Палітолаг: «Лукашэнка за вагнэраўцаў не трымаецца, ён наадварот не можа ад іх пазбавіцца»


Аляксандр Лукашэнка адмоўна адказаў на прапанову Польшчы вывесці з тэрыторыі Беларусі вагнэраўцаў. Разам з тым з’яўляецца інфармацыя пра пачатак распаду ПВК з-за фінансавых праблем. Што насамрэч стаіць за паводзінамі беларускіх уладаў у сённяшняй сітуацыі, «Белсату» патлумачыў палітолаг Анатоль Котаў.

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палітолаг Анатоль Котаў на акцыі пратэсту ля амбасады Беларусі ў Польшчы. Варшава, Польшча. 21 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

«Не трэба весціся на маніпуляцыі Лукашэнкі»

29 жніўня намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік назваў умовы для Аляксандра Лукашэнкі, пры якіх Польшча гатова адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, сярод іх прагучала прапанова «пазбавіцца» ад вагнэраўцаў. 31 жніўня на пасяджэнні Рады бяспекі Лукашэнка адрэагаваў на яе, заявіўшы: «Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага вайскоўца».

У каментары  «Белсату»  палітолаг Анатоль Котаў заклікаў не весціся на маніпуляцыі Лукашэнкі:

«У Польшчы і краінах Балтыі размешчаны кантынгенты менавіта вайскоўцаў, а ў Беларусі ўзброеная банда, якая нават у Расеі па-за законам. Ніякай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра няма і супрацоўнікаў таксама. Ёсць узброеныя бандыты, якія да таго ж засталіся без верхавода».

«Кантынгент вайскоўцаў у Польшчы і краінах Балтыі размешчаны і нарошчваецца менавіта таму, што на тэрыторыі Беларусі акрамя бандытаў самога Лукашэнкі, з’явіліся нелегальныя мігранты і, нарэшце, удзельнікі банды, якая шмат дзе прызнана яшчэ і тэрарыстычнай арганізацыяй»,  – падкрэсліў наш суразмоўца.

Эксперт не лічыць, што Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб вагнэраўцы заставаліся ў Беларусі.

«Насамрэч ён за іх не трымаецца, ён наадварот не можа ад іх пазбавіцца. Гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі Крамля. А там рады, што Лукашэнка загнаў сябе яшчэ ў большую пастку і залежнасць. Ён думаў, што набярэ палітычных балаў на расейскім полі і заробіць на гэтым, прымусіўшы плаціць Яўгена Прыгожына ці Крэмль за паслугу. Але атрымаў банду крымінальнікаў у самым цэнтры Беларусі, у некалькіх гадзінах язды ад сталіцы», – лічыць Котаў.

«У Лукашэнкі грошай ледзьве хапае на сваіх»

Нагадаем, што 30 жніўня прадстаўнік ПВК Вагнера распавёў пра складанасці з новай працай і прапанаваў наймітам або «чакаць», або «шукаць іншыя варыянты заробку». Адначасова з гэтым Лукашэнка заявіў, што «Вагнэр жыў, Вагнэр жыве і Вагнэр будзе жыць у Беларусі, як бы некаму гэта ні не хацелася». Як такія заявы стыкуюцца з інфармацыяй пра распад ПВК, пацікавіліся мы ў эксперта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія падраздзяленні механізаваных брыгад падчас заняткаў з інструктарамі ПВК Вагнэра у Беларусі. 30 ліпеня 2023 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Як звычайна – ніяк не стыкуюцца. Гэта даўні прыём Лукашэнкі ў адной прапанове выкладаць думкі і тэзісы, якія супярэчаць адзін аднаму. Аднак «Вагнэр» як злачынная супольнасць не распаўся, ён у перыядзе паўраспаду і нявызначанасці. Кантракты ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы можна шмат у чым назваць кантрактамі персанальнымі. Іх заключалі не з ПВК Вагнэра, а з Яўгенам Прыгожыным. Гэта не карпарацыя з імем. Гэта карпарацыі імя. Што будзе далей незразумела. У Расею можна вярнуцца на кантракт з Мінабароны і на фронт у першыя рады. У Лукашэнкі грошай ледзьве хапае на сваіх. Тым больш, што плаціць ён ня любіць. Каб выцесніць ПВК Вагнэра з тэрыторыі Беларусі і перадухіліць закрыццё межаў, трэба дамаўляцца з Крамлём. І кошт такой здзелкі будзе вельмі высокі», – лічыць Котаў.

Hавiны
Польшча назвала ўмовы, пры якіх гатовая адкрыць пункты пропуску на польска-беларускай мяжы
2023.08.30 11:00

«Можна колькі заўгодна скаланаць паветра гучнымі фразамі, але па факце ад Лукашэнкі гучыць маленне аб перамовах»

Дзеянні Лукашэнкі ў дачыненні да Польшчы ў апошні час выглядаюць вельмі супярэчліва. З аднаго боку пастаянна гучаць пагрозы, з іншага – кіраўнік Беларусі прадпрымае некаторыя дзеянні па дээскалацыі. Так на паседжанні Рады Бяспекі 31 жніўня ён паведаміў, што прадстаўнікоў Польшчы запрасілі назіральнікамі на вучэнні АДКБ  «Баявое брацтва-2023», якое пачнецца 1 верасня. Таксама прагучала заява аб гатоўнасці да перамоваў.  Анатоль Котаў мяркуе, што Лукашэнку зараз сапраўды патрэбныя перамовы. Прычым, на высокім узроўні.

«Арсенал сваіх пагроз ён увогуле вычарпаў. Засталося хіба што ўзброіць мігрантаў і адправіць іх на штурм межаў ці інтэрнаваць усіх палякаў. Абодва дзеянні будуць мець катастрафічныя наступствы. Тактычную ядравую зброю я не называю, бо яна не ў зоне кантролю Лукашэнкі. Можна колькі заўгодна скаланаць паветра гучнымі фразамі, але па факце гучыць маленне аб перамовах».

На думку эксперта, Лукашэнку жыццёва неабходная высокая сустрэча з прадстаўнікамі Захаду, напрыклад, той жа самай Польшчы. Важны сам факт сустрэчы і некаторая перадышка на мяжы, каб можна было ехаць у Маскву з крыху больш паднятай галавой дамаўляцца аб вывадзе вагнэраўцаў, але гэта вельмі складана рэалізуемая задача, лічыць суразмоўца. «Тым больш, што словы, гарантыі і нават подпіс Лукашэнкі не значаць нічога. Бясконца хлусіць і кідаць немагчыма», – дадаў Котаў.

Ён звярнуў увагу, што пры ўсім гэтым жаданні, улады дапускаюць вельмі супярэчлівыя дзеянні, якія не паляпшаюць сітуацыю для іх. «Прадстаўнікоў Польшчы запрашаюць на вучэнні, а ўвечары таго ж дня па тэлевізары польскіх дыпламатаў на ўсю краіну абвінавачваюць у шпіянажы. Прычым, гаворка хутчэй за ўсё пра адных і тых жа асобаў, улічваючы вельмі скарочаны штат амбасады Польшчы ў Беларусі», – адзначыў Котаў.

Самі вучэнні «Баявое брацтва-2023» у бягучай сітуацыі, на яго думку, нічога не значаць: «Па-першае, замежнікам заўсёды рабілі паказуху, каб прадэманстраваць нязломную моц. Тады як зараз сапраўдная дэманстрацыя ўжо ідзе паўтары гады. Што дэманстраваць? Можа, СПА, якое прапусціла зграю дронаў на Пскоў? Па-другое, дэманстраваць няма каго. Асноўная рухаючая сіла вучэнняў на фронце. Вайскоўцаў іншых краін АДКБ на вучэннях будзе вельмі мала. Просьбу аб перамовах ад Лукашэнкі пачулі, але пакуль не будуць выкананы ўмовы ўльтыматуму (вывад вагнэраўцаў з Беларусі і сканчэнне патоку нелегальных мігрантаў – belsat.eu) не будзе нават перамоваў аб перамовах».

Аналітыка
Вучэнні АДКБ у Беларусі: што трэба ведаць і ці варта хвалявацца?
2023.08.31 08:00

Сямён Чугун belsat.eu

Стужка навінаў