Эстонія легалізавала аднаполыя шлюбы. Як з гэтым у іншых краінах постсавецкай прасторы?


Рыйгікогу – парламент Эстоніі – 20 чэрвеня ўхваліў закон, паводле якога ад 1 студзеня 2024 года ў Эстоніі будуць заключаць шлюб між двума людзьмі незалежна ад іхнага полу. Гэта першая краіна былога СССР, дзе дазволілі аднаполыя шлюбы. Паглядзелі, што ў іншых.

Baltic Pride 2023
Парад «Baltic Pride». Таллін, Эстонія. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: lgbt.ee / Instagram

Да кожнай краіны ніжэй дадамо два паказнікі: месца краіны ў «Рэйтынгу роўнасці» («LGBT Equality Index») ад сайту «Equaldex», дзе разглядалі 197 краінаў і тэрыторыяў, а таксама ўмоўны адсотак абароненасці правоў ЛГБТ-супольнасці паводле праекту «Rainbow Europe», дзе найлепшай краіне, Мальце, далі 89,29 % павагі да правоў ЛГБТ-людзей. Крытэры ў рэйтынгах розныя, таму і пазіцыі краінаў у іх будуць розныя.

Беларусь

Рэйтынгі: 137 месца, 12,06 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: фактычна не абароненыя.

ЛГБТ-сцяг на беларускай акцыі
Вясёлкавыя сцягі на Маршы Свабоды ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Аднаполыя стасункі не караюцца законам з 1994 года. Змена полу ў пашпарце і трансгендарны пераход даступныя, а аперацыі бясплатныя, ды працэдуры моцна бюракратызаваныя. Законаў наўпрост супраць ЛГБТ-супольнасці пакуль не прымалі, але збіраюцца прыняць некаторыя, у тым ліку закон супраць «прапаганды ЛГБТ» (і нават супраць «прапаганды чайлдфры» разам з тым). Правы ЛГБТ-супольнасці парушаюцца па-за законам, а сярод грамадзянаў нямала жорсткіх праціўнікаў існавання ЛГБТ-людзей.

Гамафобныя выказванні неаднаразова рабіў Аляксандр Лукашэнка. Тым часам Святлана Ціханоўская прызначыла ў свой кабінет вядомую ЛГБТ-актывістку Вольгу Гарбунову.

Hавiны
ГУБАЗіК і пенісы. Чаму сілавікі засяроджваюць увагу на сексуальным жыцці затрыманых
2021.12.15 01:33

Літва

Рэйтынгі: 91 месца, 23,9 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй, але легалізацыю «партнёрства» разглядаюць.

Правы ЛГБТ-супольнасці: часткова абароненыя.

Ёсць законы супраць дыскрымінацыі, але захоўваецца частковая цэнзура, «лекаванне няправільнай арыентацыі» не забароненае. Закон аб легалізацыі аднаполага партнёрства разглядаюць, на момант публікацыі ён ухвалены ў другім з трэціх чытанняў парламентам. Апытанні паказваюць, што грамадская думка – хутчэй супраць пашырэння правоў ЛГБТ-людзей.

Латвія

Рэйтынгі: 70 месца, 21,72 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй, але рэгіструюцца «цывільныя партнёрствы».

Правы ЛГБТ-супольнасці: часткова абароненыя.

Riga pride
Удзельнікі «Riga pride». Рыга, Латвія. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Valsts policija / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Дыскрымінацыя не цалкам забароненая законамі, а «лекаванне няправільнай арыентацыі» не забароненае, але аднаполыя партнёрствы прызнаюцца, з пэўнымі агаворкамі ЛГБТ-людзі могуць усынаўляць і ўдачараць дзяцей. Апытанні паказваюць, што грамадская думка хіба крыху больш на баку ЛГБТ-людзей, чым у Літве.

Эстонія

Рэйтынгі: 47 месца, 36,13 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: будуць рэгістравацца з 2024 года, ужо рэгіструецца «сужыхарства».

Правы ЛГБТ-супольнасці: абароненыя найлепш сярод краінаў колішняга камуністычнага блоку, але абарона няпоўная.

Законы супраць дыскрымінацыі ёсць, але пакрываюць не ўсе выпадкі, «лекаванне няправільнай арыентацыі» не забароненае. Грамадская думка не ва ўсіх апытаннях на баку ЛГБТ-людзей. Але з новым законам ад 2024 года будуць рэгістравацца аднаполыя шлюбы, а аднаполыя пары будуць мець такія ж правы, як рознаполыя – у тым ліку змогуць усынаўляць і ўдачараць дзяцей.

Украіна

Рэйтынгі: 108 месца, 20,16 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: часткова абароненыя.

Законы забараняюць дыскрымінацыю ў пэўных, але не ўсіх выпадках. Цэнзуры тэмы ЛГБТ няма, але аднаполыя стасункі легальна ніяк не прызнаюцца. Грамадская думка не на баку пашырэння правоў ЛГБТ-супольнасці. ЛГБТ-людзі бароняць радзіму ў вайне, некаторыя пазначаюць сябе шаўронам з аднарогам.

Малдова

Рэйтынгі: 115 месца, 38,73 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: усё складана.

Агулам абарона правоў ЛГБТ-людзей у Малдове прыблізна на ўзроўні Літвы, калі не лепей. Дыскрымінацыя забароненая, тэма не цэнзуруецца, але аднаполыя стасункі легальна ніяк не прызнаюцца. Грамадская думка рэзка супраць правоў ЛГБТ-супольнасці: значна больш, чым ва Украіне, і ў некаторых апытаннях больш, чым у Расеі.

Расея

Рэйтынгі: 173 месца, 8,45 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: фактычна не абароненыя.

Расейская ЛГБТ-пара
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская ЛГБТ-пара.
Фота: Victoria_Regen / Pixabay

У Расеі прымаецца ўсё больш законаў супраць ЛГБТ-людзей: караюць ужо не толькі за «прапаганду» (як называюць практычна любую не негатыўную згадку існавання ЛГБТ), але з нядаўняга часу і за «навязванне інфармацыі, якая можа выклікаць інтарэс да змены полу і гомесексуальных адносінаў». У працэсе ўхвалення законапраект аб забароне змены полу. Найгоршая сітуацыя ў Чачэніі, дзе ідзе непрыхаваны пераслед ЛГБТ-людзей, застаюцца беспакаранымі катаванні і забойствы.

Грузія

Рэйтынгі: 109 месца, 24,55 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: усё складана.

Абарона правоў – прыблізна на ўзроўні Літвы. Дыскрымінацыя забароненая, тэма ЛГБТ не цэнзуруецца. Але аднаполыя стасункі легальна ніяк не прызнаюцца. Грамадская думка рэзка супраць правоў ЛГБТ-супольнасці, як і ў Малдове: значна больш, чым ва Украіне, і ў некаторых апытаннях больш, чым у Расеі.

Арменія

Рэйтынгі: 130 месца, 8,41 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: амаль не абароненыя.

Акцыя супраць гамафобіі ў Ерэване
Акцыя на Міжнародны дзень супраць гамафобіі, біфобіі і трансфобіі. Ерэван, Арменія. 17 траўня 2010 года.
Фота: pinkarmenia.org

Краіна апошняй у рэгіёне дэкрыміналізавала аднаполыя стасункі, толькі ў 2003 годзе. Дыскрымінацыя ЛГБТ-людзей не забароненая спецыяльнымі законамі. ЛГБТ-людзям забаронена нават служыць у войску, не тое, што ўсынаўляць дзяцей. Трансгендарныя людзі робяць аперацыі таемна, права змены полу ў законах няма. Тэма ЛГБТ не цэнзуруецца, але грамадская думка рэзка супраць ЛГБТ-супольнасці – ці не мацней, чым у Малдове або Грузіі.

Сярэдняя Азія: усё кепска

Іншыя краіны былога СССР – Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан – у абароне правоў ЛГБТ-людзей на ўзроўні Арменіі ці нават горш. Хіба ў Казахстане ёсць толькі некаторыя антыдыскрымінацыйныя законы.

А ў Туркменістане і Узбекістане секс між мужчынамі крыміналізаваны і караецца пазбаўленнем волі, хоць за секс між жанчынамі не караюць.

Польшча

Рэйтынгі: 87 месца, 15,05 % павагі правоў.

Аднаполыя шлюбы: забароненыя Канстытуцыяй.

Правы ЛГБТ-супольнасці: слаба абароненыя.

Парад роўнасці ў Варшаве, Польшча. 8 чэрвеня 2019 года.
Фота: Юлія Шаблоўская / belsat.eu

Польшча не ўваходзіла ў склад СССР, але пасля Другой сусветнай і амаль да распаду Савецкага Саюзу кантралявалася камуністамі. Цяпер у Польшчы прынятыя законы супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-людзей, але яны не перашкодзілі пэўным тэрыторыям абвясціць сябе «зонамі, свабоднымі ад ЛГБТ». Існуе пэўная цэнзура тэмы ЛГБТ. Легальна прызнаецца толькі супольнае пражыванне ЛГБТ-людзей у пэўных кантэкстах. Трансгендарны пераход моцна ўскладнены. Пры тым грамадская думка падзеленая, а вынікі шэрагу апытанняў больш падобныя да эстонскіх.

Былы камуністычны блок

На мапе «Рэйтынгу роўнасці» бачная пэўная карэляцыя: найбольш гамафобіі і найменш правоў у ЛГБТ-людзей у мусульманскіх, камуністычных і посткамуністычных краінах.

Аднак камунізм як ідэалогія наўрад ці наўпрост звязаная з гамафобіяй. Не ўсе камуністы былі супраць правоў ЛГБТ. Так, у Савецкім Саюзе спачатку дэкрыміналізавалі гомасексуальнасць, за Сталіным зноў крыміналізавалі. Існавалі ЛГБТ-людзі камуністычных поглядаў (і нават хадзілі непацверджаныя чуткі аб бісексуальнасці Маў Цзэ Дуна, Фідэля Кастра і Уладзіміра Леніна). Імаверна, сувязь можа быць хутчэй між дыктатурай і неабароненасцю правоў.

З посткамуністычных дзяржаваў Еўропы найвышэй у рэйтынгах правоў ЛГБТ Чэхія, Славенія і Харватыя. Дзяржавы, якія сёння фармальна ўсё яшчэ камуністычныя, у «Рэйтынгу роўнасці» нават вышэй за Сярэднюю Азію: Кітай блізкі да Украіны (правы абароненыя горш, але стаўленне людзей больш талерантнае), В’етнам і Лаос у гэтым рэйтынгу нават вышэй за Польшчу, а Куба ў сусветным топ-20 – летась там нават легалізаваныя аднаполыя шлюбы.

Фота
Самыя вядомыя пацалункі ў свеце і ў Беларусі
2022.07.06 21:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў