Памылка ў кодзе нацыянальнай свядомасці: калі чытаеш каментары пад артыкулам пра ЛГБТ

Нядаўна на сайце радыё «Свабода» было апублікаванае інтэрв’ю з квір- і фемактывісткай Настай Базар.

Наста Базар, беларуская феміністка і экспертка ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі. Кiеў, Украіна. 22 верасня 2021 года.
Фота: ЯА / Белсат

Інтэрв’ю было, безумоўна, важнае і цікавае: Наста гаварыла пра сексуальную аб’ектывацыю, бі-цікаўнасць («bi-curious»), гамафобію як палітычны прыём. Але яшчэ больш цікавымі мне падаліся каментары пад гэтым інтэрв’ю:

«ЛГБТ – тэрарыстычная арганізацыя супраць прыроды Чалавека».

«Вы яшчэ ўкраінцам прапануйце заняцца гэтымі «праблемамі», пакуль у іх людзі на фронце гінуць».

«Ды каму такая патрэбная?»

«Калі няма пра што пісаць, тады можна і пра блакітных».

«Гендарная ідэалогія – гэта і ёсць праява нецярпімасці».

Троху няёмка цытаваць гэтыя выказванні, але давайце паспрабуем паглядзець на іх з аналітычнага гледзішча. Адразу кідаецца ў вочы, што пераважная частка гэтых (больш за сотню) каментароў напісаная мужчынамі і па-беларуску, а гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, іх аўтарства рэальнае. Гэта не праплачаныя «боты» і не адэпты «русского мира», але – беларускага свету. У гэтым свеце на Беларусь не глядзяць як на частку Расейскай імперыі. Беларусь там – асобная, незалежная і жывейшая за ўсіх жывых. У ёй шмат увагі надаецца культуры ўва ўсіх яе праявах: можна атрымаць беларускамоўную адукацыю пачынаючы з садка, можна піць каву ў беларускамоўных кнігарнях, можна слухаць па радыё якасныя беларускамоўныя бэнды, можна займацца сексам па-беларуску. Але ўсё гэта, на жаль, існуе толькі для адной часткі людзей – цысгендарных і гетэрасексуальных. Гэтыя сапраўдныя беларусы і беларускі будуць надалей ствараць новых беларусікаў, а тыя – новых, і так нацыя будзе квітнець і шырэць, пакуль Расея канчаткова не разваліцца і не забудзецца на свае імперскія звычкі.

Шлях да беларускага свету будзе няпросты і засланы загубленымі лёсамі шматлікіх людзей: тых, хто закатаваны ў турмах; тых, каго не змаглі закатаваць, але хто ўсё жыццё будзе загойваць раны; тых, хто загінулі пры абароне Украіны і атрымалі пазней прыгожыя медалі… Іхны позірк будзе накіраваны ў мінулае, бо ў ім схавана ўсё нацыянальнае, што трэба адраджаць і ўзнаўляць. Чэрпаць урокі мудрасці з мінулага, вучыцца на ім, каб не здзяйсняць новых памылак.

У гэтым новым беларускім свеце ў нас нарэшце з’явіцца свая палітычная эліта, сярод якой нават будуць, як ні дзіўна, некалькі жанчын. Прадстаўнікі і прадстаўніцы гэтай эліты будуць дыпламатычна выказвацца наконт розных «цяжкіх» пытанняў так, што камар носа не падаткне, бо правы чалавека – найвышэйшая каштоўнасць. Але правы чалавека можна тлумачыць, а тым больш – практыкаваць, вельмі па-рознаму. Беларускі свет будзе ісці сваім асобным ганаровым шляхам, але адначасова – будзе ісці за трэндамі. Бо жыццё ненароджанага дзіцяці – каштоўна, і гэта трэба вырашаць на ўзроўні закону, а не асабістага выбару чалавека; бо Беларусь перадусім – а астатняе хай пачакае; бо на кожным пачку смятаны ці печыва трэба будзе намаляваць бел-чырвона-белы сцяг, бо важна купляць беларускае, а не польскае, нямецкае ці тым больш кітайскае.

Меркаванні
Як падабраць ключы ад беларускіх турмаў і вызваліць палітвязняў?
2023.01.13 19:06

Людзі, якія напісалі абразлівыя каментары пад інтэрв’ю з Настай Базар, валодаюць унікальным навыкам спалучаць у сваёй карціне свету цалкам супрацьлеглыя ідэі. Яны лепш за ўсіх вам растлумачаць, чаму Лукашэнка і Пуцін – мудакі, як важна трымацца ідэяў роўнасці і галоснасці і першымі набудуць квіткі на лоўкосты з Менску ва ўсе еўрапейскія краіны па чарзе, і нават не толькі на шопінг, але таксама ў музеі ці на фестывалі. Яны нават, калі на тое пайшло, ужо пераехалі ў іншыя краіны ў пошуках лепшай долі, дзе за антываенны каментар у сацсетках або за колер шкарпэтак цябе ніхто не пасадзіць, а вось за публічную абразу або адкрытую дыскрымінацыю – могуць. Яны – старанныя грамадзяне, чый росквіт свядомасці адбыўся ў 2020 годзе, і яго больш не спыніць і не стрымаць. Але разам з гэтым – у код іхнай нацыянальнай свядомасці назаўжды ўшытая памылка, якой ніхто, нават самы адчайны праграміст, ужо не зможа выправіць.

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў