ЗСУ звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў і патлумачылі ўмовы здачы ў палон


Збройныя сілы Украіны звярнуліся да байцоў сумеснай беларуска-расейскай групоўкі войскаў, што цяпер разгортваецца на тэрыторыі Беларусі.

У відэароліку, апублікаваным на старонцы Генштабу ЗСУ, распавядаецца, што рабіць, калі беларускіх вайскоўцаў «усё ж прымусяць прыняць удзел у вайне Пуціна супраць народу Украіны».

«Калі вы не можаце не выканаць гэты злачынны загад, перайшоўшы дзяржаўную мяжу Украіны, спыніцеся ў складзе падраздзялення, заглушыце маторы, разрадзіце зброю, падніміце белыя сцягі і дачакайцеся сустрэчы з прадстаўнікамі камандавання ЗСУ», – гаворыцца ў роліку.

У выпадку «адмовы ад забойства ўкраінцаў» ЗСУ гарантуюць беларускім жаўнерам «магчымасць імгненнага свабоднага вяртання» на тэрыторыю Беларусі. А калі вайскоўцы баяцца пераследу з боку дзейных беларускіх уладаў, ім дазволяць знаходзіцца на тэрыторыі Украіны ў вайсковых гарадках.

«Мы забяспечым вас неабходнымі бытавымі ўмовамі, харчаваннем і медычным абслугоўваннем згодна з нормамі ЗСУ», – адзначаецца ў заяве. Таксама беларускіх вайскоўцаў абяцаюць забяспечыць доступам да тэлефону і інтэрнэту для сувязі з блізкімі.

Тэхніка і зброя пры гэтым будзе знаходзіцца ў ЗСУ на захоўванні. Пасля завяршэнне ваеннага канфлікту яе дазволяць забраць з сабой у Беларусь, сцвярджае ўкраінскі бок.

У адрозненні ад беларусаў, расейскія вайскоўцы са складу рэгіянальнай групоўкі ў выпадку здачы ў палон трапяць у лагер для ваеннапалонных. Вярнуцца дадому яны змогуць толькі ў выніку абмену або пасля завяршэння вайны.

Як адзначаецца на старонцы Генштабу ЗСУ, умовы здачы ў палон беларускія і расейскія вайскоўцы таксама могуць абмеркаваць, патэлефанаваўшы на гарачую лінію «Хачу жыць».

Hавiны
Што адбываецца ў Беларусі ў кантэксце пагрозы ўступлення ў вайну
2022.10.26 19:07

Нагадаем, рэжым Аляксандра Лукашэнка выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Цягам васьмі месяцаў Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны, а ў лютым–сакавіку адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў. Таксама беларускі бок перадае расейцам бранятэхніку і боепрыпасы.

Новая фаза эскалацыі пачалася 10 кастрычніка: у гэты дзень на нарадзе з сілавікамі Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта плануе нанесці ўдар па тэрыторыі Беларусі і паведаміў пра рашэнне разгарнуць сумесную расейска-беларускую групоўку войскаў.  Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна заяўлена, з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч жаўнераў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.  Пры гэтым у Менску не выключаюць, што склад расейскай групоўкі можа быць скарэктаваны.

Hавiны
Збройныя сілы Украіны звярнуліся да беларускай арміі
2022.07.20 18:48

У канцы кастрычніка начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што расейская групоўка ў Херсоне пасля адступлення можа быць часткова перакінутая ў Беларусь. Паводле Буданава, гэта павялічыць пагрозу ўдару з беларускай тэрыторыі па Заходняй Украіне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў