Супраць Расеі ўвялі новы пакет санкцыяў. Але чаму ён не закрануў Беларусі?


Еўразвяз 16 снежня апублікаваў дзявяты пакет санкцыяў супраць Расеі як чарговы адказ на вайну ва Украіне. Аднак новы пакет не закрануў Беларусі, на тэрыторыі якой размешчаныя расейскія войскі.

Разбіраемся, чаму санкцыі не закранулі афіцыйнага Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Работнік стэнду чакае наведнікаў на выставе тактычнага рыштунку. ВДНГ у Маскве, Расея.
Фота: Yulia Morozova / Reuters / Forum

Раней, 4 снежня, журналіст Рыкард Юзьвяк паведамляў, што Еўрапейская камісія праінфармавала краіны – чальцы ЕЗ пра дзявяты пакет санкцыяў супраць Расеі: «Еўрапейская камісія сёння правяла брыфінг для прадстаўнікоў краінаў – чальцоў Еўразвязу з нагоды дзявятага пакету санкцыяў, што ўводзяцца супраць Расеі. Цікава, што ён не скіраваны на Беларусь (ізноў)».

Гэта ўжо другі раз запар, калі санкцыі ў адказ на расейскае ўварванне ва Украіну ўводзяць толькі супраць Расеі, але не Беларусі, на тэрыторыі якой месцяцца расейскія войскі, што перыядычна абстрэльваюць Украіну.

«Белсат» пацікавіўся ў Офісу Святланы Ціханоўскай, з якой прычыны гэтым разам санкцыі зноў не закранулі Беларусі. Аднак у Офісу інфармацыі няма, бо яе ніхто не дае.

«Эксперты выказваюць свае меркаванні наконт таго, хто павінен трапляць пад санкцыі, якія павінны быць санкцыі ды іншае, але гэта рашэнне толькі таго боку, які ўводзіць санкцыі. Калі гэта санкцыі Еўразвязу, то гэта яго рашэнне. Калі гэта амерыканскія санкцыі, то гэта іх рашэнне, каго залучаць у санкцыі. І гэта не Ціханоўская заклікае да гэтага, не яна накладвае санкцыі, гэта санкцыі адпаведных краінаў або арганізацыяў, якія ёсць адказам на дзеянне рэжыму», – кажа прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Паводле Ганны, Офіс са свайго боку можа пацікавіцца, чаму санкцыі не ўвялі, але іх не апавяшчаюць пра такое і не абавязаны адказваць. Таму найчасцей Офіс не мае рэальнай інфармацыі, чаму гэтага не зрабілі, калі няма нейкіх інсайдаў або афіцыйных звестак.

Нагадаем, што ў кастрычніку лідары краінаў ЕЗ пагражалі Беларусі новымі санкцыямі, калі Аляксандр Лукашэнка працягне падтрымліваць Расею ў вайне супраць Украіны.

«Еўрапейская рада заклікае ўлады Беларусі спыніць удзел у агрэсіўнай расейскай вайне, у тым ліку ўстрымацца ад дазволу выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі і падтрымання расейскіх войскаў. Беларускі рэжым павінен цалкам выконваць свае абавязанні ў міжнародным праве. Еўразвяз гатовы да хуткага ўвядзення новых санкцыяў супраць Беларусі, калі гэта будзе неабходным», – адзначалася ў праекце рэзалюцыі саміту ЕЗ.

Магчымыя прычыны неўвядзення санкцыяў

Мабыць, пакуль беларускі рэжым не перайшоў «чырвонай рысы», пасля якой у дачыненні Беларусі маглі б увесці санкцыі. Гэтак мяркуе каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка. Гэта, на ягоную думку, адна з трох магчымых прычынаў неўвядзення санкцыяў.

Паводле Мажэйкі, у Беларусі і Расеі апошнія месяцы зусім розная ступень ваеннай актыўнасці: «Відавочна, што Расея робіць нашмат больш [у плане агрэсіі супраць Украіны], чым Беларусь, не было такіх актыўных нападаў з беларускіх тэрыторый, як раней. І калі знутры Беларусі гэта адчуваецца як канстанта, што заўсёды могуць атакаваць, то для Еўропы пакуль гэта не так, ім здаецца, што, магчыма, і надалей не будзе нападаў».

Другою магчымаю прычынаю неўвядзення санкцыяў, на думку Мажэйкі, можа быць «нейкі аванс» і спроба паказаць: «вось бачыце, калі нападаў няма, то і санкцыяў мы не ўводзім». Даць зразумець, што падыход і паводзіны могуць быць розныя.

«Таксама нельга скідаць з рахункаў дыпламатычную актыўнасць Менску. Мы бачым, як актыўна развіваюцца кантакты ў Вугоршчыне, дзе беларускі амбасадар Уладзімір Улаховіч актыўна сустракаецца з мясцовымі чыноўнікамі і арганізуе шмат мерапрыемстваў па бізнес-лініі», – кажа эксперт сеткі «Наша меркаванне». Канчаткова гэта можа прывесці да таго, што Вугоршчына пакуль не гатовая будзе падтрымліваць нейкіх новых санкцыяў супраць Менску, а еўрапейскія партнёры будуць не гатовыя ціснуць дзеля гэтага на Вугоршчыну, мяркуе Мажэйка.

Аднак чым больш будзе павялічвацца вайсковая актыўнасць з боку Беларусі, тым больш гэтыя санкцыі будуць пашырацца.

«На гэты момант мы бачым, што ўся актыўнасць, якая ёсць, – мабілізацыя, вучэнні, падвышаная гатовасць – гэта ўсё пакуль застаецца ў межах інфармацыйнай аперацыі Менску, якая правакуе адцягненне ўкраінскіх войскаў ад баявых дзеянняў. І паступова гэтая думка ў тым ліку даходзіць і да заходніх медыяў ды палітыкаў.

Хоць часткова беларускай прапагандзе ўдаецца прасоўваць наратыў пра тое, што Пуцін падштурхоўвае беларускае войска да ўдзелу ў вайне, а Лукашэнка нібыта супраціўляецца гэтаму. Ніякіх доказаў такому наратыву няма, але ён часткова прасоўваецца, што таксама «адхіляе» ўвядзенне санкцыяў. Заходнія палітыкі лічаць, што калі Лукашэнка так супраціўляецца, то не трэба лішні раз яго правакаваць. І такія выказванні мы бачым у тым ліку і з боку Кіева», – сцвярджае Вадзім Мажэйка.

Праз што ўводзілі папярэднія санкцыі супраць Беларусі

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Еўразвяз прыняў ужо 7 пакетаў санкцыяў супраць Беларусі. Першапачаткова санкцыі ўводзіліся за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, але з пачаткам расейска-ўкраінскай вайны маштабы абмежаванняў павялічыліся. Супраць чаго былі ўведзеныя гэтыя санкцыі?

Першы пакет санкцыяў увялі ў кастрычніку 2020 года. Тады Еўрапейская рада заклікала ўлады Беларусі «спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых і палітычных вязняў, паважаць свабоду медыяў і грамадзянскай супольнасці, а таксама пачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог». Абмежаванні мелі на мэце індывідуальныя санкцыі супраць 40 грамадзянаў Беларусі, якіх прызналі адказнымі за «рэпрэсіі ды запалохванне мірных дэманстрантаў, сябраў апазіцыі і журналістаў у кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і за парушэнні выбарчага працэсу». Аднак у гэты спіс не трапіла найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі.

У лістападзе 2020 года ўзгаднілі другі пакет санкцыяў. Ён прадугледжваў павелічэнне спісу беларускіх грамадзянаў, супраць якіх дзеюць індывідуальныя санкцыі, на 15 чалавек. Тады ў яго залучылі Аляксандра Лукашэнку.

У сярэдзіне снежня 2020 года былі ўзгодненыя новыя санкцыі (трэці пакет) супраць яшчэ 27 фізічных асобаў – «эканамічных актараў, бачных бізнесоўцаў і кампаніяў, якія атрымліваюць выгаду і/або спансаруюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі», – і 7 кампаніяў з Беларусі. Актывы кампаніяў былі «замарожаныя», ім было забаронена атрымліваць фінансавыя сродкі ад грамадзянаў і кампаніяў з ЕЗ.

Пасля пасадкі самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года быў узгоднены чацвёрты пакет санкцыяў супраць Беларусі. Тады Еўрапейская рада заклікала авіяцыйныя ўлады і кампаніі ЕЗ спыніць выкарыстоўваць беларускаю паветраную прастору і забараніць беларускім самалётам уваходзіць у паветраную прастору краінаў ЕЗ ды выкарыстоўваць іх аэрапорты. ЕЗ прыняў новыя санкцыі супраць Беларусі 21 чэрвеня. Яны павялічылі агульны санкцыйны спіс на 78 фізічных і 8 юрыдычных асобаў. Праз некалькі дзён былі ўведзеныя «сектаральныя санкцыі».

Пяты пакет санкцыяў увялі пасля таго, як у жніўні 2021 года на мяжы Беларусі і ЕЗ пачаў развівацца міграцыйны крызіс. Пасля яго эскалацыі ўвосень, у лістападзе 2021 года, Рада ЕЗ пашырыла абмежавальныя захады супраць беларускіх юрыдычных і фізічных асобаў, якія «арганізуюць ці дапамагаюць рэжыму Лукашэнкі арганізаваць незаконнае мінанне межаў ЕЗ». У пачатку снежня ЕЗ прыняў пяты пакет санкцыяў супраць Беларусі – «за парушэнні правоў чалавека і інструменталізацыю мігрантаў», павялічыўшы санкцыйны спіс на 17 фізічных і 11 юрыдычных асобаў, у тым ліку кампанію «Белавія», некаторыя гатэлі і турыстычныя фірмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты каля лагістычнага цэнтру «Брузгі» ў Гарадзенскай вобласці, Беларусь.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Шосты пакет санкцыяў супраць Беларусі быў звязаны з пачаткам расейска-ўкраінскай вайны. Еўрапейская рада заклікала да «неадкладнага рыхтавання і прыняцця далейшых індывідуальных і эканамічных пакетаў санкцыяў, што таксама закрануць Беларусь». Санкцыйны спіс папоўніўся 22 высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўзброеных сілаў «з прычыны іхнай ролі ў прыняцці пастановаў і стратэгічным планаванні, якія прывялі да залучэння ў расейскую агрэсію супраць Украіны». Таксама былі ўведзеныя новыя абмежаванні ў гандлі ў галіне тытунёвых вырабаў, прадуктаў з жалеза, сталі і гумы, дрэваапрацоўчай і цэментнай прамысловасці. Таксама 9 сакавіка ЕЗ пашырыў абмежавальныя захады супраць беларускага фінансавага сектару: адлучэнне некаторых банкаў ад SWIFT, забарона трансакцыі з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, забарона надаваць Беларусі еўрабанкноты ды іншае.

У чэрвені 2022 года ЕЗ зацвердзіў сёмы пакет санкцыяў у дачыненні Беларусі. Санкцыйны спіс быў павялічаны на 12 фізічных і 8 юрыдычных асобаў, якіх абвінавацілі ў «рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі» або ў «атрыманні выгады і падтрыманні рэжыму Лукашэнкі».

Такім чынам, санкцыі Еўразвязу супраць Беларусі на гэты момант дзеюць у дачыненні 195 фізічных і 35 юрыдычных асобаў. Ад сістэмы SWIFT адлучаныя чатыры беларускія банкі: «Белінвестбанк», Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, «Дабрабыт» і «Белаграпрамбанк».

Алена Рувіна / Авер belsat.eu

Стужка навінаў