«Украіна будзе падтрымліваць супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі». Павел Латушка – пра перамовы ў Кіеве


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка распавёў «Белсату» пра вынікі перамоваў у Кіеве. Палітык сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком, прадстаўнікамі Генпракуратуры, з камандаю ўкраінскага омбудсмана. «Важная выснова, якую можна зрабіць, – Украіна будзе падтрымліваць супрацу перадусім з шырокім колам дэмакратычных сілаў Беларусі», – адзначыў Латушка.

Павел Латушка на прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Варшаве. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка 30 траўня прыехаў у Кіеў з працоўным візітам. Напярэдадні ён перадаў прадстаўнікам Генпракуратуры Украіны доказы ваенных злачынстваў, учыненых уладамі ў Менску ў дачыненні ўкраінскіх дзяцей, якіх прывозяць у Беларусь з акупаваных тэрыторыяў.

У каментары «Белсату» Латушка адзначыў, менавіта гэтае пытанне было галоўнай тэмай сустрэчы.

«Мы дамовіліся, што дадаткова мы прапрацуем менавіта юрыдычныя моманты, звязаныя з арганізацыяй злачынстваў у рамках гэтак званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Асобна мы прысвецім нашую працу ідэалагічнай апрацоўцы ўкраінскіх дзетак у Беларусі з элементамі мілітарызацыі, што ажыццяўляюць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі. Фактычна размова была пра тое, што яшчэ дадаткова мы можам зрабіць дзеля расследавання ўкраінскага боку», – распавёў палітык.

Акрамя таго, адбылася сустрэча з камандаю ўпаўнаважанага ў правах асобы, пасля якой омбудсман Дмытро Лубінец заявіў: «Мы маем пацвярджэнне, што і ўкраінскія дзеці, і цывільныя закладнікі, і ваеннапалонныя былі гвалтоўна перамешчаныя праз тэрыторыю Беларусі пры непасрэдным удзеле ўладаў Беларусі».

«Гэта вельмі важная заява. Мы разумеем, што нашыя матэрыялы – дадатковы элемент у крымінальных справах, што заводзяцца ў дачыненні рэжыму. Мы маем агульную мэту: перадаць матэрыялы ў Міжнародны трыбунал у Гаазе дзеля таго, каб ён выдаў ордар на арышт Лукашэнкі», – сказаў Павел Латушка.

Hавiны
У Беларусі пабылі на «аздараўленні» больш за 3 тысячы дзяцей з Данбасу
2023.05.31 15:23

Сёння ж старшыня НАУ сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком. Ізноў жа абмяркоўвалася сітуацыя з украінскімі дзецьмі, а таксама іншыя злачынствы, што здзяйсняюцца пад шыльдаю гэтак званай Саюзнай дзяржавы.

«Роля Саюзнай дзяржавы ў рыхтаванні агрэсіі, у рэалізацыі агрэсіі з тэрыторыі Беларусі пад прыкрыццём гэтак званай Саюзнай дзяржавы, незаконнае перамяшчэнне дзяцей пад шыльдаю Саюзнай дзяржавы і ядравая зброя, што завозіцца ў Беларусь. І таксама гэта ажыццяўляецца менавіта пад шыльдаю Саюзнай дзяржавы. Гэта асобная тэма, што была абмеркаваная падчас гэтай сустрэчы», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Паводле Латушкі, ён атрымаў ад Падаляка запэўніванні, што Кіеў не камунікуе з афіцыйным Менскам:

«Для мяне, беларускага палітыка, было вельмі важным гэта пачуць з вуснаў прадстаўніка Офісу прэзідэнта Украіны. Важная выснова, якую можна зрабіць, – Украіна будзе падтрымліваць супрацу перадусім з шырокім колам дэмакратычных сілаў Беларусі».

Hавiны
Павел Латушка сустрэўся з дарадцам Офісу прэзідэнта Украіны
2023.05.31 22:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў