Беларуская Рада культуры абвесціла збор для аднаўлення працы выдавецтва «Янушкевіч»


Беларуская Рада культуры ладзіць магістрат «Кнігаўка» – каб аднавіць дзейнасць выдавецтва «Янушкевіч» за мяжою.

Кнігарня «Кнігаўка», закрытая ўладамі ў траўні 2022 года. Фота: Выдавецтва Янушкевіч / TelegramМагістрат «Кнігаўка» – суполка беларусаў, якія цягам пэўнага перыяду будуць фінансава падтрымліваць праекты выдавецтва Андрэя Янушкевіча, які праз палітычны пераслед у Беларусі быў вымушаны выехаць за мяжу.

«Калі дзяржава забірае ў нас магчымасць чытаць новыя кнігі, мы мусім самі ствараць сабе такія магчымасці. Магістраты – гэта магчымасць далучыцца да барацьбы за беларускую культуру», – кажа кіраўнік праекту «Беларускія магістраты» Цімафей Акудовіч.

Каб наладзіць эфектыўную працу выдавецтва, трэба развязаць юрыдычныя пытанні, наладзіць лагістыку распаўсюду беларускіх кнігаў, сфармаваць новую каманду, сабраць чытачоў, якія сёння жывуць у розных краінах. Развязанне гэтых задачаў у Беларусі забрала ў выдавецтва «Янушкевіч» некалькі гадоў. Цяпер Андрэй Янушкевіч мусіць наладзіць працэс выдання беларускай кнігі наноў.

Каб стаць удзельнікам магістрату, трэба падпісацца на адзін з тарыфаў ахвяравання: «Прыхільнік / Прыхільніца» (ахвяруеш 10 долараў на месяц цягам паўгода) ці «Суперпрыхільнік / Суперпрыхільніца» (20 долараў на месяц). Для кожнага з тарыфаў прадугледжаныя свае прыярытэты і зніжкі на кнігі выдавецтва, эксклюзіўныя падарункі.

Андрэй Янушкевіч плануе выдаць у будучым такія творы, як «Кароль» Шчэпана Твардаха, «І ўзыходзіць сонца…» Эрнэста Хэмінгуэя, новыя кнігі беларускіх аўтараў Евы Вайтоўскай, Альгерда Бахарэвіча, Валера Гапеева, Аляксандра Кудрыцкага. Рыхтуюцца таксама пераклады серыяў пра Гэры Потэра і Ведзьмака, а таксама іншыя творы.

Выдавец Андрэй Янушкевіч.
Фота: Андрэй Янушкевіч / Facebook

«Дзякуючы магістрату цягам года змогуць з’явіцца не толькі гэтыя кнігі – іх колькасць вырасце», – кажуць арганізатары збору. У першы дзень абвяшчэння кампаніі да магістрату далучыліся больш за 70 чалавек.

Выдавецтва «Янушкевіч» было адным з самых паспяховых у краіне, пакуль яго не знішчылі ўлады Беларусі. Некаторыя кнігі выдавецтва былі прызнаныя дзяржаваю «экстрэмісцкімі», а кнігарня «Кнігаўка», адкрытая ў Менску 16 траўня 2022 года, закрылася ў той самы дзень. Уладальніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча затрымалі, ён правёў за кратамі 28 содняў. Пасля вызвалення выдавец з’ехаў у Польшчу, дзе цяпер аднаўляе дзейнасць.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў