Палітолаг Карбалевіч пра з'яўленне Лукашэнкі: Паказвае, што ён усё яшчэ трымае ўладу


Зʼяўленнем на публіцы пасля працяглай паўзы Лукашэнка намагаецца паказаць усім, што ўсё яшчэ трымае ўладу. Аднак яго хваравіты выгляд – гэта дэманстрацыя слабасці рэжыму. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» расказаў палітолаг Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч у студыі «Белсату» 15 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Белсат» / YouTube

15 траўня Аляксандр Лукашэнка абʼявіўся на публіцы, наведаўшы цэнтральны камандны пункт СПА і ВПС. Там ён хваравітым голасам і цяжка дыхаючы пацікавіўся сітуацыяй на паветраных межах і паведаміў пра стан павышанай боегатовасці сістэмы СПА, які трывае трое содняў пасля інцыдэнту ў Бранскай вобласці Расеі. Палітолаг Валер Карбалевіч у эфіры «Белсату» пракаментаваў зʼяўленне на публіцы недалечанага Лукашэнкі: самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы хацеў прадэманстраваць, што ён моцна трымае ўладу, але прадэманстраваў толькі слабасць рэжыму і крызіс таталітарнай сістэмы, якую сам і пабудаваў.

Паводле палітолага, для рэжыму праблема здароўя Лукашэнкі ёсць дэманстрацыя слабасці. Бо сам Лукашэнка ёсць стрыжнем рэжыму. І калі з ім нешта здараецца, то «гэта праблема для ўсёй палітычнай сістэмы». Таму ўлады ўсяляк хавалі яго праблемы са здароўем, мікшыравалі, спрабавалі падтрымаць уладны статус Лукашэнкі. Усе, хто выступаў замест яго на мерапрыемствах у дні адсутнасці, усяляк падкрэслівалі, што дзейнічаюць ад яго імя. Асобнасць кіраўніка для гэтага рэжыму вельмі цяжкая і балючая праблема. Таму ўсяляк хавалі стан здароўя. Аднак, як лічыць Карбалевіч, гэта было памылковае рашэнне.

«Хаванне інфармацыі пра здароўе пашкодзіла рэжыму, бо калі няма інфармацыі, то зʼяўляюцца чуткі. А чуткі заўсёды перабольшваюць рэальную праблему. Гэта было не правільна. Але я мяркую, што гэта было рашэнне самога Лукашэнкі», – зазначыў Карбалевіч.

Калі глядзець на сённяшні стан, які паказалі публічна, то відавочна, што ажыятаж вакол стану здароўя падштурхнуў Лукашэнку да таго каб зʼявіцца на публіцы не выздаравеўшы.

«Страх перад тым, каб нехта не заняў вакантнае месца, падштурхнуў яго да таго, каб ісці на публіку не далячыўшыся. Лукашэнка не толькі архітэктар рэжыму, але і яго закладнік, бо не можа сабе дазволіць нармальна пралячыцца і адлежыцца тыдзень-другі, таму што інакш узнікнуць праблемы. І гэта незайздросны лёс для чалавека», – канстатуе палітолаг.

Дзеля супакаення прыхільнікаў, дзеля супакаення кіроўнай эліты Лукашэнка і зʼявіўся 15 траўня на экранах, каб прадэманстраваць усім, што ён трымае ўладу.

«Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка думае, што як толькі зʼяўляецца вакансія кіраўніка дзяржавы, то жадаючыя яе заняць зʼяўляюцца ў любы момант», – адзначае палітолаг.

Карбалевіч скептычна ставіцца да размоваў, што на пасаду прэзідэнта прэтэндуе Наталля Качанава. Паводле яго адзнакі, гэтыя размовы грунтуюцца толькі на нормах цяперашняй канстытуцыі, паводле якой, у выпадку нейкіх праблем з кіраўніком дзяржавы часова выконваць яго абавязкі павінен старшыня Савету Рэспублікі, а цяпер на гэтай пасадзе Качанава.

«Гаворка ідзе не пра канкрэтных людзей, а пра патэнцыйную пагрозу. Лукашэнка пасля 2020 года заняў гэтую пасаду, парушаючы стандартныя правілы, якія сам увёў. Але калі няма правілаў, то пагроза зʼяўляецца з любога боку», – робіць высновы Карбалевіч.

Каментуючы меркаванне, што з-за адсутнасці Лукашэнкі ў публічнай прасторы, чыноўнікі маглі спужацца і пачаць рабіць нейкія крокі, Валер Карбалевіч адзначыў, што «чыноўнікі маглі пачаць задумвацца пра тое, што ў гэтага рэжыму ёсць межы, прынамсі фізічныя. І гэта вельмі важны сігнал». Калі ў савецкія часы кіраўнікі дзяржавы паміралі адзін за адным, то не было такога адчування, што сістэма блізкая да краху. Адносна Беларусі такое адчуванне ёсць

«А ў сённяшняй сітуацыі ўвесь рэжым, уся сістэма трымаецца на адным чалавеку. І калі раптам з ім нешта здарыцца, то гэта будзе азначаць і крах усёй сістэмы. Я не веру, што ў Беларусі лукашызм можа існаваць без Лукашэнкі. Вунь праўладны палітолаг Шпакоўскі ўжо напісаў у Фэйсбуку, што эпоха Лукашэнкі заканчваецца. І гэта яркае адлюстраванне настрояў, якія існуюць у асяроддзі вышэйшага чынавенства», – падсумаваў Карбалевіч.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў