Павел Латушка перадаў суду ў Гаазе доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі


НАУ перадало доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 2100 дзяцей з 15 украінскіх гарадоў былі незаконна вывезеныя ў Беларусь. Што далей і як гэтая працэдура будзе выглядаць, у жывым эфіры «Белсату» патлумачыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Зразумела, што мы не можам мець ніякага ўплыву на рашэнне пракурора, але доказаў даволі шмат сабрана. Яны паступаюць кожнага дня фактычна. Таму я звяртаюся да ўсіх беларусаў, якія маюць інфармацыю пра факты, звязаныя з прывозам на беларускую тэрыторыю ўкраінскіх дзяцей, перадусім дзяцей-сіротаў, перадаваць нам гэтыя матэрыялы ў НАУ».

Павел Латушка кажа, што і сам Лукашэнка не хавае факту здзяйснення злачынстваў і публічна ў іх прызнаецца. Выступаючы перад сваімі «лакеямі» 27 чэрвеня, той заявіў, што даў загад на фінансаванне з бюджэту Саюзнай дзяржавы незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю нашай краіны.

У дакументах, перададзеных у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, акрамя Лукашэнкі таксама згадваюцца А. Талай (кіраўнік фонду, што пазіцыянуе сябе як дабрачынны), Д. Мезенцаў (былы амбасадар Расеі ў Беларусі, сакратар Саюзнай дзяржавы як выканаўца пастановы Лукашэнкі аб выкраданні дзяцей), І. Галаваты (генеральны дырэктар «Беларуськалію», што фінансуе гэтую супрацьпраўную дзейнасць), В. Волкава (асоба, якая ўзначальвае фонд «Дэльфіны»).

Павел Латушка распавядае, што з 2100 дзяцей-сіротаў удалося ідэнтыфікаваць 16, і калі раней было вядома пра 3 месцы, куды іх завозілі, то цяпер такіх месцаў у Беларусі ўжо 5: лагер «Волма», лагер «Зубраня», лагер «Дуброва», лагер «Астрашыцкі гарадок» і санаторый «Залатыя пяскі».

«Мэтаю [вывазу дзяцей] з’яўляецца пераадукацыя ўкраінскіх дзяцей. Гэтаму прысвечаная асобная доказная база, якую мы прадставілі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў офіс пракурора».

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Палітык падкрэслівае, што дзеці, якія маюць украінскае грамадзянства, былі вывезеныя з тэрыторыі сваёй дзяржавы без дазволу і падчас вайны на гэтай тэрыторыі, а такая пастанова можа быць прынятая толькі ўпаўнаважанымі органамі гэтай дзяржавы.

«Міжнароднае права было апрацаванае яшчэ ў 1949 годзе пасля жудаснай вайны Другой сусветнай, гэтыя дакументы, Жэнеўскую канвенцыю, падпісалі 200 краінаў свету. Калі б Лукашэнка, колькі б ні казаў, прабачце, ён супярэчыць тым міжнародным дакументам, якія падтрымалі 200 дзяржаваў у свеце. І што значыцца ягонае адно слова супраць заканадаўства, якое прызнанае ўсім светам? Таму нават часовае знаходжанне [дзяцей] з’яўляецца фактам злачынства».

Павел Латушка для нагляднасці параўноўвае такую сітуацыю з больш прыватным прыкладам. Маўляў, вы седзіце ў кавярні, а ў вас забралі дзіцё на нейкі час, за які яго перавучылі супраць вас і выхавалі як ворага сваёй сям’і. Паводле палітыка, гэта і ёсць злачынства.

Перададзеныя дакументы будуць прынятыя да аналізу, пасля чаго пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе будзе вызначаць вырак.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў