Беларускія чыноўнікі хочуць прымусова лячыць педафілаў і даюць бой нетрадыцыйным каштоўнасцям


Генеральная пракуратура Беларусі прыняла шэраг захадаў, нібыта каб абараніць традыцыйныя каштоўнасці ды дзяцей ад сексуальнага гвалту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звязаныя гэтыя захады, па словах начальніцы ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Анджалікі Курчак, з:

«Прапрацоўкай пытання ўзмацнення адказнасці бацькоў за неналежнае выхаванне дзяцей. Увядзенне адміністратыўнай адказнасці за прапаганду чайлдфры, прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў, педафіліі і змены полу».

Гэтак, паводле прадстаўніцы ведамства, Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала змены ў Крымінальны кодэкс. Яны прадугледжваюць новае пакаранне для асуджаных за сексуальныя злачынствы супраць няпоўнагадовых – прымусовае лячэнне.

Акурат дзеля гэтага Міністэрства аховы здароўя распрацавала адмысловы пратакол, які ўлучае як псіхатэрапеўтычныя метады, гэтак і медыкаментозныя, а менавіта – хімічную кастрацыю. Маўляў, антыандрагенавы метад – найбольш эфектыўны для зніжэння крымінальнай агрэсіі.

«Антыандрагены ўхваленыя для лячэння сексуальных злачынстваў больш як у 20 краінах, у прыватнасці, у ЗША (выкарыстоўваюцца ў шэрагу штатаў з 1996 года), Канадзе, краінах Еўропы, шэрагу краінаў Блізкага Усходу», – напісана на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Вось толькі статыстыка некаторых краінаў кажа адваротнае. Гэтак, у Інданезіі, дзе метад прымусовага лячэння педафілаў ухвалены ў 2017 годзе, адзначаецца рост сексуальных злачынстваў супраць дзяцей. Калі ў год прыняцця захады ў краіне было зарэгістравана 70 ахвяраў педафіліі, то на наступны год лічба вырасла ўдвая, а да жніўня 2019-га ўвогуле склала амаль 1200 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bicanski via pixnio.com, CC0

«Лукашэнка таксама хоча супакоіць бацькоў, якія не так даўно сутыкнуліся з вялікай колькасцю праблемаў, звязанай з навучаннем дзяцей. Спачатку гэта былі няправільна падлічаныя вынікі экзаменаў, якія пасля ўсё ж пералічылі. А пасля гэта былі чэргі ў дзіцячых садах, школах, з якімі рэжым, на жаль, не можа ўжо які год зрабіць нічога», – мяркуе беларуская кўір-актывістка Паша Джэджора.

А тое, што ў адзін шэраг з барацьбой супраць сексуальных злачынстваў у дачыненні дзяцей трапіла таксама і барацьба з нетрадыцыйнымі каштоўнасцямі, няма нічога дзіўнага, мяркуе кіраўнік расейскага рэсурснага цэнтру для ЛГБТ Арсеній Пастухоў. Такім чынам улады намагаюцца не толькі залагодзіць свой электарат, але і выхаваць пакаленне, якім проста кіраваць.

«Калі людзі разнастайныя, калі яны адбудоўваюць сваю ідэнтычнасць, то ў такім выпадку гэтыя людзі менш кіраваныя і часта менш мілітарызаваныя. Калі казаць аб нейкай ваеннай экспансіі, каб выкарыстоўваць іх з мэтай заваявання, то гэта значна цяжэй», – зазначае кіраўнік рэсурснага цэнтру для ЛГБТ у Расеі Арсеній Пастухоў.

І гэтае ўвядзенне не вынаходка беларускіх чыноўнікаў. Падобнае рашэнне летась прынялі ў расейскай Думе, чым асабліва захаплялася старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава пасля свайго візіту ў Маскву ў лістападзе мінулага года. І паводле беларускай кўір-актывісткі Пашы Джэджоры, пераемнасць можа быць зусім не выпадковай:

«Гэта яшчэ адзін крок на шляху да стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. І магчыма, у дадзены момант гэта прынята, бо з’яўляецца нейкай істотнай часткай усяго гэтага плану па інтэграцыі Беларусі ў сістэму Расейскай Федэрацыі, па пазбаўленні суверэнітэту і па падгоне нашага заканадаўства, нашых разнастайных праектаў пад тое, што ёсць у іх».

Што ж датычыць выкарыстання такіх захадаў, то ў Расеі яны закранулі не толькі актывістаў ЛГБТ-супольнасці. Пад пераслед трапляе любы чалавек, чые паводзіны могуць палічыць прапагандаю нетрадыцыйных каштоўнасцяў. Дакладных крытэраў пакуль няма.

Марыля Дакуцька, «Белсат»