Мінус 550 абаронцаў. З 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася на чвэрць


Цяпер у Беларусі налічваецца 1650 адвакатаў супраць 2200 на пачатак 2020 года. Гэтыя лічбы прыводзіць у сваім аглядзе праект «Права на абарону». Такім чынам, за тры гады колькасць адвакатаў у краіне скарацілася на 550, або на чвэрць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Толькі ў 2022 годзе 74 адвакаты былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, што на 26 больш, чым у 2021 годзе, і на 53 адвакаты больш, чым у 2020 годзе. Усяго за год было выключана 27 адвакатаў; больш за ўсё – у Менскай абласной калегіі адвакатаў (13) і Менскай гарадской калегіі адвакатаў (9). Трох адвакатаў выключылі з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў, па адным – з Віцебскай і Гомельскай.

Дысцыплінарныя вытворчасці пачыналі ўсе тэрытарыяльныя калегіі адвакатаў на падставе праверак, скарг грамадзянаў, загадаў Міністра юстыцыі і лістоў дзяржаўных органаў. Пры гэтым, як адзначаецца, калегіі адвакатаў не абаранялі сваіх сяброў, а наадварот, з фармальных прычынаў пазбаўлялі іх права на прафесію. У выніку «некаторыя кансультацыі застаюцца ўвогуле без адвакатаў, а людзі – без юрыдычнай дапамогі», адзначае «Права на абарону».

Hавiны
Мінюст патрабуе ад адвакатаў паведамляць пра звароты замежных грамадзянаў
2023.03.29 15:59

Праект прыводзіць таксама прыклады таго, за што і як каралі ў Беларусі летась адвакатаў. Гэтак, большасць вядомых дысцыплінарных спагнанняў была накладзена за «правіны», «якія маюць, хутчэй, тэхнічны характар і ніяк не ўплываюць на якасць юрыдычнай дапамогі, напрыклад, адсутнасць у ордары даты аказання юрыдычнай дапамогі або наяўнасць у ордары неабумоўленых выпраўленняў». Або адвакат проста не перакрэсліў нявыкарыстаны ордар. Таксама прыцягвалі адвакатаў за адсутнасць подпісу ў дамове з кліентам (пры адсутнасці прэтэнзіяў кліента), і за адсутнасць подпісу адваката ў часопісе ўліку ордараў. Хоць часам апісанні «сапраўды» падобныя да парушэння правілаў прафесійнай этыкі адваката.

Але пры гэтым ёсць і «выпадкі, калі абгрунтаванасць прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці выклікае сур’ёзныя сумневы». Гэтак, адвакатаў звальнялі за выказванні, якія «насілі некваліфікаваны, нетактоўны і некарэктны характар», або якія падавалі заяву пра адвод суддзі. Прыцягвалі адвакатаў і за тое, што яны рабілі нейкую частку працы за ганарар у меншым памеры або «беспадстаўна вызвалялі кліентаў ад выплаты ганарару». Васьмярым адвакатам абвясцілі вымову за падпісанне звароту адносна вайны ва Украіне.

Аднаго адваката выключылі з калегіі адвакатаў за тое, што ён не зʼявіўся на пазачарговую атэстацыю і адмовіўся даваць пісьмовыя тлумачэнні пра прычыну няяўкі. Але ўказанняў нормы заканадаўства, якую нібыта парушыў адвакат, няма.

Hавiны
Адвакату Аляксандру Данілевічу прысудзілі 10 гадоў калоніі
2023.04.10 10:58

11 адвакатаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці за «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» (арт. 24.3 КаАП). Напрыклад, у адной кансультацыі ў невялікім горадзе адразу тры адвакаты пачалі «не слухацца законных патрабаванняў» прадстаўнікоў улады. Да 2020 года невядома пра факты прыцягнення адвакатаў да адказнасці паводле арт. 24.3 КаАП.

Hавiны
Беларуская незалежная асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека заявіла аб пачатку дзейнасці
2023.04.12 16:34

12 красавіка заявіла аб стварэнні і пачатку дзейнасці Беларуская незалежная асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека. Арганізацыя абʼяднала адвакатаў, якія ў Беларусі былі пазбаўленыя права на прафесію і былі вымушаны пакінуць краіну.

Некалькі дзясяткаў беларускіх адвакатаў прынялі рашэнне абʼяднацца ў асацыяцыю, бо нягледзячы на неправамерны пераслед на радзіме і пазбаўленне права практыкаваць у сваёй краіне яны «працягваюць працу як адвакаты правоў чалавека: вядуць справы ў міжнародных органах, даюць прававую дапамогу і прававыя заключэнні, даюць публічныя прававыя каментары і застаюцца прафесіяналамі, адказнымі за выкананне місіі адваката».

Асацыяцыя створана для прадстаўніцтва перад замежнымі калегамі, супольнага абмеркавання агульных праблемаў і пошуку іх развязання, дапамогі калегам у Беларусі, «нарошчвання прафесійных кампетэнцыяў і падтрымання высокіх стандартаў прафесіі, што ў будучыні можа стаць асновай для дэмакратычных рэформаў адвакатуры ў Беларусі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў