У Польшчы затрымалі яшчэ трох асобаў за шпіянаж на расейскія спецслужбы


У апошнія некалькі дзён Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы выявіла яшчэ трох чалавек, якія дзейнічалі ў межах шпіёнскай сеткі, якая працавала на Расею. Пра гэта паведаміў намеснік каардынатара міністра спецслужбаў Станіслаў Жарын, перадае агенцтва PAP. Ён таксама дадаў, што справа развіваецца і патрабуе далейшых дзеянняў.

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
Фота: abw.gov.pl

16 сакавіка стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы разграміла шпіёнскую сетку, якая дзейнічала на Расею. Служба ўнутранай бяспекі затрымала дзевяць замежнікаў, якіх падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі. Цяпер стала вядома пра затрыманне яшчэ трох чалавек. Паведамляецца, што яны вялі выведную дзейнасць супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсійныя акты на замову расейскай выведкі.

На гэты момант у справе арыштаваныя 12 чалавек.

«Гаворка ідзе пра людзей, якія дзейнічалі ў складзе групы, якой кіруюць расейскія спецслужбы. Яны выконвалі канкрэтныя задачы ад імя расейскіх спецслужбаў, якія ёсць часткаю тыпова выведнай дзейнасці, а таксама і прапаганды. Гэта цэлая сетка людзей, якім было даручана збіраць інфармацыю аб маршрутах і перавозах, якія датычаць Украіны, але гэтыя людзі таксама распаўсюджвалі канкрэтны кантэнт, замоўлены расейскім бокам, які ёсць часткай бягучага парадку дня актыўнай прапагандысцкай дзейнасці супраць Польшчы», – адзначыў Станіслаў Жарын (Stanisław Żaryn).

Намеснік міністра-каардынатара спецслужбаў падкрэсліў, што гэтая справа, безумоўна, патрабуе развіцця і далейшых дзеянняў.

Раней паведамлялася, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну польскія службы затрымалі ўжо 20 чалавек, якіх падазраюць у супрацы з расейскай або беларускай выведкай. Так, 15 сакавіка ў Польшчы заявілі аб раскрыцці шпіёнскай сеткі, якая збірала інфармацыю аб перавозах зброі ва Украіну праз мноства ўсталяваных камераў відэаназірання і рыхтавала дыверсіі на чыгунцы. У выніку было затрымана дзевяць чалавек, сярод якіх трое беларусаў.

Пазней беларускія прапагандысты назвалі іх прозвішчы – гэта 29-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха, 18-гадовая Марыя Мядзведзева і 52-гадовы Мікалай Маскаленка. Яны арыштаваныя на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў.

Hавiны
«Sputnik»: Менск запытаў у Варшавы доступ да затрыманых беларусаў, што падазраюць у шпіянажы
2023.03.23 14:27

Таксама на пачатку сакавіка ў Польшчы затрымалі мужчыну, якога абвінавачваюць у працы менавіта на беларускія спецслужбы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў