Лукашэнка назваў дурным патрабаванне суседніх краінаў ЕЗ пазбавіцца ад вагнэраўцаў


Аляксандр Лукашэнка завочна адказаў Польшчы, Літве і Латвіі на патрабаванне вывесці з беларускай тэрыторыі баевікоў ПВК Вагнэра. Палітык назваў гэтую прапанову «беспадстаўнаю і дурною». Ён заявіў пра гэта на пасяджэнні Савету бяспекі, перадае БелТА.

Пасяджэнне Савету бяспекі. Менск, Беларусь. 31 жніўня 2023 года.
Фота: belta.by

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што кіраўніцтва Польшчы і краінаў Балтыі нагнятае істэрыю з нагоды прысутнасці ў Беларусі баевікоў, якіх ён назваў «супрацоўнікамі прыватнай вайсковай кампаніі».

«Пры гэтым яны самі павялічваюць вайсковыя бюджэты, сцягваюць да нашых межаў буйныя вайсковыя фармаванні. Адказ просты: ані ў Польшчы, ані ў Літве, ані ў іншых краінах Балтыі не мусіць быць ніводнага замежнага вайскоўца. Тады можна і да нас выстаўляць прэтэнзіі з нагоды прысутнасці тут вайскоўцаў з іншых краінаў. А пакуль гэта беспадстаўныя і дурныя патрабаванні», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
Польшча назвала ўмовы, пры якіх гатовая адкрыць пункты пропуску на польска-беларускай мяжы
2023.08.30 11:00

Ён таксама распавёў, што ў красавіку Варшава паведаміла: яна не будзе выконваць Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ў дачыненні Беларусі. Гэты дакумент – фактычна апошні юрыдычны міжнародны акт у сферы кантролю над узбраеннямі. «Гэта ўжо небяспечны крок, і мы заўсёды павінны кіраўніцтва Польшчы аб гэтым папярэджваць, каб потым балюча не было», – сказаў палітык.

Пры гэтым, паводле ягоных словаў, у Беларусь запрасілі прадстаўнікоў Польшчы паназіраць за вучэннямі АДКБ «Баявое братэрства», што пачнуцца 1 верасня. Ці пагадзіліся ў Варшаве, палітык не ўдакладніў.

Аналітыка
Вучэнні АДКБ у Беларусі: што трэба ведаць і ці варта хвалявацца?
2023.08.31 08:00

Лукашэнка паўтарыў заяву пра гатовасць Беларусі да замірэння з суседзямі, «якіх не выбіраюць», аднак паскардзіўся, што «ў адказ ідуць толькі абвінавачанні і пагрозы». «Значыцца, аніякай нармалізацыі ім не патрэбна», – мяркуе палітык.

Таксама ён чарговы раз заявіў пра «рыхтаванне збеглых дзеля вайсковага перавароту ў Беларусі» і папярэдзіў: «У гэтым плане мы ні з кім цырымоніцца не будзем. Хоць, трэба аддаць належнае, нашы збеглыя, якія застаюцца ў Польшчы, Літве і асабліва ва Украіне, разумеюць, дзеля чаго іх там выкарыстоўваюць».

Палітык таксама абвінаваціў NATO ў павелічэнні вайсковай прысутнасці вакол Беларусі, у правакацыйных манеўрах каля мяжы.

«Свае дзеянні яны апраўдваюць нейкімі пагрозамі, што нібыта сыходзяць з тэрыторыі Беларусі. Кіраўніцтва Польшчы і краінаў Балтыі абвінавачваюць Беларусь у нейкіх міфічных агрэсіўных намерах, якіх ніколі не было і быць не можа», – сказаў Лукашэнка.

У Менску «не заўважаюць», што NATO павялічвае групоўку на сваіх усходніх межах з увагі вайны ва Украіне, міграцыйнага крызісу, які трывае з 2021 года, размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі і прыезду баевікоў ПВК Вагнэра.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў