news
Агляд
Хворы Лукашэнка зноў знік амаль на тыдзень. Згадалі, як ён «паміраў» у 2023 годзе
Лукашэнка зычыць беларусам, каб збыліся «ўсе нашыя самыя смелыя мары і жаданні».
03.01.202414:27

Аляксандр Лукашэнка зноў знік. Чарговы раз за мінулы год. Апошні раз яго бачылі «жывым» яшчэ перад Новым годам, пасля чаго нам пра яго толькі распавядалі. «Белсат» вырашыў згадаць, як Лукашэнка «паміраў» летась, і што вядома гэтым разам.

Ілюстрацыйны здымак. Аляксандр Лукашэнка на выбарчым участку падчас Беларускага канстытуцыйнага рэферэндуму 2022 года.
Фота: Пётр Кавалёў / ТАСС / Форум

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі не з’яўляецца на публіцы з 29 снежня. Яшчэ на нарадзе ў пытаннях меліярацыі 19 снежня ён быў ахрыплы, у яго слязіліся вочы. А на чарговай сустрэчы з чыноўнікамі 21 снежня голас Лукашэнкі гучаў значна горш, на што ён сам звярнуў увагу.

«Голасу няма, таму будзем шэптам праводзіць нараду», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на пачатку нарады моцна ахрыплым голасам.

Тэлеграм-канал «Пул Первого» перавёў усё на жарт: маўляў, грошы любяць цішыню.

Аднак, як выявілася, цішыню любяць не толькі грошы. Сіпеў Лукашэнка і падчас візіту ў Маскву 25–26 снежня. Да таго ж, у яго дробна трэслася галава, хоць гэта і спрабавалі выразаць з афіцыйных відэа.

Апошні раз Лукашэнка выступаў публічна пяць дзён таму – 29 снежня, калі наведваў «Першы нацыянальны гандлёвы дом» у Менску. Пазней шырокая грамадскасць яго не бачыла. Замест гэтага ён падпісваў указы, дасылаў віншаванні. Таксама 31 снежня ў яго, паводле паведамленняў прэс-службы, нечакана адбылася сустрэча з сілавікамі. Аднак з яе не публікаваліся нават фотаздымкі, не кажучы ўжо пра відэа.

Таксама 31 снежня беларусам паказалі запісанае загадзя віншаванне з Новым годам, дзеля якога ў Беларусі блакавалі YouTube. На відэа Лукашэнка працягваў сіпець і быў моцна загрымаваны.

Больш яго, нават на падрыхтаваных загадзя відэа, ніхто не бачыў. «Пул Первого» тым часам забаўляў сваіх чытачоў расповедамі пра яшчарак і цытатамі з каментароў у YouTube.

У кожным разе, у сваім віншаванні Лукашэнка зычыў беларусам, каб збыліся «ўсе нашыя самыя смелыя мары і жаданні».

Лукашэнка ў камандным пункце ВПС і войскаў СПА.
Фота: president.gov.by

Год пад знакам нездароўя

Праблемы з голасам у Лукашэнкі былі і ўвесну 2023 года, пасля чаго ён таксама знікаў на доўгі час. Яшчэ 5 траўня медыі пачалі звяртаць увагу на тое, што ён «ахрып і ледзь размаўляе», а пасля яго нібыта «актыўна вярталі да прытомнасці і правяралі ў шпіталі Кіраўніцтва справамі ў выходныя». Відаць, для таго, каб Лукашэнка змог 9 траўня наведаць парад у Маскве.

Пасля заканчэння параду, калі ўсе госці мелі прайсці пешшу каля трохсот метраў для ўскладання кветак да магілы Невядомага салдата побач з Крамлём, Лукашэнка вырашыў ехаць туды на электрамабілі. Таксама падчас параду на правай Лукашэнкавай руцэ заўважылі бінт. А на абедзе кіраўнікоў краінаў СНД, які сабраў Уладзімір Пуцін пасля параду, ён ужо не прысутнічаў, бо паляцеў у Беларусь.

Аднак увечары 9 траўня на ўрачыстасцях у Менску ён не выступіў з прамоваю – такога на Дзень Перамогі раней ніколі не было. Замест яго тэкст зачытаў міністр абароны Віктар Хрэнін. Пазней Лукашэнка наагул знік. Напрыклад, ён не з’явіўся на афіцыйных урачыстасцях Дня дзяржаўнага сцяга і гербу 14 траўня, дзе замест яго быў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Упершыню яго паказалі 15 траўня. Для гэтага арганізавалі адмысловую нараду з вайскоўцамі – «фактычна, усім проста паказалі, што дзед жывы». Пры гэтым ягоная рука была зноў перабінтаваная, а фота былі моцна рэтушаваныя. Дый агулам было відаць, што ён не здаровы.

23 траўня Лукашэнка правёў нараду ў актуальных пытаннях аховы здароўя, на якой пракаментаваў сваю працяглую адсутнасць на публіцы. Ён заявіў, што ў яго была адэнавірусная інфекцыя.

«Паміраць я не збіраюся, хлопцы. Вы яшчэ мучыцца са мной будзеце вельмі доўга», – заявіў Лукашэнка.

25 траўня ён зноў паляцеў у Маскву і зноў знік з дзяржаўных медыяў. І ўжо 27 траўня з’явіліся чуткі пра ягоную шпіталізацыю, а 29-га – фота і відэа жывога і, меркавана, здаровага Лукашэнкі.

«Страх перад тым, каб нехта не заняў вакантнае месца, падштурхнуў яго да таго, каб ісці на публіку, не далячыўшыся. Лукашэнка не толькі архітэктар рэжыму, але і яго закладнік, бо не можа сабе дазволіць нармальна пралячыцца і адлежацца тыдзень-другі, бо інакш узнікнуць праблемы. І гэта незайздросны лёс для чалавека», – канстатаваў палітолаг Валер Карбалевіч.

Автомобиль скорой помощи, неотложка
Машына хуткай дапамогі. Менская вобласць, Беларусь. 25 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Ад гарсэту да трэмару

Знікаў Лукашэнка з радараў і падчас сваёй паездкі ў Сочы ў чэрвені. «Яго нават не ўзялі на сустрэчу з прэм’ерамі краін ЕАЭС, настолькі быў утомны трохдзённы працоўны тыдзень», – адзначалі «Ник и Майк». А на самім дыктатару быў заўважаны тады медычны гарсэт.

У кастрычніку Лукашэнка наведаў саміт СНД у Бішкеку, дзе раптам страціў раўнавагу і ледзь не паваліўся, падымаючыся па лесвіцы. Таксама на апублікаваных кадрах з візіту ў Экватарыяльную Гвінею ў снежні было відаць, як Лукашэнка з вялікай цяжкасцю паўбокам спускаецца па трапе самалёту.

Падчас візіту ў Менск 23 лістапада Пуціна ў Лукашэнкі выразна трэслася галава. Праўда, у самім гэтым сімптоме нічога небяспечнага для здароўя дактары не бачаць, бо ён можа быць выкліканы самымі рознымі чыннікамі.

Што вядома пра ягонае здароўе?

Напярэдадні Новага года інфармацыю пра здароўе Лукашэнкі сабралі «Белыя халаты». Насамрэч, вядома не шмат. Напрыклад, паводле іх звестак, у яго выяўленыя атлусценне III ступені, цукровы дыябет з ампутацыяй пальца ступака ў сувязі з ускладненнямі.

«Дыеты пацыент не прытрымліваецца, хоць алкаголю не ўжывае зусім», – кажуць лекары.

Таксама ў дыктатара мочакаменная хвароба. Праз гэта яго ў 2018 годзе экстранна даставілі ў больніцу ўначы, аперацыя прайшла з ускладненнямі.

Апроч таго, вядома, што ў Лукашэнкі артроз левага каленнага сустава, двойчы праводзілася аперацыя.

«Гэта вельмі стандартны набор паталогіяў для чалавека ва ўзросце 69 гадоў. Нагадваем, што сярэдняя працягласць жыцця мужчыны ў Рэспубліцы Беларусь – 69,2 года, паводле звестак Белстату, якія апошні раз публікаваліся ў 2019 годзе», – заявілі медыкі.

Здароўе – табу

Палітолаг Аляксандр Фрыдман адзначаў у каментары «Белсату», што «беларуская сістэма цалкам залежная ад Лукашэнкі, і цяжка сабе ўявіць, як можа функцыянаваць сённяшні дзяржаўны механізм без фігуры Лукашэнкі ў цэнтры».

«Гэта значыць, што калі нешта адбудзецца з Лукашэнкам, адразу пачне хістацца гэтая сістэма. Адразу пачнецца барацьба за ўладу, і ўся гэтая сістэма можа абрынуцца. Гэта Лукашэнка дакладна разумее», – казаў ён.

Да таго ж, праблемы са здароўем Лукашэнкі зноў прыцягнулі  ўвагу Захаду да беларускай тэматыкі. Бо ўзнікла пытанне: што будзе з Беларуссю, калі шматгатовага дыктатара раптам не стане.

Нават прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які настойліва адмаўляўся ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, падчас знікнення Лукашэнкі 14 траўня ўпершыню паціснуў руку Святлане Ціханоўскай. Праўда, далей за поціск рукі сітуацыя не прасунулася. Тым больш, што і Лукашэнка зноў прадэманстраваў сваю жывучасць.

Тым часам беларускі рэжым і ягоныя прадстаўнікі працягваюць жыць «у логіцы нейкага проста сталінскага атачэння, у логіцы несмяротнага кіраўніка, які проста не можа вось так захварэць ды памерці».

Меркаванні
Лукашэнка памёр. Амаль
2023.05.19 13:47

Макар Мыш belsat.eu