізацыі імпрэзаў для ўкраінскіх дзяцей бярэ ўдзел сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый. Прарасейская актывістка Вольга Волкава, якая вядзе Instagram пад мянушкаю Вольга Падгайная, дзякавала асабіста яму і тым, хто «напаўняе кожны дзень перабывання дзяцей цяплом і клопатам».

Таксама ў гэтым удзельнічае сваяк Лукашэнкі-сярэдняга Уладзімір Кулакоў. Ягоны бізнес-партнёр Мікалай Зарубіцкі, старшыня «Патрыётаў Беларусі» ды ініцыятар праўладных аўтапрабегаў, імаверна, таксама датычны да таго, што адбываецца з дзецьмі.

Hавiны
Прадстаўнік Украіны ў ААН: Больш за 3000 дзяцей вывезлі ў Беларусь «на аздараўленне»
2023.07.27 16:12

Акрамя таго, з украінскімі падлеткамі працуюць крымінальнікі, высветлілі расследавальнікі. Напрыклад, сябра Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і супрацоўнік фонду Талая Яўген Назарэвіч, які ў 2002 годзе быў асуджаны на папраўчыя работы за збіццё жанчыны, і пісьменнік Мікалай Гаўрылаў, які дапамагае таму ж фонду Талая. Мужчыну прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за крадзеж грошай з ужываннем гвалту.

Каментар
Кіраўніку беларускага Чырвонага Крыжа прыгразілі трыбуналам за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей
2023.07.19 19:20

Перавозку ўкраінскіх дзяцей аплачваюць з бюджэту «Саюзнай дзяржавы». Пры гэтым арганізацыя Талая атрымлівае дапамогу ад расейскіх чыноўнікаў і нават прыватнага спонсара. Расследавальнікі высветлілі, што бізнесовец з Камчаткі Мікалай Гінц перадаў фонду сядзібу Раманавых ля Барысава.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 07:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў