АМАП затрымаў свайго інструктара па сілавой падрыхтоўцы Заслаўскага. Цяпер ён на Акрэсціна


У ізалятар часовага ўтрымання для адбывання содняў сілавікі адправілі намесніка кіраўніка асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь» Сяргея Заслаўскага. Ён вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю і публічнай дэманстрацыяй прыхільнасці рэжыму Лукашэнкі. І раптам вось такое. Аб арышце паведамляе «Наша Ніва».

Затрыманы любіў фатаграфавацца з высокімі чынамі сілавых структураў. На здымку: кіраўнік менскага АМАПа Дзмітрый Балаба, Сяргей Заслаўскі (у цэнтры) і памочнік Лукашэнкі па Менску, былы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў.
Фота: nashaniva.com

12 красавіка стала вядома, што намесніка кіраўніка асацыяцыі ветэранаў спецназу «Честь» Сяргея Заслаўскага адправілі адбываць адміністратыўны арышт на Акрэсціна. Яго абвінавацілі паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі») і пакаралі 15 соднямі арышту. Як сцвярджае выданне, Заслаўскага затрымлівалі тыя самыя амапаўцы, для якіх ён вядзе семінары па сілавой падрыхтоўцы.

Імаверная прычына затрымання – допіс у сацсетках: Заслаўскі быццам бы перадрукаваў артыкул пра свае спартовыя дасягненні з рэсурсу, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Чаму і як мацёры сілавік-ябацька насарэч трапіў на Акрэсціна – загадка. Аднак яго паплечнікі кажуць, што гэта «падстава» і «ганьбішча», з якімі будуць разбірацца пасля таго, як Заслаўскі выйдзе на волю.

Сяргей Заслаўскі – актывіст усіх дэкаратыўных рухаў у падтрымку Лукашэнкі. Інструктар спецпадраздзяленняў, маёр унутраных войскаў, любімчык АМАПу. На ягоным персанальным сайце мноства фатаграфіяў з цяперашнімі і былымі кіраўнікамі сілавых структураў.

Вядома, што Заслаўскі мае сяброўскія адносіны з Дзмітрыем Паўлічэнкам, былым камандзірам вайсковай часткі 3214, якога падазраюць у выкананні палітычных забойстваў канца 1990-х і пачатку 2000-х. Пра ступень іх блізкасці гаворыць тое, што Заслаўскі стаў намеснікам Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназу МУС «Честь».

Антон Тачняк belsat.eu

 

Стужка навінаў