«Людзі бачаць, што дыктатар стары і слабы». Як Лукашэнка прывязаў рэжым да свайго здароўя


Візіт Аляксандра Лукашэнкі на парад у Маскву 9 траўня выклікаў шырокае абмеркаванне стану здароўя амаль 69-гадовага палітыка, які не здолеў самастойна прайсці і 300 метраў, а таксама меў бінт на руцэ. Карэспандэнты «Белсату» паспрабавалі разабрацца, чаму здароўе састарэлага аўтакрата настолькі важнае і якія чаканні і хваляванні яно выклікае, – як у прадстаўнікоў рэжыму, гэтак і ў звычайных беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка на парадзе ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023.
Фота: belta.by

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман, каментуючы «Белсату» візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, адзначыў, што палітык выглядаў не так, каб можна было сказаць, што гэтае падарожжа далося яму лёгка. Пры гэтым суразмоўца вылучыў і паводзіны прэс-службы Лукашэнкі, і, у прыватнасці, Telegram-каналу «Пул Первого»:

«Да апошняга не паведамлялася, ці паляціць Лукашэнка ці не. Паведамілі толькі ў той момант, калі ён прызямліўся. Усе відэа і фотаздымкі выглядалі вельмі найграна. Лукашэнку паказвалі толькі здалёк. Не паказалі, як ён ходзіць. Нават на тых фота, якія яны дэманструюць, а яны ж напэўна выбралі найлепшае, выглядае ён дрэнна. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: чаму вы гэта распаўсюджваеце? Вы ж бачыце, што ваш шэф выглядае дрэнна. Але яны павінны хоць нешта паказваць. Гэта, напэўна, найлепшае, што можна было паказаць, а калі гэта найлепшае, то як выглядае горшае?»

Цікавым Фрыдман назваў і той факт, што расейскі бок нават не імкнецца схаваць стан здароўя Лукашэнкі і паказвае ягонае пустое крэсла на сняданні кіраўнікоў СНД.

«Гэтага можна было не паказваць. Але яны зрабілі гэта. Яны тым самым закідваюць пытанні, і ўвесь беларускі інтэрнэт віруе ад гэтых пытанняў», – заявіў аглядальнік.

Здароўе – табу

Фрыдман падкрэсліў, што стан здароўя важны для ўсіх палітыкаў – не толькі аўтакратаў. Нават такія дэмакратычна абраныя лідары дзяржаваў, як прэм’ерка Ізраілю Голда Мэйр, прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран або канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель хавалі ад грамадскасці звесткі пра ўласны стан здароўя.

Hавiны
Пасля параду ў Маскве Лукашэнка не змог прайсці пешшу кароткую адлегласць да ўскладання вянкоў
2023.05.09 16:10

«Яны лічылі, што калі іхныя палітычныя апаненты даведаюцца пра іхныя праблемы, то можа змяніцца стаўленне да іх, і ў грамадстве можа ўзнікнуць пытанне, ці варта чалавеку з падарваным здароўем узначальваць дзяржаву», – мяркуе суразмоўца.

У дыктатурах жа, дадаў гісторык, стан здароўя кіраўніка – табу. Больш за тое, дзяржаўная прапаганда імкнецца паказаць яго ў добрым стане. У выпадку з Лукашэнкам, які прыйшоў да ўлады ў 40 гадоў, спачатку тое атрымлівалася лёгка, «але паступова ягоны стан здароўя, відавочна, змяняўся».

Сістэма можа абрынуцца

Фрыдман падкрэсліў, што «беларуская сістэма цалкам залежная ад Лукашэнкі, і цяжка сабе ўявіць, як можа функцыянаваць сённяшні дзяржаўны механізм без фігуры Лукашэнкі ў цэнтры».

«Гэта значыць, што калі нешта адбудзецца з Лукашэнкам, адразу пачне хістацца гэтая сістэма. Адразу пачнецца барацьба за ўладу, і ўся гэтая сістэма можа абрынуцца. Гэта Лукашэнка дакладна разумее», – сказаў гісторык.

Агляд
«Актыўна вярталі да прытомнасці». Што пісалі і пішуць пра стан здароўя і хваробу Лукашэнкі
2023.05.09 18:04

Дый агулам значная частка сённяшняй сістэмы, паводле яго, цалкам звязаная з Лукашэнкам, а для сілавікоў ягонае існаванне – гарантыя іхнай бяспекі, бо інакш іх могуць прыцягнуць да адказнасці за злачынствы, якія яны выконвалі на ягоны загад. Таму, адзначыў Фрыдман, «калі ў такой сістэме, заточанай пад аднаго чалавека, нешта адбываецца з гэтым чалавекам, калі ён дэманструе сваю слабасць», у сістэме можа пачацца біфуркацыя.

Надзея для шмат каго

Фрыдман адзначыў, што чуткі пра дрэнны стан здароўя Лукашэнкі могуць выклікаць схільнасць да перабольшвання ў тых людзей, якія іншай надзеі на змены ў Беларусі не маюць і «якія Лукашэнку нічога добрага не зычаць».

«Яны бачаць кадры з Масквы і кажуць, што дыктатар сапраўды стары і слабы. Гэта шмат для каго ёсць надзеяй», – мяркуе Фрыдман.

Злятаў у Маскву і памёр

Фрыдман таксама параўнаў візіт Лукашэнкі з ранейшымі візітамі кіраўнікоў дзяржаваў-сатэлітаў СССР, «якія не маглі адмовіць савецкаму боку і проста вымушаныя былі ехаць у такія падарожжы, якія скончыліся не вельмі добра».

У прыватнасці, гісторык згадаў, як у 1953 годзе першы камуністычны прэзідэнт Чэхаславаччыны Клемэнт Готвальд, пачуваючыся дрэнна, мусіў паехаць на пахаванне Іосіфа Сталіна ў Маскву. У выніку ягоны стан пагоршыўся, ён вярнуўся на радзіму і памёр.

Фрыдман не выключае, што ў бліжэйшы час можа з’явіцца шмат розных чутак і спекуляцыяў пра стан Лукашэнкі. Асабліва калі ён знікне на некалькі дзён. Пры гэтым, у адрозненне ад мінулых чутак адносна здароўя Лукашэнкі, «цяпер ёсць відэакадры, дзе ён сапраўды выглядае дрэнна».

Hавiны
Піяраўскі правал і карыснае маўчанне. Што трэба ведаць пра візіт Лукашэнкі ў Маскву
2023.05.09 17:28

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў