Кіраўніку казахскіх спецслужбаў, якога вінавацілі ў пратэстах у 2022-м, далі 18 гадоў


Былога кіраўніка Камітэту нацыянальнай бяспекі Казахстану Карыма Масімава прыгаварылі да 18 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яго таксама пазбавілі права займаць пасады на дзяржаўнай службе пажыццёва, паведамляе Orda.kz.

Кіраўнік КНБ Казахстану Карым Масімаў і старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель.
Фота: БелТА

Карыма Масімава прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў: «Здрада», «Гвалтоўны захоп улады», «Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў». Ягоныя намеснікі Ануар Садыкулаў і Даўлет Яргожын атрымалі 16 і 15 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Марата Осіпава асудзілі да трох гадоў.

У даход дзяржавы спагнаныя больш за 10 мільярдаў тэнге і 24 мільёны долараў.

Карым Масімаў узначальваў КНБ з 2016 года. З 2007 да 2014 года двойчы быў прэм’ер-міністрам і адзін раз кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Казахстану. Апошні раз Карым Масімаў з’яўляўся на публіцы падчас крывавых падзеяў у пачатку 2022 года – падчас паседжання Рады бяспекі 6 студзеня. У гэты ж дзень з’явілася інфармацыя пра ягонае звальненне, а 8 студзеня паведамілі пра затрыманне Масімава ды ягоных намеснікаў. Судовы працэс над ім быў засакрэчаны.

У Казахстане раней выказваліся меркаванні, што менавіта Масімаў мог стаяць за арганізацыяй пратэстаў у краіне.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў