У Палку Каліноўскага канфлікт. Чаму добраахвотнікі патрабуюць рэформаў?


Большасць ваяроў і камандзіры Палка Каліноўскага з аднаго боку ды частка камандзіраў падраздзяленняў і штабу – з другога. У  фармаванні беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне крызіс, пра які выказаўся нават Аляксандр Лукашэнка. У чым сутнасць спрэчкі, якія праблемы хочуць развязаць ваяры, чаго яны дабіваюцца і хто вызначае іхны лёс цяпер? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Аляксандрам Клачком, былым ваяром палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Кусь.

Сяргей Пеляса: Такое ўражанне, што ў палку Каліноўскага выбухнуў канфлікт, вулкан, які бурліў недзе пад зямлёю даўно. Мне як валанцёру, які дапамагае палку Каліноўскага, вядома, у чым была рэч. Ваяры хочуць рэформаў, але гэта не ўсім падабаецца. Прадстаўнікі палка адмовілі мне ў каментары. Хацеў цябе як былога добраахвотніка, які добра ведае сітуацыю, папрасіць апавесці, што там адбываецца.

Аляксандр Клачко: Калі коратка, то адбываецца спроба правесці рэформу, якая наспела даўно: на маю думку, гэта яшчэ зараджалася з часу, калі быў жывы Брэст, канец траўня 2022 года. На сёння апошняю кропляю сталася сітуацыя, калі частка дзейных байцоў палка Каліноўскага пастанавіла пайсці балатавацца ў Каардынацыйную раду і супраць гэтага выступіла кіраўніцтва палка.

Усё кіраўніцтва ці частка?

Правільна сказаць частка кіраўніцтва. Было праведзенае 18 красавіка сёлета паседжанне рады камандзіраў, на якім пастанавілі, што тыя байцы, якія ідуць у КР і ёсць дзейнымі добраахвотнікамі палка Каліноўскага, мусяць сысці з палка. 22 красавіка адбыўся агульны сход байцоў палка Каліноўскага. Я не магу сказаць, колькі байцоў прысутнічала, але там былі разгледжаныя тры пытанні. 78 % прагаласавалі за адмену пастановы рады камандзіраў. 84 % прагаласавалі за выключэнне з палка аднаго з байцоў, які займае кіроўную пасаду ў палку. 91 % байцоў – за стварэнне працоўнай групы, якая распрацуе і прапануе на зацверджанне байцоў статут палка, якога не было.

Агляд
Полк Каліноўскага забараніў ваярам удзельнічаць у выбарах у КР. Гэта спадабалася не ўсім
2024.04.25 13:05

Цікава, што гэтае рашэнне сходу ваяроў, ініцыяванага камандзірам палка Дзянісам Кітом Прохаравым, апублікавалі на старым сайце kalinouski.org, бо цяпер афіцыйны сайт – bel.army. На афіцыйных каналах пішуць, маўляў, з’яўляюцца фэйкавыя паведамленні, не чытайце іх, у нас уся інфармацыя. Аднак тыя ваяры, за тое, каб браць удзел у выбарах у КР, выдаліць аднаго з кіраўнікоў штабу з палка, мусілі апублікаваць на старым сайце. Ясна, што іскрай, якая распаліла полымя, было рашэнне рады камандзіраў забараніць браць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду. Выбары маюць адбыцца 25 траўня. Ці толькі ў гэтым праблема?

Гэта было трыгерам, апошняю кропляй. Гэтая рэформа спела даўно. Без яе полк Каліноўскага спыніўся ў сваім развіцці. Я не буду казаць пра нутраную кухню палка, бо мая мэта не разбурыць полк, а каб полк развіваўся далей.

Летась за падтрыманне палка Каліноўскага мяне ўзнагародзілі дыпломам і адзнакай за нумарам 21. Я заангажаваны ў падтрыманне палка Каліноўскага, нягледзячы на тое, хто ім кіруе і хто змагаецца. Я, згодна з журналісцкімі стандартамі, звярнуўся па каментар да абодвух бакоў. Я папрасіў каментар у кіраўнікоў рэфармістаў, якія правялі сход, а таксама ў Міколы Дземідзенкі, які рэпрэзентуе другі бок. Абодва бакі адмовілі ў каментары, спасылаючыся на тое, што ёсць пэўнае абмежаванне і чакаюцца рашэнні ўкраінскага камандавання, бо полк Каліноўскага – структура, якая фармальна належыць ЗСУ і падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню выведкі. Я напісаў запыт у ГУР Украіны. Я не атрымаў адказу. Цытую, што я запытаў: ці маюць права беларусы, вайскоўцы ЗСУ, якія падпісалі кантракты з войскам, браць удзел у працы Каардынацыйнай рады, незалежнага прадстаўнічага органу? Наколькі я разумею, ні заканадаўства Украіны, ні этыка ваяроў не забараняе таго, каб беларусы маглі браць удзел у выбарах. Гэты орган можа каардынаваць дзеянні добраахвотнікаў, палітычных колаў. Ты таксама кандыдат у КР. Апавядзі, чаму ты пастанавіў паспрабаваць сябе ў ролі палітыка і пайсці на выбары, каго будзеш там рэпрэзентоўваць?

Я доўга вагаўся. За тое, каб не ісці, было маё перабыванне ў грамадскім камітэце ў справе выбараў у КР. Я пабачыў, як працуе камітэт, якія каштоўнасці ў часткі асобаў там, каштоўнасці тых асобаў, якія ў Каардынацыйнай радзе другога склікання. Мякка кажучы, я быў у шоку, што такое адбываецца. Мы месяц абмяркоўваем гендарныя квоты. Каб вы разумелі, я не супраць жанчын, бо нармальныя людзі галасуюць не за гендар, а за каштоўнасці і мэты. Я галасаваў за Караткевіч у 2015 годзе без гендарных квотаў, у 2020-ым я галасаваў за Ціханоўскую без гендарных квотаў. Я не разумею любых квотаў пры балатаванні ў такую структуру, як КР. За 10 дзён да выбараў у КР я вагаўся, асабіста я б не пайшоў, але перамагло агульнае разуменне, што гэта інструмент, які выкарыстоўваецца не на карысць Беларусі. І трэба паспрабаваць змяніць кірунак выкарыстання гэтага інструменту. Інструмент важны і падтрымліваецца краінамі Захаду.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў