Малдова высылае 18 расейскіх дыпламатаў і 27 супрацоўнікаў персаналу пасольства РФ


Улады Малдовы рыхтуюцца зменшыць колькасць расейскіх дыпламатаў у краіне. Пра гэта паведаміла Міністэрства замежных спраў і еўраінтэграцыі (МЗСІЕ) пасля расследавання, якое выйшла на сайце The Insider. У ім распавядаецца аб агентах і праслухоўваючых прыладах на тэрыторыі расейскага дыпведамства ў Кішынёве.

Дах расейскага пасольства ў Кішынёве. На ёй заўважаны Павел Якунін, супрацоўнік службы ГРУ. У пасольстве ён займае пасаду афіцэра ваеннага аташэ, хоць паведамляецца, што Якунін адказвае за сакрэтныя каналы сувязі са штаб-кватэрай ГРУ ў Маскве і прыёмным цэнтрам касмічнай разведкі. Крыніца: theins.ru

Паведамляецца, што Малдова вышле 18 дыпламатаў і 27 супрацоўнікаў тэхперсаналу пасольства Расеі ў Кішынэве. Яны павінны будуць пакінуць краіну да 15 жніўня. Пасля гэтага ў расейскім дыпламатычным прадстаўніцтве застанецца 10 дыпламатаў і 15 супрацоўнікаў тэхперсаналу.

«На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў мы былі сведкамі і аб’ектамі некалькіх відаў дзейнасці з боку РФ, у тым ліку даволі варожай палітыкі. […] Вельмі важна, каб дыпламатычныя службы нашай краіны, а таксама іншых краін былі засяроджаны на развіцці дыпламатычных адносін. […] Ва ўмовах, калі значная частка дыпламатычнага корпуса іншай краіны накіравана на дэстабілізацыю сітуацыі ў нашай краіне, мы прыйшлі да агульнай згоды з установамі і асобамі, якія прымаюць палітычныя рашэнні, аб неабходнасці абмежаваць колькасць дыпламатаў з РФ, акрэдытаваных у Малдове», – заявіў кіраўнік МЗСІЕ Ніку Папеску, перадае NewsMaker.md.

Ён таксама ўдакладніў, што паведаміў аб гэтай ініцыятыве паслу Расеі ў Малдове Алегу Васняцову, якога выклікаў для дачы тлумачэнняў наконт антэн, устаноўленых на даху расейскага пасольства ў краіне.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года малдаўскі ўрад абвінаваціў Маскву ў шпіянажы і падмацаванні апазіцыйных груп.

Прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава ўжо заявіла, што «недружалюбны крок Малдовы не застанецца без адказу». Яна сказала, што гэта будзе азначаць абмежаванні на консульскія паслугі і кантакты малдаван з Расеяй, хаця яна не аб’явіла аб канкрэтных мерах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў