Прызнанне «экстрэмісцкімі» фотаздымка і песні


«Белсат» штодня вядзе хроніку рэпрэсій, якую праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да ўласнага народа.  

Скрыншот старонкі Паўла Кулажэнкі, фотаздымак на якой быў прызнаны «экстрэмісцкім».
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Стала вядома пра затрыманне евангельскага прапаведніка Мікалая Хілы. Яго затрымалі яшчэ 24 красавіка. Прычыны і нагоды для затрымання невядомыя. Зараз прапаведнік знаходзіцца на Акрэсціна.

МУС абнавіў так званы «Спіс экстрэмістаў». Гэтым разам ён уключыў у яго яшчэ 14 чалавек.

Суд Гомельскага раёну прызнаў кампазіцыю «Песенька вясёлага беларуса» спевака Ap$entа «экстрэмісцкім матэрыялам». За чатыры гады трэк праслухалі каля мільёна разоў.

Суд Лідскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт «vikingmma» — блогера і добраахвотніка Паўла Кулажэнкі, а таксама лагатып акаўнту, «які прадстаўляе сабой фатаграфію Кулажэнкі Паўла Аляксандравіча, 5 студзеня 1984 года нараджэння, які ўключаны ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Акрамя таго, у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі ўключаныя наступныя рэсурсы:

  • Telegram-каналы і чаты «Общество воли и дела», «ДЕМОКРАТИЯ И ПОРЯДОК», «Iвэнты ЦНI», «DYCHAJ VOLNA», «АВВА – Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой», «Наши в Варшаве»;
  • Instagram старонкі «pratest_vulic», «chali_night», «Обычное утро»;
  • старонкі ва «Укантакце» «Сергей Сергеев», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя»;
  • YouTube-канал і сацсеткі Андрэя Курэйчыка;
  • сайт і сацсетку праекту «Врачи за правду и справедливость»;
  • суполкі ва «Укантакце», Facebook i «X» праекту «UDF»;
  • TikTok-старонкі «rasstrigaby», «thisminsk», «news.create».

У тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася «пакаяльнае відэа» з жанчынай, затрыманай за ўдзел у пратэстах 2020 года ў Менску. Але на відэа жанчына не прызнае сваёй віны і кажа, што ішла пешшу да сваёй дачкі, бо ў гэты час не працавалі аўтобусы.

26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска прайшоў суд над палітзняволенай каталіцкай актывісткай Аксанай Ючкавіч. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Аксану затрымалі 23 студзеня 2024 года, і з таго часу знаходзілася ў зняволенні.

У тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася відэа з затрыманых жыхаром Берасця. У «пакаяальным відэа» мужчына кажа, што падчас паслявыбарчых акцыяў пратэсту ён кідаў у міліцыянтаў камяні, палкі, брук і разабраныя рэкламныя канструкцыі. Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ў відэа бачна, што мужчына кульгае пасля затрымання.

Стала вядома, што Ніне Багінскай прысудзілі чарговы штраф у судзе Савецкага раёна Менска. Сума штрафу складае 2400 рублёў (600 базавых велічыняў). Падставай для гэтага стаў нацыянальны сцяжок, які падчас ператрусу міліцыянты знайшлі на тумбачцы ў пакоі пенсіянеркі напрыканцы сакавіка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў