Сваякі палітвязняў аб'ядноўваюцца


Для вызвалення беларускіх палітвязняў робіцца недастаткова, заявілі родныя палітзняволеных і былыя палітвязні – ды абвясцілі пра стварэнне абʼяднання. У ініцыятыўную групу ўвайшлі сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай Андрэй Лойка і былая жонка Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Задача – абʼяднанне родных дзеля таго, каб была магчымасць праявіць сваю субʼектнасць. Уключацца ў партнёрства з іншымі субʼектамі грамадзянскай супольнасці, з заходнімі партнёрамі, з палітыкамі і пачынаць распрацоўваць іншую стратэгію вызвалення палітвязняў ды дасягаць гэтай мэты», – кажа Святлана Мацкевіч.

Галоўнай задачай ініцыятары абʼяднання лічаць вызваленне ўсіх палітвязняў і поўнае спыненне рэпрэсіяў у Беларусі. А спосабы развязку гэтае задачы могуць быць рознымі, гаворыцца ў звароце:

«Кожны вызвалены палітвязень – гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хоць бы аднаго чалавека – мы павінныя гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма».

Галоўным спосабам зрушыць сітуацыю з мёртвага пункту і дасягнуць мэты вызвалення палітвязняў ёсць перамовы, у тым ліку – з рэжымам Лукашэнкі, мяркуе Святлана Мацкевіч.

«Я думаю, што трэба задаваць пытанне ў тым ліку рэжыму, таму боку: што яны хочуць? Не дадумваць за іх і не прагназаваць іх спосаб паводзінаў, хоць і прагназаваць трэба. Але як мінімум наўпрост запытацца: што вы хочаце? І ад гэтага карэктаваць уласныя дзеянні», – кажа Святлана Мацкевіч.

Палітзняволены Уладзімір Мацкевіч амаль не атрымлівае лістоў, а інфармацыю пра яго можна даведацца толькі праз рэдкія тэлефонныя званкі родных. Не атрымлівае лістоў і Паліна Шарэнда, не прынялі для яе абавязковай перадачы. А заробак палітзняволенай, на які яна можа набыць неабходнае, – здзеклівыя капейкі.

Палітзняволены Уладзімір Лабковіч падчас сённяшняга судовага працэсу заявіў пра падвышаную тэмпературу, але суд не перанеслі, а вясноўцаў па-ранейшаму трымаюць у клетцы ў кайданках. І стаўленне да затрыманых толькі пагаршаецца.

«Мы мусім разумець, што з таго моманту, як толькі чалавек трапіў у поле зроку спецслужбаў, ён ужо рызыкуе трапіць на “пакаяннае” відэа і мы можам толькі здагадвацца, што з ім адбывалася, бо сілавікі адпусцілі ўсе магчымыя тармазы ў рамках сваіх унутраных памкненняў да садызму і здзекаў. Тое ж датычыць начальнікаў калоніяў і адміністрацыяў калоніяў, турмаў», – кажа прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «» Вячаслаў Касінераў.

Беларускія ўлады заяўлялі, што з 2020 года завялі больш за адзінаццаць тысяч крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі і палітыкай. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у краіне 1441 палітвязень, але праваабаронцы маюць інфармацыю не пра ўсіх, да таго ж, некаторыя не хочуць публічнасці і нават просяць не лічыць іх палітзняволенымі. «Dissidentby» называе свае лічбы – 1712 асобаў за кратамі праз палітычныя матывы.

«Калі ідзецца пра нейкія перамовы і нейкія дачыненні ці дамоўленасці – то палітвязні, іхная свабода, усіх без выключэння, – гэта перадумова для гэткіх крокаў», – кажа Вячаслаў Касінераў.

Бо нават калі ўсіх вядомых палітвязняў улады выпусцяць у выніку перамоваў, то для рэшты затрыманых з палітычных матываў створацца яшчэ цяжэйшыя ўмовы, лічыць Вячаслаў Касінераў.

На момант стварэння матэрыялу пад зваротам Абʼяднання сваякоў і колішніх палітвязняў – дваццаць дзевяць адкрытых подпісаў, падпісаць яго можна і непублічна.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»