У Офісе Ціханоўскай адрэагавалі на закон Літвы аб абмежаваннях для беларусаў


Сейм Літвы ўхваліў у першым чытанні законапраект аб новых абмежаваннях у звязку з расейскай агрэсіяй ва Украіне. Ад грамадзянаў Беларусі і Расеі перастануць прымаць заявы на візы ў літоўскіх візавых службах, акрамя выпадкаў, калі пасярэднікам выступае МЗС рэспублікі. На гэтую навіну адрэагавалі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Крысціна Рыхтэр.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр распавяла «Белсату» , што закон не мяняе візавых абмежаванняў, якія ўжо існуюць для беларусаў. Абмежаванні Літва ўвяла ў сувязі з абвешчаным Надзвычайным палажэннем. Гуманітарныя візы выдаваліся з падтрыманнем МЗС Літвы, і для людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў рэжыму, працэс атрымання візаў застанецца нязменны, кажа Крысціна Рыхтэр. Дакумент пакуль не прыняты. Вядома, што ён можа яшчэ і змяніцца.

«Закон абмяжоўвае для беларусаў атрыманне электронных рэзідэнцтва і подпісу, і пакуль што не да канца зразумела, ці будзе магчымасць у тых, хто ўжо меў рэзідэнцтва, абнавіць яго, калі скончыцца тэрмін дзеяння. Пра гэта пакуль складана сказаць», – распавяла «Белсату» прадстаўніца Офісу.

Паводле Крысціны Рыхтэр, закон павінен быць накіраваны на тых, хто прыбыў у Літву, але пры гэтым працягвае супрацу з рэжымам Лукашэнкі фінансава ці шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І ў гэтай частцы засцярогі літоўскага ўраду зразумелыя.

«Мы лічым, што такія абмежаванні, якія ўводзяцца законапраектам, павінныя ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацы з рэжымам Лукашэнкі», – кажа Крысціна Рыхтэр.

У Офісе таксама заяўляюць, што гатовыя дапамагаць уладам Літвы верыфікаваць людзей.

Крысціна Рыхтэр дадала, што пасля таго, як Святлана Ціханоўская вернецца з ЗША, яна мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Літвы, каб абмеркаваць пытанні абмежаванняў для беларусаў.

Hавiны
Літва прыпыняе выдачу грамадзянства і віз беларусам і расейцам?
2023.03.22 10:46

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў