Праваслаўныя святкуюць Вербную нядзелю. Прыкметы, што можна і што нельга рабіць у гэты дзень


28 красавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць вялікае свята – Уваход Гасподні ў Іерусалім, ці Вербную нядзелю.

Вербніца. Чырвоны касцёл у Менску. 28 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

У гэты дзень успамінаюць, як Ісус Хрыстос верхам на асле заехаў у Іерусалім, дзе яго сустрэў радасны народ і ў знак павагі ўсцеліў дарогу пальмавымі галінамі.

Сімвалам свята з’яўляюцца галінкі вярбы, таму і нядзеля называецца Вербнай. У храмах у гэты дзень праходзяць урачыстыя службы, на якіх асвячаюць вербавыя галінкі – як сімвал перамогі жыцця над смерцю.

Прыкметы на 28 красавіка

У народным календары прыметы дня паказваюць на тое, якім будзе надворʼе і ўраджай:

  • сонечна і ясна – да дажджу;
  • дзьмухаўцы не квітнеюць – лета будзе засушлівым;
  • надворʼе цёплае і яснае – восенню будзе багаты ўраджай;
  • мароз ударыў – будзе ўраджай грэчкі і пшаніцы;
  • ветранае надворʼе – да прахалоднага лета.

Таксама прыкмячаюць: калі бяроза распусцілася раней алешыны – лета будзе сухім, а калі алешына першай – дажджлівым.

Што можна рабіць 28 красавіка

У Вербніцу добра наведаць царкоўную службу, а пасля асвяціць галінкі вярбы. Асвячоныя галінкі ставяць у хаце каля іконы. У народзе лічыцца, што асвячоная вярба абараняе сямʼю ад бед і мае гаючыя ўласцівасці. Вербавыя галінкі належыць захоўваць роўна дванаццаць месяцаў, пасля чаго іх трэба спаліць і закапаць у зямлю або выкінуць у раку.

Таксама адна з традыцый гэтага дня – блізкія людзі злёгку бʼюць адзін аднаго галінамі вярбы, каб выгнаць хваробу.

Працягваецца Вялікі пост 2024, але тым, хто посціць, у свята ёсць паслабленне – можна есці гарачую ежу з маслам і рыбу, можна выпіць крыху віна.

Што нельга рабіць 28 красавіка

Сёння строга забаронена спрачацца, крычаць і лаяцца. Варта ўстрымацца ад шумных мерапрыемстваў, празмернасцяў у ежы і фізічных нагрузак – нельга працаваць, займацца ўборкай і іншымі хатнімі справамі. Час трэба прысвяціць духоўнаму, а не свецкаму.

Прыкметы гавораць, што ў гэтую дату трэба абавязкова памяняць пасцельную бялізну – так у вас атрымаецца наладзіць адносіны з блізкімі людзьмі і прыцягнуць у дом дабрабыт. У гэтую дату можна грызці галінкі рабіны, калі баляць зубы, і падстаўляць хворую частку цела пад патокі ветру – любыя хваробы пройдуць вельмі хутка.

28 красавіка катэгарычна забаронена даваць грошы ў доўг – вам іх не вернуць. Не варта заручацца і сватацца – шлюб не будзе шчаслівым. Падушкі і матрацы ператрэсваць нельга (у адрозненне ад змены пасцельнага) – да разладу ў сямʼі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў