Лукашэнка нечакана даручыў КДБ, МУС і Мінабароны ўзмацніць пільнасць


Аляксандр Лукашэнка ў апошні дзень 2023 года заслухаў даклады кіраўнікоў сілавых структур, паведамілі ў ягонай прэс-службе. Прычыны гэтай сустрэчы і дадзеных распарэджанняў не тлумачацца.

Кіраўнік КДБ Іван Церцель.
Фота: БелТА / belta.by

Міністру ўнутраных справаў Івану Кубракову Лукашэнка даручыў забяспечыць пераход ва ўзмоцнены рэжым нясення службы ўсіх падраздзяленняў, унутраных войскаў і цэнтральнага апарата міністэрства. Міністру абароны Віктара Хрэніну ён загадаў «узмацніць пільнасць» на навагоднія святы. А старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель далажыў, што КДБ ужо працуе ва ўзмоцненым рэжыме сумесна з іншымі сілавымі структурамі.

Таксама былі заслуханыя справаздачы міністра надзвычайных сітуацыяў Вадзіма Сіняўскага і старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанціна Моластава.

Прычыны неабходнасці працы ва ўзмоцненым рэжыме не тлумачацца. Фотаздымкі з сустрэчы не публікуюцца.

Напярэдадні Новага года кіберпартызаны ўзламалі сайт галоўнага прапагандысцкага выдання – БелТА. На кароткі час там з’явіліся віншаванні з Новым годам ад удзельнікаў кібергрупоўкі і заклік «Жыве Беларусь!». Сайт БелТА дагэтуль не працуе.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў