ISW пра арышт Стралкова: Пасля мяцяжу ў Расеі пастанавілі заняцца «вар’ятамі»


Арышт былога расейскага афіцэра і заўзятага ўльтранацыяналіста Ігара Гіркіна (Стралкова) 21 ліпеня можа быць публічнаю праяваю зрушэння балансу сілаў паміж крамлёўскімі групоўкамі, магчыма, на шкоду Федэральнай службе бяспекі Расеі (ФСБ), у якой служыў Гіркін. Пра гэта піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Ігар Гіркін. Крыніца фота: korrespondent.net

У ISW адзначылі, што арышт Гіркіна можа быць часткаю намаганняў Адміністрацыі прэзідэнта Расеі на здушэнне шэрагу значных расейскіх ура-патрыётаў пасля ўзброенага мяцяжу Яўгенія Прыгожына 24 чэрвеня. Гэтак, у адным з апублікаваных расейскімі крыніцамі дакументах, ухваленым пасля мяцяжу Групы Вагнэра, Адміністрацыя прэзідэнта РФ нібы загадала «ужыць захады рэпрэсіўнага характару ў дачыненні тых, хто звар’яцеў, у тым ліку Стралкова-Гіркіна». Дакумент таксама скіраваны на некалькіх вядомых прапагандыстаў, у тым ліку Маргарыту Сіманьян, знаных блогераў, дэпутатаў і Прыгожына. У датычнасці да гэтага ISW падазрае першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргея Кірыенку, які і так «значна пашырыў свой кантроль над расейскімі сацыяльнымі сеткамі і павялічыў свой уплыў у расейскім федэральным урадзе пасля паўстання Прыгожына».

На думку аналітыкаў, арышт Гіркіна паказвае на тое, што пачаўся пераслед знаных ультранацыяналістаў, якія рэгулярна раскрываюць інсайдарскую інфармацыю пра Крэмль. У ISW думаюць, што Гіркін мог карыстацца падтрыманнем невядомага сілавіка з ФСБ, «які прасоўваў свае інтарэсы, выкарыстоўваючы Гіркіна ў якасці каналу для раскрыцця абранай інфармацыі расейскай ультранацыяналістычнай інтэрнэт-супольнасці».

«Паўстанне Вагнэра, верагодна, змяніла баланс сілаў у Крамлі, патэнцыйна пазбавіўшы некаторых заступнікаў, у тым ліку заступніка Гіркіна, зычлівасці Пуціна і, такім чынам, часткі іхнай улады. Гіркін заявіў 12 ліпеня, што паўстанне Прыгожына змяніла баланс сілаў у Крамлі на карысць групы, у якую, як паведамляецца, уваходзіць Кірыенка», – адзначаюць у ISW.

На думку Гіркіна, чальцы «Кааператыву Возера» будуць атакаваць Міністэрства абароны, сакратара Савету бяспекі Мікалая Патрушава, ФСБ ды іншыя структуры, непадкантрольныя Адміністрацыі прэзідэнта.

Hавiны
Экс-міністра абароны «ДНР» Ігара Стралкова (Гіркіна) арыштавалі на 2 месяцы
2023.07.21 21:37

Мяшчанскі суд Масквы арыштаваў экс-міністра абароны непрызнанай ДНР Ігара Стралкова (Гіркіна) на два месяцы – да 18 верасня. Яму інкрымінуюць «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ў інтэрнэце». Гіркіну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Стралкоў неаднаразова выказваўся пра вайну і нярэдка крытыкаваў дзеянні расейская кіраўніцтва, у тым ліку самога Уладзіміра Пуціна.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў