Як падабраць ключы ад беларускіх турмаў і вызваліць палітвязняў?

Насту Лойку назвалі «праваабаронцай году». «Хай яе парадуе» – напісаў нехта ў чаце. І вось я думаю – а што для Насты ў гэтым радаснага будзе? Паштоўкі віншавальныя ёй, ці што, часцей даходзіць стануць? Або ўрачыстую вячэру з веганскім ласосям для яе зладзяць у гонар гэтага?

Наста Лойка.
Фота: Белсат

З Нобэлеўскай прэміяй для Алеся Бяляцкага таксама былі падобныя адчуванні. З аднаго боку – свята, накшталт, атрымліваецца, радавацца трэба. Схадзіла нават адсвяткаваць куфлем пеністага ў кампаніі берлінскай дыяспары. Але ў той жа час думала – а самому Бяляцкаму, цікава, ці стала ад гэтай прэміі ў СІЗА лягчэй? Або для яго ў гонар гэтага дадатковыя здзекі прыдумалі, бо над нобэлеўскім лаўрэатам здзекавацца куды больш «ганарова», чым над звычайным зняволеным?

Часта фантазіі пра палітвязняў мне ўдаецца спыніць адразу, яшчэ да таго, як яны афармляюцца ў выразныя вобразы і падмацоўваюцца вядомымі фактамі пра тое, хто колькі дзён не прымаў душ ці як адчуваецца боль ад язвы падстраўнікавай залозы. Часам націснуць на тормаз своечасова не атрымліваецца, і тады ўжо мозг пачынае нездарова «разганяцца» і маляўніча ўяўляць, як у турме мерзне той ці іншы сябручок, якую брыдоту ён сёння еў на абед, як яго бесяць прапагандысцкія сюжэты па тэлевізары, як адчуваюцца 10 дзён у ШІЗА без зносін з сукамернікамі або чытання кніжак… Прыкладна ў гэты самы момант рэзка спыняю сябе, таму што разумею, што тут я на краі прорвы. Эмпатыя – гэта, вядома, ўзрушаюча, вельмі важны жыццёвы навык, але ў гэтай канкрэтнай сітуацыі эмпатыя ніяк не дапаможа. Сяброўка ў турме не зможа адчуць гэтую эмпатыю, што б ні казалі разнастайныя духоўныя вучэнні пра энергетычныя варонкі. Са сфер энергетычных лепш накіравацца ў сферы цалкам матэрыяльныя, з вымернымі кілаграмамі пасылак або сабранымі грашыма на адваката. Зрэшты, палітычныя сферы таксама можна разгледзець.

У адзін і той жа дзень з навінамі пра прэмію для Насты я даведалася пра новую (або нядаўна апублікаваную?) ініцыятыўнай групе сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў. «Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых блізкіх сёння робіцца недастаткова», – гаворыцца ў публічным звароце групы, якая, сярод іншага, агучвае ідэю «перамоўных працэсаў» з дзеючай уладай. Недастаткова, верагодна, у кантэксце гэтай заявы робіць у тым ліку Ціханоўская і яе каманда, якія лічаць (і не раз публічна заяўлялі пра гэта) недапушчальным падобны «гандаль людзьмі», і перакананыя, што зняцце санкцый з Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў развяжа яму рукі і толькі пагоршыць сітуацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паштоўкі і канверты для палітвязняў.
Фота: Белсат

Цяперашняя стратэгія Ціханоўскай і яе каманды па пытанні палітвязняў вельмі зразумелая людзям са свету палітыкі, у тым ліку Еўрапарламенту. Аргументы пра тое, што з Лукашэнкам гандлявацца нельга, што ён саўдзельнік вайны, што ён творыць зло не толькі ўнутры Беларусі, але і за яе межамі (гаворка пра мігрантаў на польскай мяжы і прымусовую пасадку самалёту), што на месцы аднаго вызваленага з’явіцца пяць новых зняволеных – лагічныя і зразумелыя. Цвярозыя – я б нават так сказала. Але ўсё гэта – аргументы са свету міжнароднай палітыкі, дзе ўсё трэба пралічваць на некалькі крокаў наперад і дзе праблема ваганеткі, як і праблема палітвязняў, развязваецца ўтылітарысцкім спосабам.

Пры такім раскладзе, хай лепш дзве тысячы палітвязняў адсядзяць свае тэрміны і перажывуць (калі пашанцуе) катаванні і здзекі, затое Лукашэнку можна будзе «даціснуць». А потым, глядзіш, Украіна пераможа, і тады наогул можна будзе шахматы на палітычным полі па-іншаму расстаўляць. Новая ініцыятыўная група публічна, а не ўзроўні кухонных размоваў, выходзіць з утылітарысцкіх рамак мыслення і прапануе падумаць аб тым, што адбываецца ў іншым вымярэнні, дзе канкрэтна тут і цяпер канкрэтныя людзі праводзяць свае дні ў турме, а маглі б быць на волі, у асяроддзі блізкіх, гуляць са сваім сабакам і даследаваць веганскія кафэ ў ваколіцах, – і для гэтага можна нешта зрабіць. Так, не ўсё, так, з наступствамі, але тут нават адно выратаванае жыццё мае абсалютную каштоўнасць.

У дыскусіях, кажаце, нараджаецца ісціна? Хочацца верыць, што калі дыскусіі пра лёс палітвязняў суправаджаць канкрэтнымі справамі, дзе ўсе абараняюць сваё ўразнабой і адны прэмію ладзяць, іншыя фонд для падтрымкі рэпрэсаваных арганізуюць, трэція спраўна пішуць лісты, чацвёртыя збіраюць перадачкі, а пятыя прыдумляюць, як «уламаць» Лукашэнку на вызваленне, – усім нам будзе трошкі лепш жыць. Таму што ў нас на ўсіх адна вялікая турма і ключ ад яе дзвярэй адзін не падбярэш, тут важкая звязка спатрэбіцца.

Меркаванні
Як я перастала марыць пра паездкі ў Беларусь і зрабілася калумністкаю
2022.12.26 14:57

Віка Біран / ІР belsat.eu

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў