Роўна тыдзень мінуў з моманту падзення на тэрыторыі Польшчы ракеты, якая забіла двух чалавек. Пасля інцыдэнту кіраўнікі еўрапейскіх краінаў не толькі пачалі ўмацоўваць супрацьпаветраную абарону сваіх дзяржаваў, але і пашырылі дапамогу Украіне. «Белсат» прааналізаваў, якая была рэакцыя NATO на падзенне ракеты на тэрыторыі краіны – удзельніцы Альянсу.
15 лістапада на тэрыторыі Польшчы ўпала ракета, у выніку чаго загінулі двое грамадзянаў гэтай краіны і была пашкоджаная маёмасць. З таго моманту мінуў тыдзень. Расея працягвае абстрэлы тэрыторыі Украіны, а ўлады Кіева надалей просяць на Захадзе дапамогі з атрыманнем зброі.
Вядома, што Вялікая Брытанія перадала Украіне мадэрнізаваныя высокадакладныя ракеты «Brimstone 2». Гэтыя ракеты ЗСУ можа выкарыстоўваць з мабільных пускавых сістэмаў. Паводле праекту «Ukraine Weapons Tracker», кошт адной ракеты «Brimstone 2» складае $ 207 тыс. Далёкасць палёту ракеты, запушчанай з самалёта, складае 60 км, а далёкасць запуску з наземных платформаў – 12 км.
Працягнулі перадачу зброі для Украіны Славаччына і Францыя.
Міністр абароны Славаччыны Яраслаў Надзь у сваім Twitter паведаміў, што ЗСУ атрымалі ўжо сёмую самаходную артылерыйскую сістэму «Zuzana 2 Howitzer». Францыя перадала ва Украіну зенітныя ракетныя комплексы «Crotale» для абароны неба.
Прадстаўнікі ЗСУ таксама паведамілі, што для абароны паветранай прасторы Украіны паступілі зенітныя ракетныя комплексы NASAMS. А Нямеччына паабяцала перадаць яшчэ некалькі сістэмаў IRIS-T, дзякуючы чаму можна будзе закрыць каля 100 км фронту.
У найбліжэйшыя дні Украіна таксама чакае амерыканскія зенітныя ракетныя комплексы «Hawk». Але Вашынгтон пакуль не спяшаецца з перадачай Украіне ракетаў ATACMS.
Адгукнулася на патрэбы Украіны і Фінляндыя. Гэтая краіна перадасць Украіне новы пакет абароннага абсталявання на суму € 55,6 млн. Ваенныя курсы для ўкраінскіх салдатаў гатовыя забяспечыць Літва і Іспанія.
Адметна, што ўпершыню з пачатку вайны ва Украіне ўлады Ізраілю дазволілі краінам – сябрам NATO перадаваць Украіне ўзбраенне, якое мае ізраільскія кампаненты, а таксама прафінансавалі набыццё «стратэгічных матэрыялаў» для Украіны.
На думку экспертаў, дапамогі, якая паступіла ва Украіну за апошні тыдзень, недастаткова.
«Частковыя паступленні зброі былі і раней, але Украіна прасіла пра магчымасць узмацнення супрацьпаветранай абароны з самага пачатку вайны. Я думаю, што часткова інтэнсіфікаваліся некаторыя краіны з перадачаю зброі ў сувязі з тым, што з кастрычніка расейцы наносяць удары па крытычнай інфраструктуры, што правакуе гуманітарны крызіс. Паступленне зброі вельмі патрэбнае, але павінна быць не кропкавым, а сістэмным, перадусім гэта мае быць сістэма супрацьпаветранай абароны. Патрэбныя сотні сістэмаў, а не дзясяткі.
Тое, што ракеты ўпалі на тэрыторыю Польшчы, можа рабіцца матывацыяй большай дапамогі Украіне, але пакуль не бачу такога інтэнсіўнага забеспячэння яе патрэбаў. Улады ў Кіеве заявілі, што амаль усе аб’екты крытычнай інфраструктуры пашкоджаныя, а краіны NATO дзеюць з вялікім спазненнем. Гэта можна было зрабіць летам, але яны толькі цяпер пачалі дзеяць», – кажа палітолаг Павел Усаў.
Рэакцыяй з боку краінаў NATO на падзеі 15 лістапада былі не толькі перадача зброі і ўзмацненне супрацьпаветранай абароны Украіны, але і палітычныя заявы. Парламенцкая асамблея Альянсу 21 лістапада прызнала Расейскую Федэрацыю дзяржавай-тэрарыстам. Альянс таксама заклікаў стварыць міжнародны трыбунал для пакарання злачынцаў.
«Краіны NATO прызналі, што гэта ўпала ўкраінская ракета сістэмы супрацьпаветранай абароны С300, але разам з тым было адназначна заяўлена, што адбылося гэта здарэнне ў выніку абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі расейскімі Узброенымі сіламі. Ракета магла збіцца з курсу і ўпасці на тэрыторыі Польшчы ў выніку абаронных дзеянняў. Спачатку не было вядома, чыя ракета, і здавалася, што яна можа быць расейскай. Пачаліся кансультацыі і вялося, што можа быць запушчаны артыкул 4, а потым, можа, і 5 статуту NATO пра напад, агрэсію ў дачыненні адной з краінаў Альянсу. Хаця за гэтым невядома было, якая рэакцыя будзе ў плане стратэгічных крокаў. У любым выпадку была абсалютна ўсебаковая рэакцыя, у тым ліку і Генеральнага сакратара NATO», – кажа Павел Усаў.
Палітолаг таксама дадае, што з пачатку расейскай агрэсіі было зразумела, што вайна так ці іначай выйдзе за межы тэрыторыі Украіны і так ці іначай паўплывае на ўвесь рэгіён, таму неабходныя пэўныя захады для ўмацавання агульнай сістэмы бяспекі і абароны, у тым ліку супрацьпаветранай. Але, паводле Паўла Усава, пакуль нейкіх актыўных крокаў, акрамя такіх кропкавых паставак, мы не назіраем.
Большасць краінаў – сябраў NATO пакуль не гатовая да нейкіх значна больш важных стратэгічных крокаў для абароны Украіны. Факт падзення ракеты прадэманстраваў, што супрацьпаветраная абарона краінаў NATO ёсць неэфектыўнай і не можа гарантаваць бяспекі, нават калі б гэта былі мэтанакіраваныя запускі, падсумоўвае эксперт.
Мікалай Каткоў belsat.eu