Ціханоўскую запрасілі на Парламенцкую асамблею АБСЕ. На ёй будуць і прадстаўнікі афіцыйнага Менску


Лідарку дэмакратычных сілаў Святлану Ціханоўскую запрасілі на Парламенцкую Асамблею АБСЕ, на якой таксама будуць прадстаўнікі беларускага рэжыму. Сустрэча адбудзецца 23-24 лютага ў Вене.

​Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Міністэрскай Радзе АБСЕ у Лодзі.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Запрашэнне Святлане Ціханоўскай падпісала прэзідэнтка ПА АБСЕ Маргарэта Седэрфельт, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай. Яна выступіць перад дэлегатамі Парламенцкай асамблеі, а таксама перад амбасадарамі АБСЕ, сустрэнецца з дэпутатамі Аўстрыйскага парламенту і возьме ўдзел у акцыі да гадавіны пачатку вайны супраць Украіны.

Кіраўнік пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па замежных справах Андрэй Савіных паведаміў, што беларуская дэлегацыя таксама возьме ўдзел у зімовай сесіі ПА АБСЕ. Беларускім і расейскім дэпутатам выдалі візы, каб паехаць у Вену для ўдзелу ў пасяджэнні, аднак візы будуць дзеяць толькі цягам сесіі і выключна на тэрыторыі Аўстрыі. Паводле Андрэя Савіных, 81 дэпутат выступаў за непрадастаўленне візаў расейскай і беларускай дэлегацыям.

МЗС Аўстрыі растлумачыла іхны візіт тым, што згодна з міжнародным правам краіна абавязаная выдаваць візы ўдзельнікам мерапрыемстваў АБСЕ. Але яны будуць дзеяць толькі ў Аўстрыі і толькі цягам сесіі.

Праз прысутнасць беларускага і расейскага бакоў дэлегацыя Літвы і Польшчы адмовілася прыязджаць на паседжанне, а Украіны – удзельнічаць у сесіі. Але краіны накіравалі дэлегатаў для перамоваў з партнёрамі.

У снежні 2022 года ​Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Міністэрскай Радзе АБСЕ у Лодзі. Тады яна падыходзіла да афіцыйнага прадстаўніка Беларусі Андрэя Дапкюнаса і пажадала яму поспехаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў