«Побач з намі арышт адбывалі прусакі, клапы і вошы». Мікалай Заяц распавёў пра ўмовы на Акрэсціна


Былы прэсавы сакратар Купалаўскага тэатру Мікалай Заяц, які пасля 26 содняў за кратамі эвакуяваўся з Беларусі, расказаў «Белсату» пра цяперашнія ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Сядзеў там з адвакатамі, настаўнікамі, бізнесоўцамі. Спаў на падлозе, бо ў чатырохмясцовай камеры маглі быць да 24 чалавек.

Мікалай Заяц.
Фота: linkedin.com

«У нейкі момант мы налічылі, што палову камеры складаюць асобы з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, у гэтай палове быў і я. Другая частка зняволеных мелі па адной вышэйшай. Так было ў маёй апошняй камеры. Я памяняў тры камеры», – кажа Мікалай Заяц.

«Усе былі махальнікамі рукамі»

Мікалаю Зайцу – 25 гадоў. Ён скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію кіравання пры прэзідэнту. Як журналіст працаваў у розных СМІ, займаў пасаду рэдактара на першым нацыянальным канале Беларускага радыё. НДТРК пакінуў у лютым 2020-га. У жніўні таго ж года – яшчэ да 9 жніўня – уладкаваўся прэс-сакратаром у Купалаўскі тэатр. Праз некалькі тыдняў працы быў выведзены з часткаю калектыву, як сцвярджае, у прастой, у якім заставаўся аж да канчатковага звальнення ў сакавіку 2021-га.

Праз два гады, 13 сакавіка 2023-га, у кватэры, дзе жыў Мікалай, адбыўся ператрус:

«Прыехалі раніцаю, правялі ператрус і пасля гэтага адразу завезлі ў Ленінскі РУУС Менску. Склалі адміністратыўны пратакол за «хуліганку» паводле артыкулу 19.1 КаАП, бо аказалася, што я размахваў рукамі».

За «размахванне рукамі» Зайцу прысудзілі 12 содняў, але 25 сакавіка, калі ён павінен быў вызваліцца, на выхадзе з Акрэсціна яго зноў чакалі супрацоўнікі РУУС. Зноў угледзелі «размахванне», адвезлі ў пастарунак і дадалі яшчэ 14 содняў.

«На Акрэсціна цяпер часта так робяць. Разам са мною быў хлопец, які чатыры тэрміны запар сядзеў паводле такой жа схемы. Пратаколы таксама больш-менш падобныя, з адрозненнем хіба часу і даты «правапарушэння». У камеры жартавалі, калі высветлілася, што большая частка мае паўторныя пратаколы за «хуліганку»: маўляў, адзін да аднаго лепш блізка не падыходзьце, бо можаце атрымаць – тут рукі ўва ўсіх доўгія. Карацей, усе былі махальнікамі рукамі», – распавядае Мікалай.

«Шконкі называлі грылямі»

У першай камеры, разлічанай на чатырох чалавек, былі адначасова 24 чалавекі. Спаць на турэмных шконках, якія ў камеры называлі грылямі, было немагчыма, бо пасцельных рэчаў і падушак палітычным не выдавалі.

ІЧУ на Акрэсціна.
Фота: Белсат

«Таму амаль месяц я спаў на падлозе. Побач з намі адміністратыўны арышт адбывалі прусакі, клапы і вошы – праз нейкія нявызначаныя, відаць, правапарушэнні», – жартуе Мікалай.

Кажа, што фізічная сіла на Акрэсціна таксама ўжываецца, але найбольшыя пакуты прыносіў псіхалагічны гвалт. Два разы за ноч палітычных будзілі на пераклічку – а 2:00 і 4:00. Тыдзень такіх пераклічак – і чалавек адчувае сябе вычарпаным і знясіленым праз недасыпанне:

«Парушаюцца асноўныя фазы сну. Было цяжка. Таму ў першай палове дня ніхто амаль не размаўляў – людзі намагаліся ўзнавіцца пасля ночы, кампенсаваць гэты сон хаця б маўчаннем. Бо прымаць гарызантальнае становішча ўдзень было забаронена».

У камерах на Акрэсціна Мікалай пазнаёміўся з шмат кім. Сядзеў з адвакатам Арцёмам Сям’янавым, які бараніў у свой час палітычных вязняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса ды іншых (Арцёма Сямʼянава затрымалі ў канцы сакавіка, некалькі разоў яму прысуджалі 15 содняў арышту).

«Гэта вельмі станоўчы чалавек, які, нягледзячы на маральныя і фізічныя цяжкасці, быў душою кампаніі, чалавекам, які заўжды падтрымліваў іншых. Было з ім прыемна пазнаёміцца і нават сядзець, скажам так. Мы жартавалі яшчэ, што вось, маўляў, да палітычных на Акрэсціна не пускаюць адвакатаў, а мы маем свайго і штогадзінныя кансультацыі. Такі вось прывілей», – кажа суразмоўца «Белсату».

Згадвае таксама сустрэчу з намеснікам кіраўніка асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь» Сяргеем Заслаўскім, які трапіў на «содні» і пазіцыянаваў сябе ў камеры як чалавек, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

«А сядзеў разам з палітычнымі. Таму такая цяпер сітуацыя ў Беларусі, што палітычнымі могуць стаць і тыя, хто падтрымлівае ўладу», – заўважае Мікалай.

«Атмасфера напружанасці і пільнасці ў Беларусі»

Атмасферу, якая пануе цяпер у Беларусі, называе наэлектрызаванай і напружанаю. У сталіцы павялічылася колькасць вонкавых камераў назірання і дзяржаўных сцягоў.

Людзі ідуць уздоўж праспекту Незалежнасці, упрыгожанага да 9 траўня. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«Тыя ж камеры ціснуць, і псіхалагічна ты не можаш расслабіцца. Хаця чалавек распавядзе пра свае справы і можа сказаць, што ўсё нармальна, але пры гэтым на яго будуць глядзець 10 камераў. Вось гэтае адчуванне напружанасці і пільнасці – гэта рэаліі апошняга часу. Я яшчэ не адышоў ад гэтага», – гаворыць былы прэсавы сакратар Купалаўскага тэатру.

Мікалай дасюль не разумее, на якой канкрэтнай падставе быў затрыманы сілавікамі ў сакавіку. Мяркуе, што рэпрэсіўны механізм магла запусціць спроба памяняць пашпарт за некалькі тыдняў да затрымання:

«Напэўна, у іхных базах неяк гэта прабілася. А чаму і навошта затрымлівалі – складанае пытанне. Хаця цікавасць была да мяне і раней, але абыходзілася без затрыманняў».

Пра допыты ў звязку з нібыта заведзенаю на Мікалая справай аб здрадзе дзяржаве, пра якія паведамлялі СМІ, ён гаварыць адмовіўся, спасылаючыся на падпіску пра нераспаўсюд інфармацыі.

Пасля 26 содняў, праведзеных на Акрэсціна, Мікалай Заяц тэрмінова эвакуяваўся з Беларусі, цяпер беларус у бяспецы.

«Вы, на жаль, у тэатры працаваць не зможаце»

Мікалай расказвае, што з былымі купалаўцамі, якія звольніліся з тэатру падчас пратэстаў, мае добрыя стасункі, але пакуль што кантактаў з імі за межамі Беларусі не наладжваў. Не звязваўся і з былым кіраўніком тэатру Паўлам Латушкам, які ўлетку 2020 года прымаў яго на працу:

«Я з самога пачатку працаваў у тэатры на сумяшчальніцтве, бо меў яшчэ адну працу. Перад выбарамі мяне якраз меліся аформіць на поўную занятасць. Але падзеі ў 2020 годзе сарвалі працэс афармлення дакументаў. У канцы жніўня мяне, як і большую частку калектыву, вывелі ў прастой, з якога я ўжо не выходзіў. То бок фактычна я са жніўня ў тэатры не працаваў – проста лічыўся ў штаце.

Дый працаваць з новым кіраўніцтвам не збіраўся. З цяперашнім дырэктарам Купалаўскага Аляксандрам Шастаковым бачыліся падчас майго звальнення. Ён проста сказаў: «Мікалай, вы, на жаль, у тэатры працаваць не зможаце».

Афіцыйна Мікалая звольнілі з Купалаўскага тэатру ў сакавіку 2021 года. Працаваў таксама прэсавым сакратаром арганізацыі «Беларускі Чырвоны Крыж». У якасці журналіста супрацоўнічаў з незалежнымі і дзяржаўнымі выданнямі: TUT.by, БелТА, НДТРК. Браў інтэрвʼю ў былога прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсы. У 2019 годзе быў акрэдытаваны для працы ў Данецку.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў