Узмацненне пакарання палітвязню Паўлу Вінаградаву і папаўненне «спісу экстрэмістаў»


«Белсат» працягвае апісваць рэпрэсіі, якія штодня працягваюцца ў Беларусі. На гэты раз прыводзім найбольш яскраывая факты пераследу, якія адбыліся цягам 22 снежня.

Сёння стала вядома, што пастара ліквідаванай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку выклікалі ў Следчы камітэт. Вядома, што 12 снежня Вярхоўны суд Беларусі прыняў канчатковае рашэнне аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё», а самога Ганчарэнку неаднаразова затрымлівалі.

13 новых прозвішчаў з’явіліся сёння ў «Спісе экстрэмістаў», які традыцыйна па пятніцах абнаўляе МУС Беларусі. Гэтым разам у яго трапілі прозвішчы байкера Андрэя Іванюшына, аршанскага прадпрымальніка Аляксея Цыпілёва і Аляксандра Ганчарова, які быў асуджаны за данат у адрас палка Кастуся Каліноўскага, паведамляюць праваабаронцы.

Аляксандру Кулікову, якога затрымалі пасля вяртання з Польшчы і асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, дадалі яшчэ паўтара года. Суд над ім пачаўся 6 снежня. Агулам Кулікову прыйдзецца правесці чатыры з паловай гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў гарадзенскую турму тэрмінам на 1 год. Аб гэтым паведаміла ў сваім «Фэйсбуку» ягоная жонка Святлана. Павел быў затрыманы 22 снежня 2021 года ў Беразіне і асуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, апошнія паўгода Вінаградаў правёў у ШІЗА.

Павел Вінаградаў.
Фота: Белсат

У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне аб затрыманні жыхаркі Віцебска за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Жанчыну змясцілі ў ІЧУ. Пакуль праваабаронцам не ўдалося высветліць ейную асобу.

Таксама стала вядома пра затрыманне за меркаваны ўдзел у пратэстах мужчыны, аб чым паведамляецца ў тэлеграм-каналах сілавікоў. У паведамленнях гаворыцца, што падчас вобшуку ў яго была знойдзеная зброя, боезапасы, а таксама «БЧБ-сімволіка» ў выглядзе гадзінніка з «Пагоняй».

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў