Міністэртсва інфармацыі выступае супраць літаратуры ЛГБТК+


Літаратуры ЛГБТК+ на беларускіх паліцах не быць. У выданне «Салідарнасць» трапіў ліст Ігара Бузоўскага, намесніка міністра інфармацыі. У ім чыноўнік просіць паведамляць пра літаратуру ЛГБТК+. Мэта – пазбегнуць прапаганды. Каб зразумець наступствы, трэба ведаць, як гэты панятак трактуюць улады, патлумачыў заснавальнік праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» Алег Ражкоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нельга казаць пра факты дыскрымінацыі і нельга казаць пра мову варожасці ў бок ЛГБТК, нельга казаць пра тое, што гомасэксуальнасць, бісэксуальнасць паводле САЗ з’яўляюцца нормай. Пра гэта казаць нельга, але можна распальваць варожасць у дачыненні гэтай групы – і гэта будзе законна. Вось такі абсурд атрымліваецца», – кажа Алег Ражкоў.

Міністэрства інфармацыі баіцца, што расейскія выдаўцы ЛГБТ-літаратуры пачнуць распаўсюджваць яе праз Беларусь. Бо ў Расеі дзеіць закон супраць прапаганды ЛГБТ.

«Гэта не закране ЛГБТ-аўтараў, якія пішуць на зусім іншыя тэмы. То бок будзе забаронена трансляванне ці згадка гэтай групы. У той жа час ёсць адмысловая літаратура, напрыклад, нейкія гендарныя даследаванні. Ёсць нейкая літаратура навуковая, датычная гэтай тэмы – тэмы сексуальнасці, тэмы гендара. І вось такія выданні дакладна будуць забароненыя ў Беларусі», – прагназуе Алег Ражкоў.

У сваім лісце намеснік міністра інфармацыі піша пра пагрозу нацыянальным інтарэсам Беларусі, традыцыйным каштоўнасцям. Зазвычай сваю логіку ўлады тлумачаць артыкулам 32 Канстытуцыі пра абарону шлюбу як саюзу жанчыны і мужчыны.

«Калі дзеці ўбачылі аднаполыя стасункі і сталі геямі, лесбіянкамі, то няхай яны паглядзяць на гетэрастасункі і стануць ізноў гетэра. Яно так не працуе. Таму людзі баяцца не таго, што дзеці стануць ЛГБТК, а баяцца прызнацца, што дзеці, магчыма, ЛГБТК», – абураецца фем- і кўір-актывістка Наста Базар.

У гэтым пытанні ўрад плануе ўзяць прыклад з Расеі. Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава летась у снежні дзялілася ўражаннямі ад паездкі ў Маскву. Камандзіраванне прыпала акурат на 27 кастрычніка, калі Дума прыняла Закон аб забароне ЛГБТ-прапаганды. Пра наступствы распавяла прэс-сакратар крызіснай групы «СК SOS» з Расеі Аляксандра Мірошнікава:

«У Расеі гэты закон вельмі хутка стаў рэпрэсіўным. Прапаганду ЛГБТК+ сталі нацягваць на абсалютна любыя рэчы: ад нейкага паказу мод, дзе мужчыны нібыта былі апранутыя ў занадта жаноцкае адзенне, да любых згадак ЛГБТК-людзей. Гэта пашкодзіла звычайнаму бізнесу».

Рыторыка ўладаў на тэму ЛГБТ пераходзіць і на асобы. Гэтак, у 2012 годзе тагачасны нямецкі міністр Гіда Вэстэрвэле, адкрыты гей, назваў Лукашэнку апошнім дыктатарам Еўропы. У адказ атрымаў абразу:

«Лепш быць дыктатарам, чым “блакітным”, канешне».

А падчас паслання беларускаму народу 31 сакавіка Лукашэнка падзяліўся, што дзяўчатам ён даруе, бо, маўляў, вінаватыя ў гомасексуальнасці мужчыны:

«Што датычыцца геяў – гэта вычварэнства, гэта мярзота апошняя».

«Зараз, наколькі мне вядома, рыхтуецца даклад менавіта па тэме ЛГБТК пасля 20-га года, і, на жаль, вельмі шмат гісторыяў, калі да людзей з-за таго, што яны ЛГБТК, ставіліся яшчэ больш жорстка ў СІЗА, у турме, пры затрыманнях», – распавядае пра сітуацыю з правамі групы ЛГБТК+ у Беларусі Наста Базар.

Адзіны вядомы выпадак, калі беларускі суд кваліфікаваў гамафобію як распальванне варожасці, – справа Арцёма Шляхцёнка. У 2015 ён моцна збіў Аляксандра А. за арыентацыю і атрымаў 2 гады хатняй хіміі. Тым часам У 2014-м Дзмітрый Лукашэвіч жорстка збіў гомасексуала Міхаіла Пішчэўскага. Пазней пацярпелы памёр. Агулам, у тым ліку дзякуючы амністыі, злачынца адседзеў за гэта менш за 3 гады. Прыкметаў гамафобіі суд не стаў вывучаць.

Яна Шэк, «Белсат»