Лукашэнка даручаў наладзіць сувязь з палякамі: «Давайце размаўляць, наладжваць стасункі»


Аляксандр Лукашэнка даручаў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку наладзіць сувязь з Польшчаю. Пра гэта Лукашэнка заявіў падчас наведання менскага аэрапорту. Ён разлічвае, што ў 2024–2025 гадах «адбудуцца сурʼёзныя змены ў свеце ў тым ліку».

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: belta.by

«Цяпер мы жывём найперш за кошт Усходу – супрацоўнічаем з Расеяй, Кітаем. Але не трэба забывацца пра высокатэхналагічны Захад. Яны побач, яны нашыя суседзі – Еўразвяз. І стасункі з імі траціць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў», – заявіў Лукашэнка.

Прагучалі і абвінавачанні Польшчы ў нагнятанні ды гіпотэза, што ўсё зменіцца пасля парламенцкіх выбараў у гэтай краіне:

«З палякамі трэба размаўляць. Я даручаў прэм’ер-міністру звязацца з імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць стасункі. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. Але ў іх 15 кастрычніка парламенцкія выбары і, вядома, ім трэба нагнятаць абстаноўку, каб паказаць, што яны правільна ўзбройвалі і пераўзбройвалі краіну. Яны шмат чаго патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсці не можам, бо гэта супярэчыць нашым інтарэсам».

Лукашэнка таксама заявіў пра гатовасць «хоць заўтра» прыняць заходнія авіякампаніі, калі тыя пастановяць вярнуцца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў