Лукашэнка выглядае нездаровым. Відэа цэнзуруюць


Нейкія відавочныя праблемы са здароўем у Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная прэс-служба, як і прэс-служба Крамля, моцна цэнзуруе відэа двухдзённага візіту ў Санкт-Пецярбург, каб не было бачна, як Лукашэнка адольвае лесвіцы на нагах, ды каб у кадр не трапіла дробнае трасенне галавой падчас доўгіх прамоваў. Разам з тым Лукашэнка не змог удзельнічаць у сустрэчы прэзідэнтаў краінаў СНД і дазволіў сабе шэраг недыпламатычных заяваў без патрэбы. Самую супярэчлівую і антысеміцкую заяву выразалі з эфіру.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Аляксандра Лукашэнкі зноўку дробна трасецца галава падчас доўгіх афіцыйных прамоваў. Нават калі ён чытае з паперкі. Гэта заўважылі журналісты, што атрымалі доступ нават да адцэнзураванай версіі відэа паседжання кіраўнікоў дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюзу ў Санкт-Пецярбурзе.

«Нашы геапалітычныя канкурэнты адкрыта намерыліся разарваць і раз’яднаць саюзнікаў», – чытаў з паперкі Лукашэнка.

На афіцыйным відэа Лукашэнкі практычна не бачна, увесь час паказваюць працаўнікоў СМІ або агульныя планы памяшкання.

Гэтаксама выглядаюць і каментары Лукашэнкі пасля паседжання, калі ён, напрыклад, завочна лаяў кіраўніка Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Жузэпа Бурэля.

«Гэта дурасць. Гэта чалавек дурны проста. Ён дурань. Ён да палітыкі не мае ніякага дачынення», – крычаў Лукашэнка сарваным голасам.

Частка заяваў Лукашэнкі, падобна, была замоцнай нават для ўласнай прэс-службы. Напрыклад, пагрозы Арменіі, якраз пасля паседжання з Ніколам Пашынʼянам.

«Калі Арменія хоча памерці эканамічна… То мы яе можам згубіць. Але я не думаю, што армяне – дурныя людзі! Армяне ж разумныя людзі! Таму не, я не хвалююся», – так Лукашэнка адказаў на пытанні пра Арменію ў СНД.

Але ў онлайн-рэпартажы выдання «Камерсант» зʼявілася неабрэзаная версія выказвання, дзе Лукашэнка заяўляе:

«Армяне ж разумныя людзі. Там няма ніводнага габрэя. Ведаеце чаму? Бо армяне – найразумнейшыя людзі».

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас саміту ЕАЭС. Санкт-Пецярбург, 25 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Амбасада Ізраілю ў Беларусі заўважыла інцыдэнт.

«У нас кароткі каментар: мы вывучаем сітуацыю», – адказалі «Белсату» ў амбасадзе Ізраілю ў Беларусі.

Антысеміцкая заява Лукашэнкі прагучала якраз пасля таго, як віцэ-прэмʼеры Еўразійскага эканамічнага саюзу падпісалі з міністрам гандлю Ірану Пагадненне аб свабодным гандлі. Яно адмяняе мытныя зборы на 90 % тавараў, якімі краіны ЕАЭС гандлююць з Іранам. Іран паслядоўна пагражае знішчыць Ізраіль ды гандлюе зброяй з Расеяй.

«Я не бачу прыкметаў, што канкрэтна гэтае пагадненне звязанае з супрацай у ВПК, у вытворчасці і продажы зброі. Усе барʼеры ваеннай супрацы РБ, РФ і Іранам ужо пройдзеныя, і рэгулявалася не такімі пагадненнямі, а ў двухбаковым фармаце», – тлумачыць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Пагадненне запускае рэжым бязмытнага гандлю Арменіі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі з Іранам. У тым ліку на прадукцыю металургіі, хімічнай прамысловасці, будаўніцтва машынаў, самалётаў і караблёў.

«Праца над праектам пагаднення аб свабодным гандлі з Егіптам знаходзіцца на вельмі прасунутай стадыі. І мы, безумоўна, зацікаўленыя ў тым, каб найхутчэй выйсці на ягонае падпісанне. Апроч гэтага Еўразійская камісія вядзе перамовы з ААЭ ды Інданэзіяй», – заявіў на саміце ЕАЭС Уладзімір Пуцін.

Беларусь будзе бліжэй да Ірану ды іранскіх канфліктаў на Блізкім Усходзе, бо Лукашэнка шукае спосаб супрацьстаяць антываенным санкцыям Захаду, мяркуе доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

«Менавіта ва ўмовах санкцыяў Іран становіцца новым партнёрам, які дазваляе прадаваць санкцыйную прадукцыю, атрымліваць пэўныя тэхналогіі і рэсурсы».

Перадусім рэжымы ў Менску, Маскве і Тэгеране цікавіць банкаўская супраца.

«Развіццё фінансавых і транзакцыйных сістэмаў унутры такіх блокаў, як БРЫКС і Еўразійскі эканамічны саюз, якія маюць унутрыблокавыя плацежныя механізмы, можа абнуліць эфект банкаўскіх санкцыяў супраць Ірану», – тлумачыць іранскі эканамічны аналітык Эгсан Закернія.

Але на найвышэйшым узроўні кантактаў у Лукашэнкі справы ідуць не найлепш. Сёння ён не паехаў да Уладзіміра Пуціна на сустрэчу кіраўнікоў краінаў СНД. Замест сустрэчы з кіраўніцтвам Расеі, Арменіі, Туркменістану, Казахстану, Таджыкістану, Кыргызстану і Азербайджану Лукашэнка ў спартовым касцюме сустрэўся са сваім уласным амбасадарам у Маскве Дзмітрыем Крутым. Прэс-служба Лукашэнкі прадставіла сітуацыю так, нібыта лідары СНД на экскурсіі, а Лукашэнка – працуе ва ўласнай амбасадзе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»