«Вясна»: З 2020 года мінімум 3645 чалавек засудзілі паводле крымінальных справаў за ўдзел у пратэстах


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў вынікі трох паслявыбарчых гадоў для беларускага грамадства ў лічбах. Праваабаронцы падлічылі палітычных вязняў, паводле якіх артыкулаў найбольш засуджаных, колькі чалавек ужо адседзелі свае тэрміны і выйшлі на волю, а колькі ніколі не выйдуць, бо памерлі за кратамі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: gorobzor.ru

На дзень 9 жніўня 2023 года ў Беларусі налічваюцца 1494 палітычныя вязні, кожная 11-ая з якіх – жанчына. Гэта афіцыйны лік, прызнаны праваабаронцамі, сапраўдная колькасць можа быць большая.

Агулам з 2020 года палітзняволеныя прызналі 2431 чалавека.

З крымінальным пераследам паводле палітычных матываў сутыкнуліся не меней за 4300 чалавек. З іх мінімум 3645 былі засуджаныя праз «палітычныя» крымінальныя справы.

Адным з самых «пратэсных» артыкулаў Крымінальнаг кодэксу стаўся 342-і («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле яго засудзілі прынамсі 1440 чалавек, 407 з якіх – жанчыны.

Яшчэ 528 чалавек былі засуджаныя паводле дыфамацыйнага артыкулу 368 КК («Абраза прэзідэнта»).

Проста цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца 1331 мужчына, 162 жанчыны і 1 трансгендарная асоба.

Самы малады палітычны вязень – 15-гадовы Арцём Вайцяховіч, які больш за 6 месяцаў застаецца ў зняволенні і цяпер чакае суда.

Hавiны
Зараз у турмах знаходзяцца 9 палітзняволеных-падлеткаў
2023.07.29 14:19

Найстарэйшая палітзняволеная – 75-гадовая Наталля Таран. Суд пакараў пенсіянерку пазбаўленнем волі на 3,5 года ў калоніі агульнага рэжыму.

Агулам з 2020 года былі памілаваныя 33 чалавекі, яшчэ шасцёра выйшлі на волю па амністыі.

Hавiны
Палітзняволеную Соф’ю Сапегу вызвалілі
2023.06.07 19:27

Сваякі і блізкія некаторых вязняў месяцамі не атрымліваюць звестак пра стан іхных родных. Дзясяткі чалавек застаюцца ў зняволенні з сур’ёзнымі хваробамі, таму прызначаныя тэрміны могуць стацца для іх пажыццёвымі.

Першы вядомы выпадак смерці палітычнага вязня за кратамі – смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2022 года. Сэрца зняволенага актывіста спынілася ў Шклоўскай калоніі № 17. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і дасюль не завёў крымінальнай справы. Вітольду Ашурку было 50 гадоў.

У траўні 2023 года ў Віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінску Мікалай Клімовіч. Яго засудзілі да года калоніі за рэакцыю ў «Однаклассниках» на карыкатуру Лукашэнкі. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны хваробы сэрцавай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. У зняволенні мужчына вытрываў крыху больш за два месяцы.

Уначы 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме. Алеся ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў шпіталь 11 ліпеня, на аперацыйным стале ягонае сэрца спынілася.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Паводле праваабаронцаў, за «парушэнне ўстаноўленага парадку» як мінімум 55 палітычных вязняў перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 28 распачалі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК.

Hавiны
Перад вызваленнем Паліну Шарэнда-Панасюк зноў перавялі ў СІЗА па новай справе
2023.08.04 20:38

Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітычных вязняў выходзяць з месцаў зняволення па сканчэнні тэрміну. Паводле праваабаронцаў «Вясны», на волю выйшлі прынамсі 470 палітзняволеных.

Не менш за 1700 чалавек за гэтыя 3 гады распавялі «Вясне» пра катаванні і жорсткае абыходжанне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў