У Беларусі адбылася аблава на адвакатаў. Ёсць затрыманыя


20 сакавіка ў Беларусі адбылася аблава на адвакатаў. Вядома пра шэсць затрыманых, паведамляе «Наша Ніва».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: скрыншот CTVBY / YouTube

Імёны затрыманых выданне не раскрывае «на просьбу адвакацкай супольнасці».

«Усе затрыманыя адвакаты абаранялі палітвязняў, у тым ліку вельмі вядомых. Цяпер сітуацыя з адвакатамі ў краіне катастрафічная. Добрых адвакатаў, якія гатовыя рэальна абараняць абвінавачаных на палітычна-матываваных працэсах, можна пералічыць на пальцах адной рукі» – растлумачыў «Медиазоне» юрыст, знаёмы з сітуацыяй.

У Беларусі адвакаты – адзіныя, хто можа трапіць да палітвязняў і затрыманых, і то не заўсёды. Але з прычыны рэпрэсіяў шмат якія адвакаты адмаўляюцца працаваць у палітычных справах.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што на канец лістапада 2022 года ў Беларусі было шэсць палітзняволеных адвакатаў, некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністратыўных справаў. Не менш як 70 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў, каля 250 самі прынялі рашэнне сысці з адвакатуры пасля падзеяў 2020 года.

Але пасля гэтага рэпрэсіі супраць беларускіх адвакатаў не спыніліся. Пазбаўленні ліцэнзіяў і прысуды абаронцам палітвязняў працягваліся.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў