НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) перадало ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы ваенных злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам, Мезенцавым, Галаватым, Талаем і Волкавай. Аб гэтым паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Паўла Латушкі.

Павел Латушка ля будынку МКС. Гаага, Нідэрланды, 27 чэрвеня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Павел Латушка» / Telegram

27 чэрвеня Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) перадало ў Гаазе пракурору Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) доказы ваенных злачынстваў, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам, Дзмітрыем Мезенцавым, Іванам Галаватым, Аляксеем Талаем і Вольгай Волкавай. Кіраўнік НАУ Павел Латушка заявіў, што ў адпаведнасці з прадстаўленымі матэрыяламі вышэйзгаданыя асобы «учынілі ваенныя злачынствы ў форме незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь і іх пераадукацыі».

Паводле перададзеных матэрыялаў, у перыяд з верасня 2022 года па цяперашні час вядзецца «арганізаваны і сістэматычны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь» з акупаваных Расеяй украінскіх гарадоў: Данецк, Марыупаль, Валноваха, Ясінаватая, Енакіева, Снежнае, Харцыск, Горлаўка, Макееўка, Камунароўка, Дэбальцава, Ілавайск, Антрацыт, Равенкі, Каменка-Дняпроўская.

Паводле сабраных НАУ звестак, у Беларусь было вывезена больш за 2100 дзяцей. НАУ таксама ўстаноўлены «выпадкі несістэмнага арганізаванага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь да верасня 2022 года». У матэрыялах зафіксаваны падрабязныя маршруты і спосабы перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей – іх вывозілі з Украіны на тэрыторыю Расеі ў Растоў-на-Доне, далей у Беларусь у Менск і да месцаў размяшчэння.

«Устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі незаконна перамяшчаюцца ўкраінскія дзеці, якія знаходзяцца пад апекай украінскай дзяржавы: сіроты, дзеці з інваліднасцю, дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў», – паведамляе Павел Латушка.

Перададзеныя пракурору матэрыялы сведчаць аб тым, што Лукашэнка «асабіста падпісаў дакументы арганізацыйна-распарадчага характару пад шырмай так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, на падставе якіх быў арганізаваны і прафінансаваны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь».

Аб’ектыў
Супраць Лукашэнкі ініцыявалі новую крымінальную справу
2023.06.12 22:12

У матэрыялах таксама пералічаны месцы размяшчэння ўкраінскіх дзяцей, доказы непасрэднага ўдзелу ў арганізацыі злачынстваў кіраўніка кампаніі Беларуськалій Галаватага, які асабіста аддаваў распараджэнні ў пісьмовым выглядзе, якія вызначаюць лёс гэтых дзяцей у Беларусі. Суду таксама перададзены пасведчанні аб ключавой ролі ўдзелу ў гэтых злачынствах Мезенцава, Талая і Волкавай.

«НАУ лічыць, што існуюць дастатковыя падставы меркаваць, што вышэйзгаданыя асобы ўчынілі ваенныя злачынствы. НАУ падкрэслівае, што прававая ацэнка прадстаўленых доказаў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда», – гаворыцца ў заяве.

Кіраўнік НАУ таксама анансаваў наступны «удар» у крымінальным пераследзе Лукашэнкі за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, якія здзяйсняюцца ім.

«Гэтыя дзеянні будуць анансаваны ў бліжэйшы час», – паведаміў Латушка.

На відэа Павел Латушка падрабязна расказвае аб перадачы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Каментар
Міжнародны крымінальны суд можа прызнаць Лукашэнку ваенным злачынцам і абвесціць пра арышт
2023.06.01 23:14

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў