Польшча назвала ўмовы, пры якіх гатовая адкрыць пункты пропуску на польска-беларускай мяжы


Польшча можа адкрыць памежныя пункты на мяжы з Беларуссю, але для гэтага трэба, каб рэжым Лукашэнкі пайшоў на саступкі і выканаў пэўныя ўмовы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Вонсік. Варшава, Польшча. 9 лістапада 2022 года.
Фота: Attila Husejnow / Forum

Такую заяву зрабіў у эфіры тэлеканалу «TVP Info» намеснік міністра МУС Польшчы Мацей Вонсік.

Адказваючы на пытанне вядоўцы тэлеканалу, Мацей Вонсік падкрэсліў: ён разлічвае на тое, што Менск зменіць сваю палітыку:

«Я спадзяюся, што [рэжым] стане мякчэйшым у многіх вымярэннях, не толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і ў гульні цягліцамі. Не трэба, каб за нашай мяжой стаяла група злачынцаў, якую ўтрымлівае Лукашэнка, Група Вагнэра ці частка яе, гатовая на ўсё. Гэта людзі з баявым досведам, з досведам забойстваў. Мы чакаем, што Лукашэнка пазбавіцца гэтых людзей», – адзначыў намеснік міністра.

Таксама ён выказаў меркаванне, што ў далёкай перспектыве гэта можа стварыць праблему і для самога Лукашэнкі. «Калі ім нешта не спадабаецца ў Беларусі, а беларускае войска слабае, могуць проста паехаць на Менск, як ехалі на Маскву. Гэта будзе ім нашмат прасцей, тым больш што яны стаяць бліжэй да Менску, чым стаялі да Масквы», – падкрэсліў Мацей Вонсік.

Намеснік міністра сказаў, што калі Беларусь пойдзе на такія саступкі, то можа атрымаць нейкія паслабленні наўзамен, сярод іх – адкрыццё часткі памежных пунктаў.

«Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то мусіць пачаць супрацоўнічаць. Гэта, відавочна, павінна быць аплачана Беларусі. Можа быць, адкрыем частку памежных пераходаў, зачыненых цяпер. Але калі супрацы і рэакцыі з іншага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, не толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзана ад Еўропы», – падкрэсліў намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы.

Нагадаем, што 28 жніўня міністры ўнутраных справаў Польшчы і краінаў Балтыі падчас супольнай сустрэчы ў Варшаве расказалі, што існуе дзве ўмовы, якія могуць стаць нагодамі да поўнага закрыцця межаў: гэта ўзброеная правакацыя са стралянінаю, а таксама нелегальны пераход мяжы вялікаю групаю мігрантаў.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў