У Кіеў з візітам прыбылі прэзідэнты Чэхіі і Славаччыны


Раніцай 28 красавіка ва ўкраінскую сталіцу з супольным візітам прыбылі прэзідэнты Чэхіі і Славаччыны Пэтр Павэл і Зузана Чапутава. Кіраўнікі дзяржаваў прыехалі ў Кіеў на цягніку з Польшчы.

Прэзідэнты Чэхіі і Славаччыны Пэтр Павэл і Зузана Чапутава з візітам ва Украіне 28 красавіка 2023 года.
Фота: prezidentpavel. Крыніца: idnes.cz

Падчас візіту прэзідэнты сустрэнуцца з Уладзімірам Зяленскім і шэрагам іншых службовых асобаў. Для прэзідэнта Чэхіі Пэтра Паўла гэты візіт зрабіўся першаю паездкай ва Украіну пасля абрання на пасаду. Прэзідэнтка Славаччыны Зузана Чапутава наведвала Украіну менш за год таму.

«Мы з Зузанай Чапутавай падзяляем каштоўнасці свабоды і справядлівасці. Цяжка бачыць на ўласныя вочы, што ўкраінцы плацяць за гэта самую высокую цану, крывёй і жыццём сваіх грамадзянаў. Барацьба з агрэсарам абараняе тое, што нас аб’ядноўвае», – пракаментаваў Пэтр Павэл свой візіт у Twitter.

Зузана Чапутава назвала ганебнымі сённяшнія атакі Расеі на ўкраінскія гарады, у выніку якіх загінулі мірныя жыхары. Нагадаем, ноччу 28 красавіка расейскія войскі абстралялі некалькі ўкраінскіх гарадоў, у выніку атакі загінулі як мінімум 12 чалавек, сярод якіх двое дзяцей.

«Агульны візіт ва Украіну з прэзідэнтам Паўлам пацвярджае новую эру адносінаў паміж кіраўнікамі Славаччыны і Чэхіі. Гэта наша першая супольная замежная паездка, і я радая, што яна праходзіць ва Украіне. Мабыць, няма дзвюх бліжэйшых нацыяў у свеце, чым славакі і чэхі… Наш пасыл зразумелы: Украіна нас звязвае не толькі мяжой і агульнай мінуўшчынаю, але і агульнай будучыняй», – напісала прэзідэнтка Славаччыны ў Facebook.

«Месцы, якія будуць разбураныя вайной, адчуюць траўмы, якія цяжка вылечваюцца, жахі, якія немагчыма забыць. Людзі губляюць блізкіх, якіх ніхто ніколі не зможа вярнуць. Я разумею, што шмат каму з нас можа быць цяжка ўявіць і цалкам адчуць гэта, таму што большасць з нас ніколі не адчувала нічога падобнага. Я тут з прэзідэнтам Паўлам, каб мы ніколі не адчулі нічога падобнага», – дадала Чапутава.

Вядома, што яны наведалі некалькі гарадоў у Кіеўскай вобласці, якія пабывалі пад акупацыяй ці пацярпелі ад расейскай агрэсіі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў